Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статкевіча затрымалі на мяжы, надзелі кайданкі, але праз паўгадзіны вызвалілі


Лідэр «Беларускага нацыянальнага кангрэсу» Мікола Статкевіч з жонкай ехаў у Літву па асабістых справах. Каля 7 гадзінаў раніцы 12 сьнежня на памежным пераходзе Лоша Статкевіча затрымалі, закавалі ў кайданкі, не патлумачыўшы прычыны. Праз паўгадзіны яго, зноў жа без тлумачэньня прычынаў, вызвалілі.

Мікола Статкевіч кажа Свабодзе, што звычайна карыстаецца гэтым жа пераходам, калі едзе ў Літву, але раней такіх затрыманьняў не было:

«Звычайна кажам: праверце, ці выязныя мы, — расказвае Статкевіч. — Што дакласьці пра нас трэба і што на іхным экране будзе чырвоная паласа, мы ведаем.

Кажу, „вы ўжываеце спэцсродкі, то назавіце прычыну“. Адказваюць, „у нас ёсьць сакрэтная інструкцыя, альгарытм дзеяньняў“
Мікола Статкевіч пра затрыманьне

А тут раптам сказалі загнаць машыну на стаянку, замкнулі з усіх бакоў, надзелі на мяне кайданкі без тлумачэньня прычынаў. Кажу: „Вы ўжываеце спэцсродкі, то назавіце прычыну“. Адказваюць: „У нас ёсьць сакрэтная інструкцыя, альгарытм дзеяньняў“. Прозьвішчаў яны ня кажуць — толькі нумары. Пакінулі лейтэнанта — лейтэнант уцёк, усе хаваюцца, ніякіх тлумачэньняў. Пытаю, ці маюць права. „Маем“. І што, так кожнаму?».

Статкевіча пратрымалі ў кайданках каля 30 хвілінаў, затым зьнялі іх і адпусьцілі. За гэты час на мяжы ўтварылася чарга, але першы беларус у ёй пазнаў Статкевіча і прапусьціў яго перад сабой, каб той не спазьніўся. Статкевіч гутарыў з карэспандэнтам Свабоды ўжо на літоўскай тэрыторыі.

На думку Статкевіча, магла прыйсьці нейкая каманда на затрыманьне зь Менску, і зь ёй ня ведалі што рабіць; або каманда была старая, скасаваная паўсюль (магчыма, праз беларуска-эўрапейскія стасункі, дадае ён), але выпадкова не скасаваная на гэтым канкрэтным пераходзе.

Ён сумняваецца, што затрыманьне зьвязана з мэтай паездкі, бо едзе не на палітычнае мерапрыемства. Але каманда была, на думку Статкевіча, менавіта на жорсткае, «крымінальнае» затрыманьне з кайданкамі, бо калі б не выпускалі празь нясплочаныя штрафы ці неадседжаныя суткі арышту, затрымлівалі бы мякчэй.

Мяне гэтым шоў, гэтымі фокусамі не зьдзівіць
Мікола Статкевіч пра затрыманьне

«Шкада толькі сваіх блізкіх, — дадае Статкевіч. — Бацька чакае, бо я заўсёды тэлефаную пасьля перасячэньня мяжы, і загадзя кажу час, калі патэлефаную. І жонка перажывае. А мяне гэтым шоў, гэтымі фокусамі не зьдзівіць».

За 2017 год Статкевіча ня раз саджалі на адміністрацыйны арышт за палітычныя акцыі, сумарна ён правёў за кратамі 33 дні. Бывалі выпадкі, што яго (як і іншых палітыкаў) судзілі завочна, і аб прысудзе ён даведваўся не адразу. Бывала і «гульня суткамі»: арышты, зробленыя не адразу, а адкладзеныя на невядомы тэрмін.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG