Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Настаўнікі больш не кантралююць збор калу ў школьнікаў. Але «смурод» застаўся


Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

Цягам трох дзён Свабода спрабавала атрымаць афіцыйны камэнтар Міністэрства аховы здароўя наконт таго, што клясныя кіраўнікі цяпер адказныя за здачу школьнікамі аналізаў на наяўнасьць глістоў. Урэшце ў сераду адказ атрымалі: «Інфармацыя, разьмешчаная на некаторых сайтах у сетцы інтэрнэт, не адпавядае рэчаіснасьці». Свабода разьбіралася ў сытуацыі.

Міністэрства аховы здароўя і Цэнтар гігіены і санэпідэміялёгіі Цэнтральнага раёну сталіцы ў сярэдзіне лістапада разаслалі ў школы і дзіцячыя садкі Менску лісты на афіцыйных блянках «Аб правядзеньні маніторынгу за паражанасьцю насельніцтва гельмінтозамі і протазаозамі». Згодна зь лістамі дзеці ў пэўныя дні тыдня павінны прынесьці ў школы аналізы калу, якія будуць правярацца на наяўнасьць глістоў.

Фота дакумэнту на трох старонках разьмясьціў 2 сьнежня на сваёй старонцы ў фэйсбуку рэпэтытар Яўгені Лівянт.

Пост Лівянта пракамэнтавалі дзясяткі карыстальнікаў сацсетак, камэнтары ў асноўным абураныя.

Па-першае, як вынікае з дакумэнту, гэта ня поўнае абсьледаваньне дзяцей, а маніторынг: «Абсьледаваньню падлягаюць пэўныя ўзроставыя групы насельніцтва па статыстычнай выбарцы ў колькасьці 800 чалавек па ўзроставай разьбіўцы: ад 0 да 2 гадоў, ад 3 да 6 гадоў, ад 7 да 10, 11–14, 15–17 гадоў».

Такой практыцы ўжо шмат гадоў. Людзі сталага веку прыгадваюць, як у дзяцінстве насілі сваё «дабро» ў каробачках ад запалак. Цяпер хіба што тара зьмянілася — у аптэках прадаюцца адмысловыя кантэйнэры для аналізаў. Але па-ранейшаму санітарныя лекары чамусьці лічаць, што аналізы зручней праводзіць празь дзіцячыя ўстановы, а не ў паліклініках, хоць дзеці штогод праходзяць мэдагляды.

А калі мне непасрэдна сваёй настаўніцкай працай займацца?

Па-другое, згодна з дакумэнтам, зборам аналізаў павінны займацца мэдработнікі дзіцячых устаноў, але «адказнасьць за арганізацыю збору біяматэрыялаў ускласьці на клясных кіраўнікоў і выхавацеляў дзіцячых садкоў, якія маюць больш шчыльны кантакт з бацькамі».

Ніхто не аспрэчвае: за здароўем дзяцей трэба сачыць. Але чаму гэтым павінны займацца клясныя кіраўнікі?

Настаўнікі некалькіх сталічных школ пацьвердзілі Свабодзе, што афіцыйны ліст сапраўды прыйшоў і іх абавязалі кантраляваць здачу аналізаў.

«У верасьні ў школах усіх дзяцей аглядалі на пэдыкулёз, і арганізаваць агляд трэба было кляснаму кіраўніку. У верасьні ж увялі безнаяўную аплату за харчаваньне, а бухгальтэрыяй павінен займацца зноў жа клясны кіраўнік. У кастрычніку пад наглядам кляснага кіраўніка дзеці павінны былі навучыцца правільна чысьціць зубы — была праграма барацьбы з карыесам. Цяпер вось зьбіраем „біяматэрыялы“. Я лічу, што гэтым павінны займацца паліклінікі. Дзеці раз на год абавязкова праходзяць мэдагляд, у кожнага дзіцяці ёсьць участковы пэдыятар — няхай бы ўсе аналізы і прымушалі здаваць, тлумачачы бацькам, навошта гэта патрэбна. А калі мне непасрэдна сваёй настаўніцкай працай займацца?» — абураецца клясная кіраўніца адной са сталічных школ Сьвятлана Іванаўна.

У панядзелак прэс-служба Міністэрства аховы здароўя паабяцала пракамэнтаваць сытуацыю. Адказу не было. У аўторак карэспандэнтку Свабоды накіравалі да галоўнага лекара Менскага гарадзкога цэнтру гігіены і санэпідэміялёгіі Нэлі Гіндзюк, якая ў прыватнай размове сказала, што «ліст адклікалі», пагадзілася, што «ў лісьце былі некарэктныя фармулёўкі», і паабяцала даслаць афіцыйны адказ. Але зноў жа праз прэс-службу Міністэрства аховы здароўя.

Вось фрагмэнт тэксту, які тычыцца дакумэнту пра збор «біяматэрыялаў»:

«Пры ўзаемадзеяньні са школамі і гімназіямі ў сталіцы праводзяцца розныя маніторынгі, у тым ліку і па паразыталягічным абсьледаваньні насельніцтва. У ажыцьцяўленьні такіх праектаў пэдагогі аказваюць садзеяньне ў выглядзе арганізацыйнай працы — паколькі яны маюць самае непасрэднае дачыненьне да дзіцячых і падлеткавых калектываў і павінны папярэджваць бацькоў аб правядзеньні маніторынгаў. Працу па паразыталягічным абсьледаваньні насельніцтва (згодна зь дзеючым нарматыўным дакумэнтам) арганізоўваюць і праводзяць мэдычныя работнікі. Інфармацыя, разьмешчаная на некаторых сайтах у сетцы інтэрнэт, не адпавядае рэчаіснасьці».

Паколькі з адказу Міністэрства аховы здароўя так і не зразумела, ці працягваюць клясныя кіраўнікі кантраляваць «здачу біяматэрыялу», давялося ўдакладняць, адмянілі загад ці не.

Прэс-сакратарка Міністэрства была ляканічная: «Ліст адклікалі».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG