Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд не дапамог актывісту Свабоднага прафсаюзу Мікалаю Шараху аднавіцца на працы


Мікола Шарах
Мікола Шарах

Судзьдзя Зузанна Плакса пастанавіла, што кантракт з былым работнікам ААТ «Полацак-шкловалакно» не працягнулі законна — на падставе ўказаў Лукашэнкі. Патрабаваньні працоўнага заканадаўства суд палічыў другараднымі.

Ужо больш за месяц намесьнік старшыні рэспубліканскага Свабоднага прафсаюзу беларускага Мікалай Шарахбеспрацоўны. Зь ім не працягнулі кантракт, але да сёньняшняга дня не вярталі працоўнай кніжкі. Таму адно з патрабаваньняў да прадпрыемства, выкладзенае ў пазоўным лісьце, — гэта грашовая кампэнсацыя ў памеры сярэднямесячнага заробку за страчаны час, бо ён ня меў магчымасьці без належных дакумэнтаў уладкавацца на новую працу. Апрача гэтага, Мікалай Шарах патрабаваў ад ААТ «Полацак-Шкловалакно» аднаўленьня на ранейшай пасадзе і на ранейшых працоўных умовах, грашовай кампэнсацыі за вымушаны прагул, кампэнсацыі маральнай шкоды ў памеры 10 мільёнаў рублёў, а таксама захадаў адміністрацыі, каб на прадпрыемстве не было дыскрымінацыі па прафсаюзнай прыкмеце.

Ніводнага з гэтых патрабаваньняў суд не задаволіў. Судзьдзя Зузанна Плакса пастанавіла, што кантракт з Мікалаем Шарахам, якому да пэнсійнага ўзросту застаецца ўсяго два гады, не заключылі на законных падставах. Перадусім таму, што ён меў 3 адміністрацыйныя спагнаньні на працягу тэрміну пяцігадовага кантракту. І стаў першым, хто быў звольнены ў адпаведнасьці з гэтай нормай, адмыслова ўнесенай у калектыўную дамову.

«Нагадаю, што зьмены ў калектыўную дамову ўнесьлі 1 сакавіка гэтага году, незадоўга да папярэджаньня аб маім звальненьні. Прадстаўнікоў СПБ у камісію, якая прымала зьмены, адмыслова не ўключылі. Атрымалася так: раней з работнікам перадпэнсійнага ўзросту заключалі кантракт, калі ён ня меў адміністрацыйных спагнаньняў за апошні год — бо ўсе спагнаньні праз год аўтаматычна „гасяцца“, ня лічацца, то цяпер яны „ня маюць тэрміну даўнасьці“. Мне згадалі два парушэньні ў 2012 годзе і яшчэ адно — у 2014-м. Апошняе зусім сьмешнае — я спазьніўся на працу на 10 хвілін. Начальнік цэху быў у адпачынку, і ягоны намесьнік пастанавіў мяне пакараць, адабраўшы 25 адсоткаў прэміі. Аднак праз пару дзён Аляксандар Сапега выйшаў на працу і ранейшае ўказаньне скасаваў — абʼявіў мне вымову... Калі б я ня быў актывістам СПБ, майго спазьненьня нават не заўважылі б! Але — да нас іншыя патрабаваньні», — кажа Мікола Шарах.

Начальнік цэху № 7, дзе звольнены актывіст працаваў памочнікам майстра, быў выкліканы на суд у якасьці сьведкі. Ён заявіў, што спадар Шарах нядобрасумленны работнік, хаця той адпрацаваў у цэху шмат гадоў без аніводнай заўвагі за кепскую працу і мае больш за 30 год стажу на «Шкловалакне», ня кажучы ўжо пра дзьве вышэйшыя адукацыі — профільную і юрыдычную.

Кіраўнік «пярвічкі» СПБ на прадпрыемстве Віктар Стукаў, які быў на судзе ў якасьці грамадзкага прадстаўніка спадара Шараха, зазначае:

«Аляксандар Сапега ўжо неаднойчы пагражаў Мікалаю, што зь ім ня будзе працягнуты кантракт. Сёньня на судзе ён назваў мяне „падонкам“, аднак судзьдзя ня выдаліла яго з працэсу. Мы зь Мікалаем разумеем: калі б яму ўдалося аднавіцца на працы, то гэта была б перамога СПБ. Аднак, хто гэта дапусьціць? Суд падкрэсьліваў, што ў адпаведнасьці з указамі Аляксандра Лукашэнкі № 29 і № 180 кантракт заключаюць толькі з добрасумленнымі работнікамі. А раз Мікола мае тры зафіксаваныя парушэньні, то ён ужо нядобрасумленны. Тое, што „падлік“ вёўся за цэлыя пяць год, і ўсе спагнаньні ўжо ануляваныя, суд не ўлічыў.

Палажэньні працоўнага кодэксу праігнараваныя. Галоўнае — гэта ўказы? Не заканадаўства?»

Мікалай Шарах зьбіраецца абскардзіць рашэньне суду, які два дні аналізаваў ягоную «добрасумленнасьць», не заўважыўшы парушэньня працоўнага заканадаўства, якое дапусьціла адміністрацыя «Шкловалакна», калі зьмяніла калектыўную дамову на сваю карысьць.

«Зрэшты, на іншае рашэньне я й не спадзяваўся. Мая дзейнасьць у СПБ вядомая, пра нашу працу ведае шмат хто і ў Полацку, і ў краіне. Таму маё аднаўленьне на працы было неверагодным ужо таму, што я ня сябра прадзяржаўнага „белнафтахімаўскага“ прафсаюзу. Гэта чарговы эпізод ціску і дыскрымінацыі па прафсаюзнай прыкмеце», — гаворыць Мікалай Шарах.

Ягонае звальненьне з ААТ «Полацак-Шкловалакно» ўжо ня першы падобны прэцэдэнт. Некалькі год таму быў звольнены празь непрацягненьне кантракту і кіраўнік «пярвічкі» СПБ Віктар Стукаў. Цяпер ён «вызвалены старшыня»: кіраваць прафсаюзнай суполкай на прадпрыемстве працягвае, але аднавіцца на працы нават праз суд спадару Стукаву пакуль не ўдалося. Хаця ён змагаецца за сваё аднаўленьне і да гэтай пары.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG