Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Азаранка вяртаецца на корт. Яе запрасілі ў асноўную сетку Адкрытага чэмпіянату Аўстраліі


Вікторыя Азаранка, архіўнае фота

Экс-першая ракетка сьвету Вікторыя Азаранка атрымала wild card на ўдзел у Адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі, паведамляе прэс-служба турніру.

«Бягучая сытуацыя ў Вікі, відавочна, вельмі складаная, і мы пастараліся зрабіць усё магчымае, каб дапамагчы ёй. Мы далі ёй wild card (асаблівае запрашэньне спартоўцу, які не прайшоў агульную кваліфікацыю на спаборніцтва, выдаецца арганізатарамі турніру на падставе іншых выступаў, глядацкіх сімпатыя ці іншых паказьнікаў — РС) як двухразовай пераможцы Australian Open і зь нецярпеньнем чакаем сустрэчы зь ёй на кортах Мэльбурну ў студзені», — сказаў дырэктар турніру Крэйг Тайлі.

«Гэта быў цяжкі год, і магчымасьць вярнуцца на Australian Open стане сапраўды пазытыўным пачаткам 2018 году», — паведаміла Азаранка.

Тэнісістка сказала, што зь нецярпеньнем чакае, калі вернецца ў Мэльбурн для ўдзелу у чэмпіянаце Australian Open. «Гэта мой любімы турнір. Я перамагала там двойчы, і заўсёды адчуваю сябе так камфортна на корце, і горад цудоўны».

Азаранка ў жніўні абвясьціла, што ня выступіць на US Open з прычыны судовага працэсу з былым цывільным мужам з нагоды апекі над іхным агульным сынам.

У ліпені Вікторыя Азаранка разышлася зь Білі Маккінгам, бацькам яе сына Леа Аляксандра. Пасьля разрыву Маккінг зьвярнуўся ў суд Лос-Анджэлеса наконт «крадзяжу дзіцяці», на падставе чаго было прынятае рашэньне: на час разгляду справы аб апякунстве хлопчык ня можа пакідаць горад.

З-за судовага працэсу беларуска прапусьціла ўсю летне-асеннюю сэрыю амэрыканскіх турніраў, змаганьні ў Азіі і фінал Кубку фэдэрацыі, у якім зборная Беларусі прайграла ЗША.

Вікторыя Азаранка 10 разоў выступала на адкрытым чэмпіянаце ЗША. Найлепшым дасягненьнем беларускі на гэтым турніры зьяўляюцца два выхады ў фінал у 2012 і 2013 гадах, у абодвух матчах яна прайграла амэрыканцы Сэрэне Уільямс. На дадзены момант беларуска займае 210-е месца ў рэйтынгу WTA.

Australian Open адбудзецца у 2018 годзе з 15 па 28 студзеня.

XS
SM
MD
LG