Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першай перасадцы сэрца споўнілася 50 гадоў: што зьмянілася з тых часоў


Ілюстрацыйнае фота.

Трэцяга сьнежня 1967 году ў паўднёваафрыканскім Кейптаўне група зь 19 лекараў пад кіраўніцтвам хірурга Крысьціяна Барнарда выканала першую ў сьвеце перасадку сэрца.

Апэрацыя доўжылася восем гадзін. Донарам органу стала 25-гадовая Дэніз Дарваль, ахвяра дарожна-транспартнага здарэньня. Яе сэрца перасадзілі 53-гадоваму Луісу Вашканскі, ураджэнцу Літвы, які пераехаў у Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку.

Ён пражыў усяго 18 дзён.

Вашканскі захварэў неўзабаве пасьля апэрацыі і лекары вырашылі, што справа ў адрыньваньні органа імуннай сыстэмай пацыента. Яму пачалі ўводзіць прэпараты, якія падаўляюць імунітэт, але аказалася, што ў пацыента было запаленьне лёгкіх — без падтрымкі імуннай сыстэмы арганізм ня змог справіцца з хваробай.

У 1980-х гадах для барацьбы з адрыньваньнем імуннай сыстэмай перасаджаных органаў пачалі ўжываць цыкласпарын і сусьветная трансплянталёгія выйшла на новы ўзровень.

Сёньня ў сьвеце штогод праводзіцца каля 3500 перасадак сэрца, каля 2000 зь іх — у ЗША. Паводле дадзеных амэрыканскага Нацыянальнага інстытуту сэрца, лёгкіх і крыві, 88% пацыентаў жывуць год пасьля трансплянтацыі, а 56% — 10 гадоў.

Паводле дадзеных міжнароднага рэестру трансплянтацыі органаў, у трансплянтацыях сэрца зь вялікім адрывам лідзіруе Славенія (15,5 перасадак на мільён чалавек у 2016 годзе), на другім месцы — ЗША (8,8), на трэцім — Харватыя (8,2). З постсавецкіх краінаў у сьпісе прадстаўленыя Беларусь (4,5 перасадкі — 13 месца) і Расея (1,5 — 27 месца).

Сучасная мэдыцына пасьпяхова перасаджвае многія органы і тканіны: напрыклад, скуру (першая апэрацыя — у 1869), ныркі (1950), печань (1963), лёгкія (1963), гартань (1998), руку (1998), язык (2003), твар (2015), пэніс (2006) і матку (2014).

Першую апэрацыю па трансплянтацыі сэрца правялі ў Беларусі ў лютым 2009 году, і з таго часу іх выканана ўжо больш за 290, паводле дадзеных за 2016 год.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG