Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Полацкіх актывістаў незалежнага прафсаюзу дыскрэдытуюць у сацыяльных сетках


Актывісты Свабоднага прафсаюзу беларускага Мікола Шарах (зьлева) і Віктар Стукаў, архіўнае фота

Сябраў незалежнага прафсаюзу Мікалая Шараха і Віктара Стукава невядомыя цкуюць праз сацыяльныя сеткі.

Апошнімі днямі актывісты Свабоднага прафсаюзу беларускага з «Полацак-Шкловалакна» вядуць «кампутарныя войны». Невядомыя стварылі фальшывыя старонкі намесьніка старшыні арганізацыі Мікалая Шараха ва ўсіх папулярных сацсетках і пішуць ад ягонага імя паклёпніцкія лісты. Спадар Шарах лічыць гэта спробай дыскрэдытаваць СПБ і падарваць аўтарытэт прафсаюзу сярод рабочых.

Віртуальная атака

Мікалай Шарах
Мікалай Шарах

​«Кампутарны наступ» на полацкіх актывістаў СПБ аказаўся вельмі актыўны. Былі створаныя фэйкавыя акаўнты Мікалая Шараха ў Facebook (ён ужо выдалены адміністрацыяй) і «Ўкантакце» (скарга разглядаецца). Невядомыя нават змантавалі відэаролік, узяўшы за аснову відэашэраг зь сюжэту пра Шараха і Стукава на «Белсаце», і выклалі яго на YouTube. Пасьля скаргі галоўных герояў ён быў выдалены з каналу, але асобныя часткі яшчэ «гуляюць» па Twitter і некаторых полацкіх суполках «УКантакце».

Бээнэфавец і грэка-католік, прафсаюзны лідэр Шарах застаўся бяз працы, бо бараніў іншых

Лістам, нібыта напісаным ад імя Міколы Шараха, знаёмыя не далі веры: ён прынцыпова беларускамоўны чалавек, а лісты складзеныя па-расейску.

Паверыць у напісанае цяжка й таму, што ў лістах — абразы і паклёп на ягонага сябра, іншага полацкага актывіста СПБ Віктара Стукава.

Іхнаму сяброўству не адзін дзясятак гадоў. Абодва яны парафіяне грэка-каталіцкай царквы, разам працавалі на ААТ «Полацак-Шкловалакно», разам атрымалі юрыдычную адукацыю ў ЭГУ, ня раз іх абодвух каралі за грамадзкую дзейнасьць. Абодва — сябры ГА «БАЖ», супрацоўнічаюць зь незалежнымі СМІ, ня кажучы пра тое, што сябруюць сем’ямі.

Віктар Стукаў
Віктар Стукаў

Пераказваць зьмест лістоў Мікалаю Шараху непрыемна.

«Ад майго імя напісана, нібыта мой сябар злоўжывае алькаголем, што ён паквапіўся на „апазыцыйныя грошы“ і ўвогуле нібыта скраў нейкія „прафсаюзныя“ 3 тысячы даляраў ды ўцёк зь імі ў Ізраіль», — кажа прафсаюзны актывіст.

Ён называе гэта «лухтой», якая «можа падмануць хіба толькі тых, хто нас ня ведае».

Рэакцыя на лісты адваротная

Абодва актывісты ў полацкім офісе СПБ
Абодва актывісты ў полацкім офісе СПБ

​Паводле Віктара Стукава, большасьць знаёмых паставілася да «лістоў Шараха» са здаровым гумарам.

«Нават адміністратары суполак пішуць, што гэта фэйк і „падстава“! Але самае непрыемнае, што паклёпнікі зарэгістравалі ад імя Міколы адрас электроннай пошты і зь яго разаслалі тыя самыя лісты ў розныя грамадзкія арганізацыі, як беларускія, так і замежныя. А на дадатак — яшчэ і ў адміністрацыю нашага „Полацак-Шкловалакна“. На прадпрыемстве нам даўно абвясьцілі вайну, і яна ня скончылася нават пасьля таго, як нас зь Міколам звольнілі», — распавёў Стукаў.

Актывісты лічаць, што віртуальныя паклёпы і лжывыя «прызнаньні» створаныя, каб дыскрэдытаваць не кагосьці асабіста, а ўвесь незалежны прафсаюз. Нездарма ў тэксьце прыгадваецца абвешчаны СПБ страйк, якога так апасалася адміністрацыя прадпрыемства. І нездарма аўтар лістоў нібыта ад імя Мікалая Шараха просіць скасаваць прафсаюзную «пярвічку».

«Законных падставаў, каб зачыніць арганізацыю СПБ на прадпрыемстве, проста няма. Вядома, яе існаваньне замінае адміністрацыі, бо мы ўвесь час патрабуем абароны правоў працоўных. Але працуем строга ў межах заканадаўства», — кажа Віктар Стукаў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG