Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А-ля Галівуд на Савецкай плошчы


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

У турыстычны партрэт Горадні ўбудоўваюць кінагісторыю. Няхай турысты ходзяць па вуліцах і бачаць кадры зь фільмаў, што здымалі навокал. І гэта правільна. Вось толькі — што гэта было за кіно? «Вайна і немцы».

Кароль наш, аказваецца, зусім голы… У тым сэнсе, што ўся Беларусь традыцыйна захапляецца той гістарычнай забудовай, якую не зруйнавалі, духам мінуўшчыны, не да канца зьнішчаным. Архітэктурнымі помнікамі, што напаўняюць энцыкляпэдыі і якія прагнуць убачыць турысты. Аднак, як выйшла на паверхню, усе гэтыя каштоўнасьці — пусты гук для стваральнікаў фільмаў, для нацыянальнай кінастудыі.

Дык — ці трэба выстаўляць стэнды з такімі фільмамі? Што яны даюць для турыстычнага іміджу? Паглыбляюць, паляпшаюць? Ці наадварот?

Постэр насупраць касьцёлу з кадрамі з сэрыялаў «СМЕРШ» і «Замах»
Постэр насупраць касьцёлу з кадрамі з сэрыялаў «СМЕРШ» і «Замах»

Першы такі стэнд паявіўся насупраць катэдральнага касьцёлу, бадай што самага вялікага ў Беларусі, рэдкага для Горадні помніка архітэктуры ХVІІ стагодзьдзя. І што мы бачым — кадры зь якога кіно? Пра «СМЕРШ». Вы не памыліліся: запыняюцца турыстычныя групы з Польшчы і Літвы і бачаць, што на гэтай плошчы, побач з касьцёлам здымалі фільм пра «Сьмерць шпіёнам!».

Дык для чаго выстаўляць напаказ такія рэчы? Ну начхаць кіношнікам на гістарычную каштоўнасьць Горадні, але навошта гэта паказваць турыстам з Эўразьвязу? Бо зараз па чарзе паявяцца кадры зь іншых фільмаў, дзе старажытны каралеўскі горад быў патрэбны толькі для таго, каб паказаць то абарону чырвонаармейцамі Магілёва ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, то яшчэ нейкі бой з фрыцамі на вуліцах невядомага райцэнтру. Што праўда, у іншым месцы сёньня паявіўся постэр з такімі кадрамі: фашысты ходзяць па свайму Бэрліну, выкарыстоўваючы гарадзенскі брук, значыць, статус нашага абласнога цэнтру падвысілі да статусу нямецкай сталіцы. Ну хоць гэта, як кажуць.

У Горадні здымалі Бэрлін: кадар зь фільма «Сьляды апосталаў»
У Горадні здымалі Бэрлін: кадар зь фільма «Сьляды апосталаў»

Адчуваецца, што ў галовах тых, хто вырашыў аздобіць горад кінакадрамі, няма разуменьня відавочных рэчаў. Мне даводзілася размаўляць зь некаторымі зь іх. «У пленэры». На месцы, дзе зьбіраліся вешаць кінакадры. І што я пачуў? Вось павесім «Брунэтку за 20 капеек». Я кажу: паслухайце, некалі сам напісаў крытычную рэцэнзію на гэты фільм, яшчэ калі працаваў у «Гродзенскай праўдзе». Прыехала здымачная група з Масквы, каб зрабіць вымучаную позьнесавецкую камэдыю — у нейкім гарадку нібы адкрылі публічны дом. Кадар: на былым каралеўскім тэатры павесілі шыльду «Публічны дом». Мяне асабіста гэта абразіла. Ну, кажу, хіба такое кіно нам трэба выстаўляць перад турыстамі? Глядзяць, але не разумеюць.

А якое тады? Ну вось, кажу, БТ некалі, пры Шушкевічу, здымала сэрыял пра Скарыну ў былым Базыльянскім кляштары. Аказваецца, гарадзкім уладам аб гэтым нічога не вядома. Як і зусім ня ведаюць, што побач з гарвыканкамам некалі на плошчы Тызэнгаўза здымалі сцэны да экранізацыі аповесьці Стэфана Жаромскага «Верная рака». Гэта былі сцэны з Каліноўскім, а Горадня тады замяняла Вільню. (Што праўда, стужка атрымалася нудная. І на расейскай мове, хоць выходзіў нядрэнны беларускі пераклад кнігі.)

Брама, каля якой здымалі сцэны да фільма пра паўстаньне Каліноўскага
Брама, каля якой здымалі сцэны да фільма пра паўстаньне Каліноўскага

Фільмы з такой тэматыкай яны прапагандаваць перад турыстамі не зьбіраюцца. У іх толькі поўны набор савецкіх. Быў такі пад назваю «Белыя росы», дзе акторы зь сібірскага сэрыялу, мужычкі-сібірачкі, ня вельмі пераканаўча нацягваюць на сябе адзежы беларускіх мужчынак. А ў начальства гэтая стужка, можна сказаць, на першым месцы.

Няма сэнсу ўспамінаць аб наяўнасьці «нацыянальнай кінастудыі», якой не прыйшло да галавы, што Горадня — выдатнае месца для гістарычных фільмаў. Уласна кажучы, для стварэньня свайго гістарычнага кіно. І нагода была жалезная — 500 год друкаванай кнігі. З засмучэньнем успамінаю, як мы некалі былі непрыемна ўражаныя: экранізацыі кніг Караткевіча, у якіх замкі і палацы на бачным месцы, рабілі ва Ўкраіне, дома «Беларусьфільм» не знайшоў прыдатных «дэкарацый».

Не зьдзіўлюся, калі заўтра зноў убачу на гарадзенскім бруку той нямецкі танк зь «Беларусьфільма», зроблены ці то з трактара, ці то з савецкага БТР-а, «танкіст» расказваў некалі, але дэталі сьцёрліся з памяці. Такі вось «Галівуд». «СМЕРШ» і гітлерцы. Ніякіх каралёў, вялікіх князёў. І Скарыны.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG