Прэмʼер-міністар Польшчы Бэата Шыдла падала ў адстаўку. Яе месца зойме міністар фінансаў Матэуш Маравецкі. Абʼява аб адстаўцы Шыдла была зробленая позьнім вечарам чацьвярга Бэатай Мазурэк, прэс-сакратаркай партыі «Права і Справядлівасьць».
Чуткі пра магчымую адстаўку Шыдла распаўсюджваліся на працягу апошніх некалькіх тыдняў. Мазурэк сказала, што Шыдла падала ў адстаўку падчас партыйнай сустрэчы. Кіраўніцтва партыі хоча, каб яна займала важную кіруючую пасаду, якая пакуль не называецца.
Крытыкі кіруючай партыі лічаць, што зьмена кіраўніка ўрада — гэта «дымавая заслона», якая павінна адцягнуць увагу ад галасаваньня ў бліжэйшую пятніцу, якое можа зьмяніць судовую сыстэму Польшчы і надаць партыі «ПіС» значную ўладу над ёй. Як паведамляе польская прэса, Бэата Шыдла можа быць абраная старшынёй Сэйму.