Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Азаранка зьнялася з US Open. Прычына — суд за апякунства над сынам


Вікторыя Азаранка

Найлепшая беларуская тэнісістка, былая першая ракетка сьвету Вікторыя Азаранка афіцыйна заявіла пра тое, што ня будзе ўдзельнічаць у Адкрытым чэмпіянаце ЗША (US Open), адным з чатырох турніраў «Вялікага шлему».

«З сумам паведамляю, што не змагу ўзяць удзел у сёлетнім US Open у сувязі зь сямейнымі праблемамі, вырашэньнем якіх вымушана цяпер займацца. Буду моцна сумаваць па Нью-Ёрку і адным з маіх самых любімых турніраў, на якім я перажыла найлепшыя моманты сваёй кар’еры. Зь нецярпеньнем чакаю свайго вяртаньня сюды налета», — цытуе Азаранку афіцыйны сайт WTA.

Ня так даўно стала вядома, што ў ліпені Вікторыя Азаранка разышлася зь Білі Маккінгам, бацькам яе сына Леа Аляксандра. Пасьля разрыву Маккінг зьвярнуўся ў суд Лос-Анджэлеса наконт «крадзяжу дзіцяці», на падставе чаго было прынятае рашэньне: на час разгляду справы аб апякунстве хлопчык ня можа пакідаць горад. Адпаведна, удзел тэнісісткі ў US Open можа азначаць, што яна будзе вымушана адмовіцца ад кантактаў з сынам на час турніру.

Паводле адвакаткі Азаранкі Лаўры Васэр, спаборніцтвы будуць праходзіць у Нью-Ёрку з 28 жніўня па 10 верасьня, а суд можа зацягнуцца мінімум да кастрычніка.

17 жніўня Азаранка апублікавала ў «Фэйсбуку» заяву пра сямейныя праблемы, якія могуць перашкодзіць ёй выступіць на US Open.

«Сьнежаньскі дзень, калі нарадзіўся мой сын Леа, — гэта самы шчасьлівы дзень у маім жыцьці, — напісала Вікторыя Азаранка. — З таго часу я па-новаму гляджу на маладых бацькоў, у якіх з нараджэньнем дзяцей паўстае столькі розных абавязкаў. Але, як і большасьць мамаў, якія працуюць, я апынаюся, нягледзячы на маю бязьмежную любоў да сына, у сытуацыі складанага выбару, якая можа адтэрмінаваць маё вяртаньне да працы».

Тэнісістка прапанавала аплаціць Маккінгу праезд і пражываньне падчас US Open, аднак судзьдзя адмовіў. Пры гэтым суд у Лос-Анджэлесе не зьбіраецца перадаваць справу на разгляд у Беларусь, на што да апошняга спадзявалася спартоўка.

Вікторыя Азаранка 10 разоў выступала на адкрытым чэмпіянаце ЗША. Найлепшым дасягненьнем беларускі на гэтым турніры зьяўляюцца два выхады ў фінал у 2012 і 2013 гадах, у абодвух матчах яна прайграла амэрыканцы Сэрэне Уільямс.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG