Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні закрываецца «беларускамоўная» будаўнічая крама


Юрась Галянеўскі, гаспадар крамы «Юрась»

На гарадзенскім рынку «Паўднёвы» закрываецца адзіная беларускамоўная будаўнічая крама. Паводле гаспадара, з эканамічных прычынаў.

Крама з будаўнічымі матэрыяламі на рынку «Паўднёвы» была адметная ня толькі тым, што ўсе надпісы на шыльдах былі на беларускай мове, але і тым, што пэрсанал крамы і сам гаспадар размаўлялі па-беларуску.

«Прычыны эканамічныя — не вытрымліваем канкурэнцыі»

Юрась Галянеўскі, гаспадар крамы, расказаў Свабодзе, што зьмяніць профіль сваёй працы задумаўся яшчэ ў 2013 годзе, калі, падбіваючы свае балянсы, заўважыў трывожныя ноткі таго, што прыбытак ад крамы пачаў зьніжацца.

У краме «Юрась»
У краме «Юрась»

«Найбольш адчувальна прыціснула апошнія паўгода, — дзеліцца Галянеўскі. — Не вытрымліваем канкурэнцыі зь вялікімі будаўнічымі маркетамі, а таксама з інтэрнэт-крамамі, якія апошнім часам пачалі займаць значную нішу ў нашым бізнэсе».

Паводле Галянеўскага, прыбытку крама болей не дае, толькі за арэнду штомесяц трэба аддаць 700 рублёў, а пакупніцкая здольнасьць у краіне значна зьменшылася.

У краме «Юрась»
У краме «Юрась»

Тым часам на рынку «Паўднёвы», паводле старшыні рады прадпрымальнікаў рынку Андрэя Шасьцерыкова, скарачаецца колькасьць прадпрымальнікаў. У 2016 годзе на рынку іх працавала каля 1830, за год 136 пакінулі рынак і разарвалі дамову з ЗАТ «Гроднапрамсэрвіс».

Брэнд «Юрась» застанецца

Далей, паводле гаспадара крамы, пачынаецца новы этап у жыцьці. Бізнэс ён кідаць не зьбіраецца, паколькі якраз сёлета споўнілася 20 гадоў, як ён гэтым займаецца.

Ён нават паведаміў, што і ўжо прывычны брэнд «Юрась» ня зьнікне. Цяпер ён рыхтуе новы бізнэс-праект, робіць, як сам кажа, перазагрузку ў сваіх плянах і спадзяецца, што справы ў яго палепшацца.

Юрась Галянеўскі
Юрась Галянеўскі

«Я па-ранейшаму спадзяюся толькі на свае магчымасьці. І намеціў, што буду рабіць, але няхай спачатку нешта зробіцца, а потым пра гэта пагаворым. А што датычыць беларускасьці і брэнду «Юрась», то ён ужо са мною назаўжды.

«Мова ім патрэбная, варта толькі прапанаваць»

З свайго 20-гадовага досьведу ў бізнэсе Галянеўскі захацеў падзяліцца ня тым, дзе лепш купіць і як прадаць. Ён расказаў пра тое, як беларуская мова ўплывала на ягоны бізнэс.

Практыка паказала, што беларуская мова заўсёды працавала на прыбытак. Крама была адметнай, і многія заходзілі сюды празь цікавасьць, а заставаліся сталымі кліентамі.

У краме «Юрась»
У краме «Юрась»

«Як бы там ні было, але большасьць жыхароў гораду — гэта ўчорашнія вяскоўцы, — разважае Галянеўскі. — Калі яны прыходзілі, чулі і бачылі тут беларускую мову, многія проста зьдзіўляліся, што так проста рабіць бізнэс па-беларуску і ўсё ім, пакупнікам, зразумела і нават блізка».

Аказалася, сказаў гаспадар крамы, што людзі папросту траплялі ў сваё натуральнае асяродзьдзе, у якім, як высьветлілася, зручней за ўсё. Былі моманты, якія потым сталі вядомымі гісторыямі пра тое, як расейскамоўныя пакупнікі пасьля абслугоўваньня ў краме «Юрась» зусім па-іншаму глядзелі на беларускую мову. Галянеўскі заўважае, што каля 60% пакупнікоў, калі ім адказвалі па-беларуску, імкнуліся падтрымліваць размову на роднай мове.

«Беларуская мова, з майго досьведу, — дадатковая рэкляма бізнэсу. Асабліва адчувальна гэта стала ўжо на пачатку двухтысячных, калі людзі ў Беларусі паглядзелі на сваю мову іншымі вачыма. Я дакладна ведаю, што мова ім патрэбная, яны адгукаюцца на яе, варта толькі прапанаваць».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG