Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд у Добрушы спыніў адміністрацыйную справу супраць журналіста-фрылансэра Жукоўскага


Кастусь Жукоўскі
Кастусь Жукоўскі

Суд Добрускага раёну 15 сьнежня разгледзеў адміністрацыйны пратакол, складзены міліцыяй у дачыненьні да гомельскага журналіста-фрылансэра Кастуся Жукоўскага.

Яго абвінавачвалі па арт. 22.9 КоАП у незаконным вырабе прадукцыі СМІ праз супрацоўніцтва з польскім тэлеканалам «Белсат».

Як паведаміў агенцтву БелаПАН Жукоўскі, судзьдзя Яўген Мартынаў вырашыў спыніць адміністрацыйную справу з прычыны адсутнасьці складу правапарушэньня.

Паводле слоў журналіста, на судзе выступаў сьведкам прадстаўнік УУС Гомельскага аблвыканкаму Ільля Крук. Ён заявіў, што правапарушэньне было выяўлена шляхам маніторынгу інтэрнэту. «На маё пытаньне, на якой падставе ён маніторыць інтэрнэт, міліцыянэр адказаў, што па ўласнай ініцыятыве», — адзначыў фрылансэр.

У адміністрацыйнай справе былі дакумэнты, што Жукоўскі, як і яшчэ пяць жыхароў Гомеля, у тым ліку Андрэй Толчын, Марыя Булавінская і Ларыса Шчыракова, не зьяўляюцца журналістамі «Белсату», акрэдытаванымі пры МЗС.

«Калі мы не зьяўляемся журналістамі „Белсату“, то што нам тады ставяць у віну?» — сказаў Жукоўскі. Ён не адмаўляе, што здымаў у Добрушы відэа пра тое, як мясцовыя жыхары замест зарплаты атрымліваюць талёны на прадукты, але не адказвае за ўвесь інтэрнэт і СМІ, якія могуць выкарыстоўваць гэтае відэа.

«Слаба мне верыцца, што судзьдзя нешта сам вырашае. Можа, такое рашэньне зьвязана з тым, што рыхтуюцца магчымыя зьмены ў закон аб СМІ. А можа, гэта чарговая паказуха для Захаду, што ў нас ідзе лібэралізацыя, а потым увогуле забароняць фрылансам займацца. А можа, судзьдзі ўсё надакучыла ці ён зьбіраецца звальняцца», — выказаў меркаваньне Жукоўскі.

У лістападзе судзьдзя Гомельскага абласнога суду Мікалай Бакуноў адмяніў пастанову судзьдзі Жлобінскага раёну Валянціны Сапоновай аб накладаньні на журналіста штрафу за «незаконны выраб і распаўсюджваньне прадукцыі СМІ». Адміністрацыйная справа была накіраваная на новы разгляд у той жа суд іншаму судзьдзі.

11 верасьня раённы суд у Жлобіне абвінаваціў фрылансэраў Жукоўскага і Толчына ў «незаконным апытаньні» жыхароў вёскі Пірэвічы і пакараў штрафам.

Сёлета суды штрафавалі гомельскага фрылансэра за супрацоўніцтва без акрэдытацыі з польскім спадарожнікавым тэлеканалам «Белсат» 12 разоў. Агульная сума штрафаў наблізілася да 9 тыс. рублёў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG