Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускага добраахвотніка ва Ўкраіне накіравалі на прымусовае псыхіятрычнае лячэньне


Ігар Кляўко. "Калі б не вайна", сацыяльны валянтэрскі фотопраект

Арджанікідзаўскі раённы суд Марыюпалю накіраваў беларускага добраахвотніка Ігара Кляўко, які падазраецца ў выкраданьні і наўмысным забойстве жыхара паселішча Мангуш Данецкай вобласьці, на прымусовае псыхіятрычнае лячэньне тэрмінам на 2 месяцы.

Такім чынам, суд падтрымаў адпаведнае хадайніцтва, ініцыяванае сьледчым пасьля атрыманьня высновы стацыянарнай судова-псыхіятрычнай экспэртызы. Ігар Кляўко будзе праходзіць лячэньне цяжкага дэпрэсіўнага стану ў Дняпры ва Ўкраінскай псыхіятрычнай бальніцы са строгім наглядам Міністэрства аховы здароўя.

На судовым пасяджэньні Ігар Кляўко паведаміў, што ён атрымаў статус уцекача ў Чэхіі паводле палітычных матываў. Цяпер яму забаронены ўезд у Беларусь, а ўсе абвінавачаньні з боку сьледчых ён называе абгаворам. У судовым рашэньні таксама адзначаецца, што беларускі добраахвотнік назваў прымусовае псыхіятрычнае лячэньне прыніжэньнем сваёй годнасьці.

Расьсьледаваньне справы, паводле якой абвінавачваецца Ігар Кляўко, працягваецца, сьледзтва пераконвае, што мае неаспрэчныя доказы ягонай віны.

Ігар Кляўко, больш вядомы пад пазыўным «Леў», разам з батальёнамі «Данбас» і добраахвотніцкім украінскім корпусам «Правы сэктар» прайшоў амаль усе гарачыя пункты вайны на ўсходзе Ўкраіны: Арцёмаўск, Папасную, Лісічанск, Ілавайск і Пяскі.

Сёлета ў лютым яго ўзялі пад варту паводле падазрэньня ў выкраданьні і наўмысным забойстве.

У чэрвені Ігар Кляўко абвясьціў галадоўку, патрабуючы замены меры стрыманьня. Праз тры тыдні жонцы ўдалося пераканаць яго спыніць галадоўку.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG