Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрты Рады Эўропы: у Беларусі няма прагрэсу ў барацьбе з карупцыяй


Хабар і карупцыя па-беларуску, ілюстрацыйнае фота

Ратыфікацыя Канвэнцыі Рады Эўропы аб крымінальнай адказнасьці за карупцыю не прывяла да належнага перагляду Крымінальнага кодэксу Беларусі, заявіла «Група дзяржаў супраць карупцыі», антыкарупцыйны орган Рады Эўропы.

4 сьнежня апублікавана рэзюмэ двух маніторынгавых дакладаў па Беларусі — аб крыміналізацыі карупцыі і празрыстасьці фінансаваньня палітычных партый, а таксама аб выкананьні папярэдніх рэкамэндацый, зьвязаных зь юрыдычнымі асновамі і практыкай папярэджаньня карупцыі. Беларусь адзіная з 49 сяброў арганізацыі, якая не дазволіла апублікаваць ніводзін даклад. Гэта супярэчыць практыцы максымальнай празрыстасьці.

У рэзюмэ першага дакладу, на які спасылаецца агенцтва БелаПАН, адзначаецца, што ў заканадаўстве павінны быць пашыраныя палажэньні аб хабарніцтве. Неабходна ўключыць у Крымінальны кодэкс паняцьці «прапановы», «абяцаньні», «просьбы», а таксама выпадкі, калі хабар перадаецца не службовай асобе, а трэцяму боку. Таксама варта крыміналізаваць гандаль уплывам і подкупам замежных арбітраў ці прысяжных, адмяніць падвойную крымінальную адказнасьць за такога кшталту злачынствы, учыненыя за мяжой.

Што да празрыстасьці фінансаваньня партый, то ў дакладзе ўвага зьвяртаецца на наступныя моманты:

«Нягледзячы на тое, што ў Беларусі зарэгістравана 15 палітычных партый з рознай ідэалёгіяй, яны адыгрываюць толькі маргінальную ролю ў палітычных і выбарных працэсах і, як уяўляецца, не выконваюць сваёй найважнейшай дэмакратычнай функцыі ні ў законах, ні на практыцы. Замест гэтага палітычная мадэль краіны і выбарчыя працэсы абапіраюцца на праўрадавыя, дзяржаўныя грамадзкія аб’яднаньні, прафсаюзы і „калектывы працоўных“. Не атрымліваючы дзяржаўнага фінансаваньня і ня маючы грамадзкай падтрымкі, партыі ў рэальнасьці не валодаюць фінансавымі рэсурсамі».

«Група дзяржаў супраць карупцыі» настойліва заклікае афіцыйны Менск разгледзець пытаньне аб дзяржаўнай дапамозе партыям у Беларусі, якія ў іншым выпадку будуць па-ранейшаму знаходзіцца «ў сьпячцы». Вітаецца стварэньне ў 2010 годзе выбарчых фондаў, але застаецца расчараваньне ад іх неабавязковага характару.

У другім дакладзе разглядаецца выкананьне рэкамэндацый наконт нацыянальных антыкарупцыйных органаў, іх магчымасьцяў і імунітэтаў, а таксама аб юрыдычных сродках папярэджаньня карупцыі і барацьбы зь ёй, прапанаваных яшчэ ў 2012 годзе.

Адзначаецца, што ад 2014 году адчувальнага прагрэсу ў Беларусі не дасягнута.

«Некаторыя зьмены — такія, як прыняцьце новай праграмы барацьбы са злачыннасьцю і карупцыяй — варта вітаць. Аднак яны недастатковыя для таго, каб забясьпечыць належны ўзровень выкананьня рэкамэндацый, які застаецца ў цэлым нездавальняючым».

Генэральнаму сакратару Рады Эўропы прапанавана накіраваць ліст міністру замежных спраў Беларусі, каб прыцягнуць ягоную ўвагу да невыкананьня гэтых рэкамэндацый і неабходнасьці рашучых дзеяньняў дзеля найхутчэйшага дасягненьня прагрэсу.

XS
SM
MD
LG