Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бээнэфавец і грэка-католік, прафсаюзны лідэр Шарах застаўся бяз працы, бо бараніў іншых


Штрыхі да партрэту звольненага з полацкага «Шкловалакна» актывіста Свабоднага прафсаюзу беларускага Міколы Шараха.

Намесьніка старшыні рэспубліканскага Свабоднага прафсаюзу беларускага, памочніка майстра ў цэху № 7 ААТ «Полацак-Шкловалакно» звольнілі з працы. Адміністрацыя адмовілася працягнуць кантракт з работнікам, які мае больш за 30 год працоўнага стажу і вытворчага досьведу.

Актывісты СПБ раздаюць бюлетэнь «Стекляшка» (архіўнае фота)

Актывісты СПБ раздаюць бюлетэнь «Стекляшка» (архіўнае фота)

Прычына няхітрая: паводле спадара Міколы, цягам апошняга году яму ня раз казалі, што кантракт зь ім не працягнуць, бо СПБ разьвіў на заводзе занадта актыўную дзейнасьць. Афіцыйнае папярэджаньне актывіст — а на «Шкловалакне» ён і намесьнік старшыні «пярвічкі» — атрымаў напрыканцы сакавіка.

Адміністрацыя падрыхтавалася: 1 сакавіка былі зацьверджаны зьмены ў калектыўную дамову, на падставе якіх 57-гадовага Міколу Шараха можна выставіць за браму, нягледзячы на пэрадпэнсійны ўзрост. Раней чалавека, якому менш як тры гады на пэнсіі, са «Шкловалакна» не звальнялі, калі ён ня меў працоўных спагнаньняў цягам апошняга году. Паводле ж найноўшай рэдакцыі калектыўнай дамовы, спагнаньняў нельга мець за ўвесь тэрмін апошняга кантракту. У выпадку Міколы — гэта 5 гадоў, і за гэты тэрмін адміністрацыя знайшла пару зачэпак — спазьненьне на працу на 10 хвілін у 2014 годзе, парушэньне інструкцыі па ахове працы ў 2012 годзе, і нават прагул у 2012 годзе — калі Мікола езьдзіў на сэмінар у замежжа.

Мікола Шарах каля прахадной прадпрыемства (архіўнае фота)

Мікола Шарах каля прахадной прадпрыемства (архіўнае фота)

«Прафсаюзнай дзейнасьцю я займацца ня кіну, як бы ні склалася з працай», — кажа актывіст. 18 траўня яму споўніцца 58 гадоў. У незалежніцкім прафсаюзным руху ён удзельнічае з 1990-х.

«Напачатку я вельмі не хацеў быць кіраўніком прафсаюзу»

«У 1990-м, калі пачаліся хваляваньні рабочых яшчэ падчас перабудовы, на „Шкловалакне“ былі спробы стварыць страйкавы камітэт. Спачатку ён сапраўды быў незалежны, аднак потым ініцыятыву перахапіў тагачасны „Белхімпрафсаюз“. Маўляў, страйкам — гэта мы... А савецкія прафсаюзы толькі й займаліся, што разьмеркаваньнем дабротаў — пуцёвак і „дэфіцытаў“. Але на глебе „рэвалюцыйных“ страйкамаў сталі стварацца і незалежныя прафсаюзы. Дайшла й да нас гэтая хваля: спачатку ў Наваполацку стварылі СПБ, а потым нас запрасілі на адукацыйны сэмінар — і мы вырашылі стварыць такі прафсаюз і ў нас.

Адразу я вельмі не хацеў быць кіраўніком: я ж быў чалавек палітычна заангажаваны, пэўны час быў старшынём Полацкай рады БНФ, а „бээнэфаўцамі“ людзей запалохвалі. Дужа не хацелася, каб рабочыя палохаліся, каб іх упікалі, што „зьвязаліся з БНФ“. Таму я адразу сказаў: намесьнікам — калі ласка, кіраўніком — не!» — кажа Мікола Шарах.

У офісе СПБ на «Шкловалакне»

У офісе СПБ на «Шкловалакне»

Дарэчы, сваіх палітычных поглядаў полацкі актывіст не памяняў і дагэтуль: як быў у 1990-я прыхільнікам Зянона Пазьняка, так ім і застаецца. І прафсаюзную суполку ўсё адно называлі «бээнэфаўцамі», хоць сапраўдным партыйцам быў толькі Мікола Шарах. Але праца ішла, прафсаюз змагаўся за правы рабочых, і ўрэшце тыя зразумелі, што СПБ — не палітычная структура.

Любімы кубак спадара Міколы

Любімы кубак спадара Міколы

Але тут спэцыфіку дзейнасьці СПБ зразумела і адміністрацыя прадпрыемства — там усьвядомілі, што для іх прафсаюзная суполка нясе небясьпеку, працягвае спадар Мікола:

«Колькасьць сяброў прафсаюзу вырасла настолькі, што адміністрацыя адчула: мы можам уплываць на сытуацыю на прадпрыемстве. Спакваля пачаўся ціск на прафсаюз. А потым прынялі кантрактную сыстэму, і нашым сябрам стала цяжка — запалохваньне, выклікі ў кабінэты, пагрозы не працягнуць кантракт... Так прымушалі выходзіць з СПБ.

Тады людзі перасталі плаціць складкі праз бухгальтэрыю — інакш адміністрацыя ведае, хто ў нашым прафсаюзе. А яшчэ ёсьць такая рэч, як асацыятыўнае сяброўства — калі чалавек ня можа плаціць складкі, але ён з намі. Але ў любы час чалавек можа абвясьціць, што ён сябра СПБ, і наш прафсаюз будзе бараніць ягоныя правы. Гэта калі пачынаюцца праблемы, пагрозы звальненьня і гэтак далей».

Падзяляю галоўны пастулят КХП БНФ — незалежнасьць Беларусі

Мікола Шарах — адзін зь нешматлікіх сёньня ў Полацку сябраў КХП БНФ. Няхай яны сёньня не такія актыўныя ў параўнаньні зь іншымі актывістамі, аднак галоўнае — ня здрадзіць прынцыпам, лічыць спадар Мікола:

Пагоня — побач

Пагоня — побач

«Належаць да партыі — значыць падзяляць тыя прынцыпы, тыя ідэі, якія гэтая партыя вызнае. Звышактыўнага партыйнага ўдзелу ў маім жыцьці няма, але прынцыпы я падзяляю. Галоўны зь іх — незалежнасьць Беларусі, пра што яшчэ даўно казаў Зянон Пазьняк. Партыя БНФ пра гэта заявіла першай і заўжды гэтую ідэю адстойвала. Хоць цяпер пра гэта заяўляюць і іншыя партыі, і нават Аляксандар Лукашэнка ўвесь час паўтарае... Пра небясьпеку расейскага імпэрыялізму першы заявіў Зянон, і да яго першы час за гэта агрэсіўна ставіліся і часта ўпікалі. А цяпер пачынаюць казаць пра тое самае. Найперш павінна быць пасьлядоўнасьць, якой трэба трымацца, а ня „гнуцца разам зь лініяй партыі“, як камуністы».

У сваім сьветапоглядзе спадар Шарах стаў арыентавацца на нацыянальныя каштоўнасьці яшчэ з канца 1980-х, калі ў Полацку ўтварылася суполка «Вытокі». Гэта быў аналяг менскай «Талакі» — клюб аматараў гісторыі даўніны, створаны краязнаўцам Міхасём Баўтовічам. А яшчэ ў Наваполацку дзейнічаў «Дэмакратычны клюб», дзе зьбіраліся патрыятычна настроеныя людзі.

«Я скончыў беларускую школу — там, дзе нарадзіўся, у вёсцы Варонічы. Гэта за 20 кілямэтраў ад Полацку. Былі дужа добрыя настаўнікі, і менавіта ад іх я ўпершыню пачуў пра сталінскія рэпрэсіі... Але за савецкім часам ужо пасьпеў на мову забыцца — размаўляў па-расейску, як усе панавокал. Развучыўся. Але пачаў у Наваполацак езьдзіць на пасяджэньні, і мне было вельмі цяжка ад таго, што я не магу нават пытаньне задаць па-беларуску. А там жа была інтэлігенцыя — Сяржук Сокалаў-Воюш, Якуб Лапатка, Лявон Баршчэўскі, усе інтэлектуалы... І там лічылася „кепскім тонам“ казаць нешта па-расейску. І я спачатку па два-тры словы беларускія ўстаўляў, а потым „асвоіў назад“ — узнавіў сваю беларускую гаворку», — гаворыць полацкі актывіст.

Бел-чырвона-белы сьцяг у хатнім інтэр’еры

Бел-чырвона-белы сьцяг у хатнім інтэр’еры

Полацак, на ягоную думку, быў не такі прагрэсіўны горад у 1990-я гады, як Наваполацак. Але і ў Полацку было шмат такога, пра што сёньня спадар Мікола згадвае з гонарам:

«Віравала жыцьцё і ў нас. Былі экалягічныя мітынгі — за тое, каб прадпрыемства „Шкловалакно“ вынесьлі за рысу гораду. Поўны стадыён зьбіралі народу. І на перадвыбарчыя імпрэзы, і на прысьвечаныя Чарнобыльскай трагедыі, і крыж несьлі праз увесь горад у гонар рэпрэсаваных і расстраляных.Усталявалі яго потым у Бельчыцах — гэта нашы „полацкія Курапаты“. Цяпер мы там ужо іншы крыж усталявалі — не драўляны, а мэталічны. Віравала тады жыцьцё! Вось, прыкладам, наша полацкая школа № 7 была самая лепшая, самая прэстыжная ў горадзе. І мы хадзілі, подпісы зьбіралі — і дамагліся, што яе зрабілі полацкай нацыянальнай гімназіяй. Каб дзеці выхоўваліся беларусамі».

«Раскажу пра тое, чаго пра мяне ня ведае нават КДБ»

Шмат што ў фармаваньні сьветапогляду залежыць ад сям’і, перакананы Мікола Шарах. І амаль у кожнай савецкай сям’і быў такі «шкілет у шафе» — калі на фоне зьнешняй добранадзейнасьці ў душы было зусім іншае.

«Мой бацька быў просты чалавек, працаваў кіроўцам. І слухаў па радыё ВВС. Пра гэта, можа, і КДБ ня ведаў, але цяпер раскажу, — сьмяецца Мікола. — Была такая праграма „Глядя из Лондона“. Дык бацька казаў, што, маўляў, пойдзем паслухаем „дядю из Лондона“. Так што зь дзяцінства для мяне ня ўсё было адназначна — што яшчэ ў савецкія часы працавала машына прапаганды, калі панавокал людзі бачаць адно, а ім расказваюць і паказваюць іншае. І што ёсьць альтэрнатыўная інфармацыя, якая дапамагае зразумець сапраўдную карціну. Такі падыход дастаўся мне ад бацькоў. І ўсе былыя савецкія людзі, якім цяпер за 50 гадоў, прайшлі прыблізна такі самы шлях».

Мікола Шарах дабудоўвае лецішча

Мікола Шарах дабудоўвае лецішча

Дарэчы, у сям’і ў Міколы Шараха аніякіх палітычных непаразуменьняў няма: ягоную жыцьцёвую пазыцыю падзяляе жонка. А што да цешчы, дык тая ўвогуле, паходзячы з расейскага Іванава, зрабілася ці не найбольшай у сям’і «нацыяналісткай» — вывучыла беларускую мову, слухаючы радыё па правадной сетцы. Слухала пераважна трансьляцыі пасяджэньняў Вярхоўнага Савету ў першай палове 1990-х, падтрымлівала Зянона Пазьняка, хадзіла на ўсе мітынгі... У гэткай атмасфэры гадаваліся і дзеці Міколы — старэйшая дачка і два малодшыя сыны, усе трое ўжо дарослыя.

Пакуль яны расьлі, бацька і дзед пасьпеў шмат. Адслужыўшы ў войску і скончыўшы тэхнікум у Гарадку, Мікола Шарах пайшоў працаваць на «Шкловалакно», скончыў наваполацкі палітэх — цяпер гэта Полацкі дзяржунівэрсытэт. Потым, ужо ў сталым веку, атрымаў юрыдычную адукацыю ў ЭГУ.

Была магчымасьць зрабіць кар’еру на вытворчасьці. Аднак «начальнікам» спадар Мікола быць не хацеў, бо трэба было «расьпіхваць локцямі» шэрагі тых, хто імкнуўся ўверх па службовай лесьвіцы. Папрацаваўшы пэўны час дробным кіраўніком, ён зразумеў, што буйнейшым быць ня хоча.

«16 гадоў я быў старшынём парафіяльнай рады нашай царквы»

«Пакуль у Полацку існаваў клюб „Вытокі“, мы працавалі на раскопках, да нас прыяжджалі зь лекцыямі навукоўцы. Усім нам было дужа цікава, бо тая савецкая гісторыя, якую мы датуль вывучалі, — яна ж была непраўдзівая! А тут зьявіліся кнігі Ермаловіча, гэта была зусім іншая гісторыя Беларусі. Тады я даведаўся і пра ўніяцкую царкву, пра якую раней нам распавядалі вельмі мала і казалі вельмі дрэнна. За савецкім часам мы ўсе былі вельмі далёкія ад рэлігіі, але падчас розных паездак у Менск мы даведаліся, што шмат дзе ствараюцца царкоўныя суполкі грэка-каталікоў», — так Мікалай Шарах пачынае аповед пра яшчэ адзін значны бок свайго жыцьця.

Каля грэка-каталіцкай царквы ў Полацку

Каля грэка-каталіцкай царквы ў Полацку

Грэка-каталіцкую суполку вырашылі заснаваць і ў Полацку. Пачалі складаць сьпіс ініцыятыўнай групы, і старшынём пагадзіўся быць спадар Мікола.

«Усе былі гатовыя браць удзел, працаваць, але кіраваць ніхто не хацеў. У беларусаў увогуле ёсьць такая рыса, ня вельмі добрая, — яны баяцца браць на сябе ініцыятыву. Прызначылі мяне. Я дамаўляўся з айцом Янам Матусэвічам, каб ён правёў у нас першую службу па-беларуску. Усе тады былі вельмі ўражаныя, і шмат хто захацеў пахрысьціцца ва ўніяты. Стварылі суполку, потым быў вельмі працяглы час рэгістрацыі, нарэшце нас зарэгістравалі, і потым мы пачалі будаваць царкву. Да нас прыяжджалі розныя сьвятары, бо доўгі час свайго не было. І ўрэшце царкву пабудавалі. Увесь гэты час я быў старшынём парафіяльнай рады. Калі ўсё ўсталявалася, прыехаў на стала сьвятар, я вырашыў, што ўсё, я тут зрабіў дастаткова. Досыць быць бязьзьменным старшынём, трэба саступіць маладзейшым», — усьміхаецца Мікола Шарах.

Падчас царкоўнай службы

Падчас царкоўнай службы

Ён шчыры вернік. І нават гісторыю свайго звальненьня з гумарам суадносіць зь перадвелікоднымі падзеямі:

«Папярэджаньне пра непрацягненне кантракту я атрымаў 15 сакавіка, у першы дзень посту. 28 красавіка, у Чысты чацьвер, мяне арыштавалі пасьля пікету, калі мы выйшлі расказаць палачанам, як у нас зьмяняюць дакумэнты, каб займець падставы звольніць работніка. Вялікая пятніца — гэта быў дзень душэўных выпрабаваньняў, я шмат разважаў над тым, што адбываецца і як будзе далей. Субота — дзень перадвелікодны і апошні дзень майго старога працоўнага кантракту. Вялікдзень, нядзеля — гэта спадзяваньне на новае жыцьцё, якое ну аніяк ня будзе горшым за ранейшае. І пасьля Вялікадня ўсё павінна быць толькі лепей!»

Мікола Шарах падчас пікету супраць свайго звальненьня (архіўнае фота)

Мікола Шарах падчас пікету супраць свайго звальненьня (архіўнае фота)

«Плянаў столькі, што ўвесь травень ужо расьпісаны»

Зусім блізка ад царквы ў спадара Міколы ёсьць лецішча — хата, якую ён паступова даводзіць да ладу. Тут на сьценцы вісяць бел-чырвона-белы сьцяг і Пагоня, тут гаспадар і адпачывае, і сустракаецца зь сябрамі. Тут яго заўжды чакае «памочніца» — сабака Найда...

Найда радуецца гаспадару

Найда радуецца гаспадару

У плянах Міколы Шараха — упарадкаваць другі паверх хаты. Вядома, тут вельмі б прыдаўся заробак, які ён страціць у выпадку звальненьня. Але за працу яшчэ варта пазмагацца, лічыць актывіст СПБ. Ужо напісаны цэлы шэраг скаргаў, наперадзе — зварот у суд, а таксама судовы працэс паводле абвінавачаньня ў несанкцыянаваным пікетаваньні і непадпарадкаваньні міліцыянтам, якія накінуліся на яго ва ўласным пад’езьдзе. А яшчэ — некалькі навучальных паездак і сустрэч з тымі, хто зьвяртаецца ў прафсаюз па прававую і юрыдычную дапамогу... Так што ўвесь травень ужо расьпісаны. Калі б кантракт быў працягнуты, то 3 траўня Міколу трэба было б на зьмену. Але бяз спраў ён не застанецца ў любым выпадку.

Мікола Шарах (архіўнае фота)

Мікола Шарах (архіўнае фота)

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG