Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Свабодны прафсаюз папярэдзіў кіраўніцтва «Полацак-Шкловалакна» пра доўгатэрміновы страйк. Адказу няма


Віктар Стукаў
Віктар Стукаў

Паводле Віктара Стукава, кіраўніка суполкі Свабоднага прафсаюзу беларускага, страйк на «Шкловалакне» мае распачацца з 1-га лістапада і доўжыцца да канца году:

«Наш прафсаюз накіраваў дырэктару пісьмовае апавяшчэньне пра страйк, як таго патрабуе артыкул 390 Працоўнага кодэксу. Рашэньне пра неабходнасьць страйкаваць было прынятае на канфэрэнцыі рабочых, якую зладзіла заводзкая арганізацыя. Але адказу мы не атрымалі: адміністрацыя прадпрыемства робіць выгляд, што СПБ на „Шкловалакне“ няма. Аргумэнтуе тым, што нашы сябры ня плацяць унёскі праз бугальтэрыю. Аднак мы адмыслова перайшлі да фармату „нефіксаванага сяброўства“, каб абараніць работнікаў ад ціску. У сувязі з нашым паведамленьнем пра страйк мы не выключаем новых рэпрэсій».

Менавіта дыскрымінацыя паводле прафсаюзнай прыкметы стала прычынай будучага страйку, кажа спадар Стукаў. Сяброў СПБ не далучаюць да распрацоўкі нормаў калектыўнай дамовы, ігнаруюцца патрабаваньні наконт умоваў працы, выказаныя прадстаўнікамі незалежнага прафсаюзу. Найбольш актыўных чальцоў проста звольнілі. Сам Віктар Стукаў зьяўляецца вызваленым старшынём прафсаюзнай арганізацыі: ён страціў працу ў 2013-м годзе. Увесну 2016-га быў звольнены ягоны намесьнік Мікола Шарах.

Як плянуецца, страйк будзе «веерны»: работнікі будуць страйкаваць у любой прымальнай для сябе форме. Прыкладам, у асобнай брыгадзе людзі на знак пратэсту могуць працаваць надта марудна, або нехта спыніць працу на пэўны пэрыяд. Такі фармат абароніць страйкоўцаў ад абвінавачаньня ў парушэньні вытворчага цыклю. Права на страйк мае кожны работнік згодна з артыкулам 391 Працоўнага кодэксу, і за парушэньне гэтага права з боку кіраўнікоў прадугледжаная крымінальная адказнасьць.

Паралельна з падрыхтоўкай да страйку прафсаюзныя актывісты распачалі судовы працэс супраць дыскрымінацыі за ўдзел у незалежным прафсаюзе. Сёлета ў верасьні сябры СПБ зьбіраліся правесьці пікет супраць перасьледу лідэраў прафсаюзу РЭП Ігара Комліка і Генадзя Фядыніча. Полацкі райвыканкам забараніў пікет, спаслаўшыся на закон аб масавых акцыях. Аднак актывісты настойваюць, што права ладзіць прафсаюзныя мерапрыемствы гарантавана ім міжнароднымі дакумэнтамі, паводле якіх улады не павінны ўмешвацца ў справы прафсаюзаў.

Віктар Стукаў пасьля падачы заявы ў суд.
Віктар Стукаў пасьля падачы заявы ў суд.

З нагоды забароны Віктар Стукаў зьвярнуўся ў раённы суд, аднак там ягоную пазыцыю не падтрымалі, прызнаўшы рацыю прадстаўнікоў улады. Прафсаюзны лідэр мяркуе, што будзе аспрэчваць рашэньне суду, і ў выніку неабходнасьці гатовы дайсьці аж да Камітэту правоў чалавека ААН. Гэта першы прэцэдэнт, калі прыватная асоба адстойвае свае правы на дзейнасьць у складзе незалежнага прафсаюзу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG