Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забужка: Замена ў Крамлі Пуціна на ўмоўнага Сідарава можа толькі зацягнуць агонію Расеі


Украіна стала ахвярай вайны ў тым ліку і з прычыны беспрынцыповасьці, шматгадовай арыентацыі на Расею кіроўнай палітычнай клясы Ўкраіны. Гэта канстатавала ў інтэрвію карэспандэнту ўкраінскай Свабоды Аляксандру Лашчанку ўкраінская пісьменьніца Аксана Забужка.

Гэта значыць, Украіна зазнала «адкладзеную вайну». Але выпрабаваньне ўкраінцы вытрымліваюць — насуперак палітыкам, панесеным стратам і таму, што Захад спачатку маляваў што да Расеі «катоў Леапольдаў» (паводле словаў пісьменьніцы). Украінцы перамаглі ў бітве, але шлях да перамогі ў вайне можа быць доўгім. А замена ў Крамлі Пуціна на ўмоўнага Іванова, Пятрова, Сідарава, які абвесьціць новую «перабудову», можа толькі зацягнуць агонію апошняй рэсурсавай імпэрыі — Расеі.

— Спадарыня Забужка, для вас, напэўна, самая галоўная падзея апошняга часу — гэта прэзэнтацыя вашай кнігі «Пасьля трэцяга званка ўваход у залю забараняецца»...

— Гэта сапраўды добрая навіна, што людзі цікавяцца, што гэтая кніга ўжо прадаецца... Але аказваецца, што вось гэтая самая мая гераіня зь яе няшчасным дабрабытам, зь яе шкілетамі ў шафе, якія кожны ў маім пакаленьні мае, і з гэтай галоўнай праблемай, чаму мы не распавялі нашым дзецям праўду пра Савецкі Саюз часоў нашага дзяцінства і юнацтва...

— І маем цяпер вынік у тым ліку?

... чаму мы не падрыхтавалі нашых дзяцей да той вайны, якая павалілася ім на плечы, чаму мы сталі пакаленьнем, так бы мовіць, адкладзенай вайны. Мы, якія будавалі для сябе і для сваіх дзяцей гэтыя 20 гадоў зону камфорту, а між тым усе гэтыя шкілеты ў шафе, як у маёй гераіні, цяпер пачынаюць выпадаць і вывальвацца. Аказваецца, што ў гэты час нашы ўжо маюць сваю вайну.

— І сапраўдныя шкілеты — 10000 толькі загінулых, у гэтай вайне.

— Там трошкі больш складаныя шкілеты.

— Я нават не пра вашу кнігу кажу, а пра гэтую вайну ўжо.

— У гэтай вайне папраўдзе больш параненых мазгоў, чым забітых людзей. Давайце паставім пытаньне ў рэжыме іншай гістарычнай альтэрнатывы. А давайце, калі б 25 гадоў тыя самыя палітыкі не паставілі краіну на паўзу і не чакалі, што ім іх маскоўскія куратары скажуць, што «мы вяртаемся, хлопцы — мы адыгрываем». Або «мы не адыгрываем», значыць, «разыдзецца ці рассмокчацца». Калі б яны, закасаўшы рукавы, прабачце, тую самую мяжу з Расеяй будавалі, то сёньня там хлопцы не павінны былі б, на тым мяжы, стаяць жывым мясам. Таму рэальна гэта тое, што яны там сёньня робяць.

Але вайна, прабачце, працягвалася ўсе гэтыя 20 гадоў. Інфармацыйная вайна катком па мазгах, вайна з калянізацыяй украінскай прасторы інфармацыйнай, культурнай, адукацыйнай. Я пра гэта казала. Прынамсі, апошнія 15 гадоў нон-стопам. Так што мне самой ужо надакучыла казаць пра гэта. І ў гэтым сэнсе, скажам, пачатак гарачай вайны мяне вызваліў ад неабходнасьці казаць усё тое, што я 15 гадоў, як тая самая Касандра на Скейскай браме, крычала.

— Вас яшчэ і «аранжавай Касандрай» называлі.

— Было такое. Але 15 гадоў я крычала: дапамажыце, дапамажыце, дапамажыце...

— А чаму не слухалі? Вы ж не палітык. Наколькі я ведаю, вы ўжо і адмовіліся ад любых спробаў, каб вас далучалі да нейкіх там палітычных, партыйных сьпісаў. Але вашыя назіраньні, сапраўды, як пісьменьніцы. «Інжынэр чалавечых душ» — гэта, можа, фраза не такая ўжо і дарэчная...

-— ... ня цытуеце таварыша Сталіна..

— Але ўсё роўна вы можаце ў людзях іх матывы прааналізаваць, у тым ліку так званай «эліты» украінскай. Ня толькі цяперашняй, ня толькі пры Януковічы, але і да Януковіча. Чаму так? Проста купіла іх Масква?

— На слова «эліта» я наогул наклала б мараторый. І пакінула б яго толькі для сельскай гаспадаркі і жывёлагадоўлі. Элітныя пароды жывёлы, элітныя пароды збожжавых — хай будзе.

— Кіруючая вярхушка.

— Давайце казаць «палітычны кляс». То бок, людзі, якія па ідэі павінны быць як бы топ-мэнэджарамі дзяржаўнага ўзроўню, вось гэтыя самыя кіраванцы. Справа ў тым, што ў маштабах цэлай сучаснай цывілізацыі зьяўляецца крызіс палітычнага клясу. Украіна не зьяўляецца востравам. Украіна не зьяўляецца нейкім замкнёным...

— Рэнэсанс ультраправых маеце на ўвазе ў прыватнасьці?

Ня толькі. Гэты самы рэнэсанс так званых ультраправых ці вось гэтая кансэрватыўная контррэвалюцыя, ці як яе там назавіце, гэты адкат быццам назад, які яшчэ з двухтысячнага, дарэчы, інтэлектуалы і пісьменьнікі ў тым ліку на Захадзе, па меншай меры нейкія самыя праніклівыя паміж імі, заўважалі, дыягнаставалі... Напрыклад, Умбэрта Эка пра гэта пісаў шмат, цэлая кніга ў яго ёсьць, аб павароце гадзін назад. Гэта значыць бываюць вось такія сытуацыі. Прагрэс зусім не зьяўляецца гэтай лінейнай прамой.

— Ківач, калі заўгодна...

— Можа быць ківач. Можа быць трохі наперад, трохі назад. Можа вярнуцца туды, можа зрабіць пятлю і гэтак далей. То бок, усе гэтыя гістарычныя працэсы, калі на іх глядзець у фармаце, як там бывае часам у «YouTube», гісторыя кантынэнту за 5 хвілінаў або гісторыя кантынэнта за 2 хвіліны. Але гэта на самай справе цікава — так думаць і так сабе ўяўляць гэтыя працэсы, як яны рухаюцца, як яны разгортваюцца, бачыць сюжэт. Вось дзе перавага пісьменьніка! Бачыць сюжэт, які доўжыцца даўжэй, чым адно чалавечае жыцьцё. Які захоплівае, скажам, адно стагодзьдзе, два стагодзьдзі, тры стагодзьдзі.

— Спадарыня Забужка, усе вобразы зараз успамінаюць, гэтыя вядомыя фразы ўсім — 40 гадоў Майсей вадзіў па пустыні народ, каб ён пазбавіўся ад рабства. Украіна 40 гадоў... не прайшло ці што?

— Гэта таксама мэтафара.

— А колькі Украіне трэба гадоў? Ужо 26 прайшло. Будзе 27.

— Вы хочаце прагнозу?

— Хоць бы агульнага. Яшчэ няма канчатковага пераможца ў гэтай вайне, якую разьвязала Расея супраць Украіны. І яшчэ цяжка нешта прагназаваць.

— Так.

— Нягледзячы на ўсе заходнія санкцыі, не трэба перамяншаць моц агрэсара. І Пуцін не зьбіраецца адступаць. І на гэтым тыдні ўжо падзея — вось гэтая яго прэс-канфэрэнцыя. «Расейскай арміі няма на Данбасе», «адзіны народ» — усе гэтыя мэсэджы ён нястомна даказвае. Хоць папярэдне можна вызначыць, ну не пераможцы, а хто бліжэй да перамогі: Украіна ці Расея? Ці...?

— Прабачце, бітву мы выйгралі. Мы яшчэ ня выйгралі вайну. Але гэтай вайне (на хвілінку!) — хто лічыць 100 гадоў, пачынаючы з 1920-га, хто лічыць 300 гадоў, пачынаючы ад Батурына і ад паразы Мазэпы. Але па вялікім рахунку, бітву мы выйгралі, але вайну яшчэ не.

Больш за тое, нават калі замест Пуціна будзе нейкі ўмоўны «новы Гарбачоў», якога гэтая «кіроўная карпарацыя» выставіць, як «ляльку», на вочы Захаду — а цяпер у нас дэмакратызацыя, а зараз давайце мы з «чалавечым тварам» увесь нэгатыў, у тым ліку адказнасьць за парушэньне міжнароднага права і па анэксіі Крыма, і за войскі ў Данбасе будзе скінутая на Пуціна, які...

— Гэта, калі казаць рускай прыказкай, «тех же щей, да пожиже влей».

— Быццам «новая перабудова», толькі санкцыі здыміце. Такі сюжэт таксама магчымы ў прынцыпе. Я яго зусім не выключаю. Ніхто не павінен выключаць. І я думаю, што трэба проста ўсьвядоміць, што пытаньне толькі ў тым, яна (Расея — рэд.) разваліцца праз 10 гадоў, ці праз 5 ці праз 3?

Гэта пытаньне як раз нашых жыцьцяў! Таму што з пункту гледжаньня гістарычнай дыстанцыі нібыта ўсё роўна, праз 20 гадоў або праз 10. Расслабляцца, што замена Пуціна на нейкага Іванова, Пятрова, Сідарава, які абвесьціць «новую перабудову», можа толькі падоўжыць агонію, зацягнуць агонію апошняй рэсурснай імпэрыі, якая зьяўляецца абсалютна нежыцьцяздольнай.

— А для нас з вамі і для нашых гледачоў, чытачоў гэта мае значэньне. Так.

— Чалавек сьмяротны і жыве ў сярэднім 70 гадоў на гэтай плянэце. Актыўных і сьвядомых зь іх, калі пашанцуе, 50. Адпаведна ў маштабах чалавечага жыцьця чакаць 20 гадоў — гэта вельмі шмат. І 10 гадоў — гэта вельмі шмат. Таму наша задача — рабіць усё, каб паскорыць канец гэтай самой імпэрыі.

Гэта значыць павінна быць адказнасьць за гэты самы Будапэшцкі мэмарандум, краіны, лічаць сябе гэтымі самымі «жандарамі» і «вартавымі сабакамі» дэмакратыі, тыя ж ЗША, Вялікабрытанія і Кітай. Якія падпісвалі, якія былі супольнымі падпісантамі Будапэшцкага мэмарандуму, павінны былі б, прабачце, а не прыкусіць язычкі, апусьціць вочкі ўніз і нешта казаць пра тое, што «давайце жыць дружна», рабіць з сябе гэтых самых «катоў Леапольда», а мелі б адразу рашуча і катэгарычна агрэсару даць па руках.

Таму што інакш гэта адкрытыя дзьверы для ўсіх паўночнах карэй, для кожнага Самалі і для кожнага Зымбабвэ, паказчык, толькі зброяй, толькі размахваючы вось гэтай ядзернай бітай... На самой справе ніякага парадку няма, хто моцны, той мае рацыю. Вось гэта заяўка Расеі 2014 году. Заяўка вельмі небясьпечная. Сапраўды. Гэта адчыняюцца дзьверы — прывітаньне, хаос, прывітаньне, агонь, прывітаньне, пажар!

Арыгінал інтэрвію карэспандэнтка ўкраінскай Свабоды Аляксандра Лашчанкі ТУТ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG