Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пратаколы мазырскіх галубцоў


Франс Снэйдэрс, «Мясная крама» (1630-я)
Франс Снэйдэрс, «Мясная крама» (1630-я)

Паказытаць нэрвы, ледзь не памацаць рукамі ўсе гэтыя аксоны нэйронаў ва ўсіх іх хітрых перапляценьнях — вось для чаго я забрыдаю часам у краму са сьвінінай, дбайна разабранай на запчасткі — для багатых і бедных. Першым — частку карка ці сьцягна з роўнымі паралельнымі пражылкамі, другім — крывянку і капыты. У краме той —

Галовы — самае таннае

рай для пачаткоўца ў сфэры побытава-стыхійнай антрапалёгіі. Галовы — самае таннае. Вось яны, за шклом. Узіраюцца ў цябе чорнымі касьмічнымі дзіркамі на месцы, дзе былі вочы. Шынка, карак, кілбасы, фарш, пячонка, паляндвіца, галубцы… Усё гэта прывозяць у Гомель з мазырскага агракамбінату. У Гомелі ёсьць і свой мясакамбінат, але ён у некалькі этапаў страціў давер у пакупнікоў — тады, калі і супрацоўнікі, і дырэктарат пайшлі па этапу за махінацыі. Цяпер во зноў судзяць дырэктара за знойдзеныя на тушах экскрэмэнты пацукоў. Таму мазырскае мяса ў Гомелі пакуль у пашане. Яно сьвежае і недарагое.

А можаце з фаршу галаву каровы зьляпіць?

Людзі мітусьліва торгаюць акуляры, пільна і з пажадлівасьцю ўзіраюцца ў прыгожа выкладзеныя ногі, капыты, фарш, з якога прадаўцы зьляпілі сьвіную галаву. «А можаце з фаршу галаву каровы зьляпіць?», — цікавіцца пакупніца. «Не, галаву каровы спрабавалі, ды пакуль не атрымліваецца, толькі сьвіную навучыліся ляпіць», — прадавец стомлена ў пяты раз цягае туды-сюды па плястыку анучку. Хутка пачнецца вэрхал. Я ня толькі адчуваю гэта, назіраю, але і ведаю: у 13.00 прыедзе і разгрузіцца новая партыя тавару. Публіка ведае гэты час, таму нэрвова штурхаецца ў чарзе, пакуль нічога не набывае. Бо там прывязуць лепшае, смачнейшае, амаль па блату, для выбраных. Я б яшчэ зэдлік паставіла каля прылаўка, ці са скрынак зьляпала сцэну невялікую — для большага эфэкту міні-мона-спэктакляў з элемэнтамі драмы, вялікай псыхалягічнай глыбіні і філязофскай думкі.

У галаву ў чаканьні новага акту лезе абы-што. Кшталту «… і зжэрлі яны Пятачка сваімі карыеснымі зубамі!», ці «Грудзінку хай забірае, карэйку не аддам! Карэйка — не для яе!», — як спрачаўся сам з сабой, ідучы да каханкі, Кірай у «Пятай пячатцы» [герой вугорскага фільму «Пятая пячатка» з 1976 году — РС].

Вось, у балеях цягнуць на вяроўках па сьлізкай плітцы пасечаных на кавалкі сьвіней. Грудзінка! Грудзінка! — усім трэба менавіта яна чамусьці. Пачынаецца гвалт. Першыя спрытнюгі ўжо задаволена разьлічваюцца, дбайна складаюць у пакунак прамавугольныя грудзінкі, прыціскаюць адну да другой месцамі, дзе раней былі сьвіныя сэрцы, зараз мала каму патрэбныя, хіба сабакам на корм. У хвасьце чаргі расчаравана гудуць і скардзяцца: «Во, зноў нам не хопіць, ну што такое, чаму нельга прывезьці столькі грудзінак, каб хапіла ўсім? Ды колькі магчыма такі зьдзек цярпець, трэба скардзіцца! Гэй, прадавец, дзе ваша загадчыца, колькі можна зьдзекавацца з людзей? Чаму ў вас столькі

Чаму нельга прывезьці столькі грудзінак, каб хапіла ўсім?

сьцёгнаў і каркаў, а грудзінак не хапае?», — твары ў пакупнікоў абураныя і пакрыўджаныя. «Таму што ў сьвіньні чатыры нагі, а грудзінка толькі адна!», — крычыць прадавец, нахіляючыся за чарговай і, мабыць, апошняй грудзінкай. «А карак таксама адзін!», — роспачна рэплікуе пэнсіянэр. «Мы не вінаватыя, мы вам штодзень кажам — грудзінак нам мала даюць!», — тлумачыць прадавец. Іх відавочна недзе навучылі, на адмысловых курсах, як паводзіць сябе з пакутнікамі. Можа, нават у вар’ятні стажыроўку праходзілі, бо нармальнаму чалавеку (з невялікімі памежнымі адхіленьнямі, нармальных цяпер няма) цяжка ўявіць, як вытрываць гэты шалёны націск пакупнікоў са ўсімі скаргамі і прэтэнзіямі, і не ляснуць каго пячонкай па твары, ці не кінуцца ў бойку, разматаўшы кілямэтры кішак, як сілок. (Насамрэч я чакаю такі момант, таму і цягаюся як тая ігуана ў тую краму). Бачылі б вы, як спрытна яны круцяць перад вечна незадаволенымі і заклапочанымі тварамі тыя сьцёгны, каркі, шынкі! Цырк проста. Кідаюць на далонь кавалак сьвежаніны і паварочваюць «тавар тварам» са ўсіх ракурсаў, разоў па дзесяць, пакуль не пачуюць бурклівае «Не, дайце іншы». Іншы кавалак круціцца на далоні, як у цэнтрыфузе. «Не хачу!», — пакупнік пайшоў капрызны. І так па паўгадзіны кожны. Ды пастаўце там ужо каля прылаўка ці трон ім, ці сцэну зьляпайце з габляваных дошак. «Там костка!», — пэнсіянэрка тыцнула пальцам у сьвіную частку з такім выглядам, нібыта гэта прусак ці пацук. «Дык, а як бяз косткі? Сьвіньні не бываюць бяз костак, гэта разруб, вазьміце мякаць», — прапаноўвае прадавец. Не, мякаць таксама ня хочуць, дорага ім. Тая расчараваная адышла, каб уступіць сцэну іншай. «Я буду скардзіцца, чаму так мала грудзінкі! Ну ладна, давайце сьцягно. Не, ня тое, іншае, вунь зьнізу там тырчыць. А не, такое не хачу. Што ў вас за крама, што вы за такія бесталковыя прадаўцы?

Сьвіньні не бываюць бяз костак

Я больш ніколі сюды не прыйду!», — кабетка прагнала свой нумар і пашпацыравала да дзьвярэй, помсьліва мармычучы «Ніколі, ніколі, ніколі!». А ніхто і ня клікаў цябе. Ідзі. Тут артыстаў больш, чым месцаў для гледачоў — глянь, усе ціснуцца да галоўнай сцэны. «Не, гэта вялікі кавалак. А гэты — малы. А тут костка! Ніколі ў вас не набыць нармальнага кавалка. Ладна, давайце гэты. А не, не давайце, я не хачу гэты. Ну ладна, дайце той, які на вас гляне (о не! Не глядзіце на яе, мёртвыя сьвіньні!). Ат, гэты тлусты. А там жылкі». У чарзе — выбух. «Колькі магчыма такое цярпець, як вам, жанчына, ня сорамна? Мы ўсе чакаем, бярыце, што даюць, што вы прычапіліся да таго мяса!», — крычаць, а заадно ціснуцца бліжэй да адзінай глядачкі, лісьліва зазіраюць у вочы: «Ну, абслужы нас, мы не такія, як яна!». Падман, падман. Гісторыя паўтараецца, тыя ж рэплікі і пакрыўджаныя галасы, чырвоныя твары…

Кабеткі з доўгімі нагамі, паміж якімі блытаюцца дробныя сабачкі

… Недзе там, за парогам крамы, а нібыта ў іншым сьвеце, засталося начальства, што ганяла на выходныя ў дождж і сьнег на лён пад Буда-Кашалёва, мужык без працы, зь бяздонным горлам, а слова не скажы, ці жонка, што толькі паглядзіць — гатовы пад стол лезьці… У тэлевізары — той, які ўвесь час на ўсіх сварыцца, лямантуе і б’е кулаком па стале. Ці багацеі, якія рэклямуюць шыкоўныя аўто, кабеткі з доўгімі нагамі, паміж якімі блытаюцца дробныя сабачкі па тысячы баксаў коштам, а не пакунак са сьвінымі капытамі для халоднага на выходныя. Тут — прадавец. А я — пакупнік, сваё права ведаю, што скажу — тое і будзе рабіць. І хай толькі паглядзіць коса ці крыва, тут я ўжо ўправу знайду, да выканкаму дайду. Хай перабірае ногі, косткі, шынкі, паляндвіцы, і моўчкі каб. І каб усьміхалася.

Тут кожны можа рэалізаваць свае патаемныя жаданьні

Здаецца, што каб не было гэтай крамы — яе варта было б прыдумаць. Можа, тут ёсьць нават нейкая Змова — адчыніць месца, дзе кожны можа «выпусьціць пар», адпомсьціць Сусьвету праз прадаўцоў за ўсе свае крыўды. Можа, прадаўцоў адмыслова падабралі сюды настолькі ветлівых і прыязных, каб гэтыя якасьці пакупнікі прымалі за слабасьць і «перамагалі». Тут кожны можа рэалізаваць свае патаемныя жаданьні дамінаваць, кіраваць, прыніжаць іншых, падымаць сваю самаадзнаку, адчуваць самапавагу… І бонусам, атрымаўшы псыхалягічную перамогу, вярнуцца дахаты з грудзінкай пад пахай. Вырваць грудзінку ў мясной краме — гэта доказ, што ты яшчэ нечага варты ў гэтым жыцьці.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG