Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З полацкага «Шкловалакна» хочуць звольніць актывіста Свабоднага прафсаюзу


Перад пагрозай застацца бяз працы паўстаў адзін зь лідэраў СПБ Мікалай Шарах — адміністрацыя ня хоча працягваць зь ім кантракт.

Мікалай Шарах

Мікалай Шарах

Спавяшчэньне пра непрацягненьне кантракту работніку з 31-гадовым стажам падпісаў начальнік цэху № 7, а паводле закону гэтае права належыць толькі дарэктару прадпрыемства. Спадар Шарах заяўляе, што ня згодны са звальненьнем з парушэньнямі працоўнага заканадаўства і калектыўнай дамовы.

Мікалай Шарах працуе ў ААТ «Полацак-Шкловалакно» з 1985 году, займае пасаду памочніка майстра ў цэху вытворчасьці шкловалакна, ён мае найбольшы досьвед працы ў сваім цэху і дзьве вышэйшыя адукацыі — тэхнічную і юрыдычную. Напрыканцы красавіка ў Мікалая заканчваецца кантракт, які быў заключаны на 5 гадоў. І цягам апошняга часу начальнік цэху ўвесь час паўтараў, што кантракт ня будзе працягнуты, кажа спадар Шарах:

«Начальнік цэху Аляксандар Сапега ўвесь час выказваў незадавальненьне маёй актыўнасьцю ў СПБ, і нават адкрыта казаў рабочым: „Не ўступайце ў гэты прафсаюз, мы звольнім Шараха, і ня будзе каму вас бараніць, і мы вас прыжучым!“ Мяне Сапега спавясьціў афіцыйным дакумэнтам — спачатку не хацеў яго даваць, але я настаяў. У гэтым дакумэнце — парушэньне: наймальнікам зьяўляецца генэральны дырэктар, ён заключае кантракт з работнікам, і ён вольны не заключыць такі кантракт. Таму, атрымаўшы папярэджаньне ад начальніка цэха, я падаў заяву на імя дарэктара, дзе пішу, што звольніць мяне ня маюць права. А таксама пішу, каб мне паднялі заробак, бо са сваім досьведам працы я маю права гэтага патрабаваць».

Мікалай Шарах абураны: не звальняюць нікога, апрача яго, хаця працоўных рук на ААТ «Полацак-Шкловалакно» і так бракуе.

Пяць гадоў таму, кажа Мікалай Шарах, ён атрымліваў каля 800 даляраў, а сёньня — ці не на палову меней. Да таго ж, на прадпрыемстве кадравы дэфіцыт, бо ўмовы працы цяжкія, шкодныя. Але вытворчасьць разьвіваецца, нават зьбіраюцца запускаць новую печку, так што дасьведчаныя работнікі патрэбныя. Таму Мікалай Шарах абураны: не звальняюць нікога, апрача яго, хаця працоўных рук на ААТ «Полацак-Шкловалакно» і так бракуе.

А самае важнае — што паводле калектыўнай дамовы нельга пазбаўляць працы людзей перадпэнсійнага ўзросту, у прыватнасьці тых, каму да пэнсіі засталося менш за 3 гады. Міколу Шараху ідзе толькі 58-мы.

Ціск на прадпрыемстве за сваю дзейнасьць у СПБ спадар Шарах адчувае ўжо даўно. У студзені дырэктар прадпрыемства Андрэй Бунакоў адмовіўся ўключыць яго ў камісію па калектыўных перамовах, чым, на думку сябраў Свабоднага прафсаюзу, парушыў генэральнае пагадненьне ўраду Беларусі з наймальнікамі і прафсаюзамі. Свабодны прафсаюз прадпрыемства запатрабаваў ад дырэктара правядзеньня перамоваў для ўнясеньня зьменаў у калектыўную дамову і ліквідацыі дыскрымінацыі работнікаў за ўдзел у прафсаюзе. Мікалай дапамагае скласьці пазовы і прадстаўляе інтарэсы работнікаў у судзе. Да прыкладу, 4 сакавіка на працы быў адноўлены рабочы, звольнены з ААТ «Полацак-Шкловалакно» нібыта за прагулы. Інтарэсы рабочага ў судзе прадстаўляў менавіта СПБ. Зрэшты, Мікола Шарах дапамагае ня толькі работнікам свайго прадпрыемства: да яго зьвяртаюцца працаўнікі з усяго Полацка, якія маюць працоўныя канфлікты.

Мікалай Шарах — намесьнік старшыні рэспубліканскага Свабоднага прафсаюзу беларускага, уваходзіць у склад Рады пры Міністэрстве працы па ўдасканаленьні працоўнага заканадаўства.

Менавіта такім чынам, пераступаючы закон, на нашым прадпрыемстве разьвязваюць многія праблемы, якія замінаюць начальству «спакойна жыць.

«Мяне спрабуюць звольніць ужо ня першы раз. Я напісаў на апавяшчэньні начальніка цэха пра сваю нязгоду са спыненьнем працоўных адносінаў, бо лічу яго намер незаконным. Але менавіта такім чынам, пераступаючы закон, на нашым прадпрыемстве разьвязваюць многія праблемы, якія замінаюць начальству «спакойна жыць», — кажа спадар Мікалай.

Некалькі гадоў таму з ААТ «Полацак-Шкловалакно» гэтаксама з парушэньнямі быў звольнены калега Міколы Шараха, кіраўнік «пярвічкі» СПБ Віктар Стукаў. Цяпер ён «вызвалены старшыня»: кіраваць прафсаюзнай суполкай на прадпрыемстве працягвае, але аднавіцца на працы нават праз суд спадару Стукаву не ўдалося.

XS
SM
MD
LG