Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад Беларусі падрыхтаваў тыпавыя праекты «вёскі будучыні» і абяцае сялянам заробак 700 рублёў


Ілюстрацыйнае фота. Аграгарадок Аўсянка

Віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы абяцаў, што сярэдні заробак у сельскай гаспадарцы павінен дарасьці да 700 рублёў.

На сумесным паседжаньні дзьвюх палатаў Нацыянальнага сходу 30 лістапада быў заслуханы даклад віцэ-прэм’ера Міхаіла Русага. Ён ва ўрадзе адказвае за аграрны сэктар.

Сярод іншага чыноўнік паабяцаў прыступіць да выплаты «годных заробкаў» і закладаньня «вёскі будучыні».

Міхаіл Русы
Міхаіл Русы

Намесьнік кіраўніка ўраду заявіў, што сёньня ёсьць усе магчымасьці атрымліваць «годную плату» за зробленую працу. Так, ужо ў сьнежні, паводле яго слоў, сярэдні заробак у сельскай гаспадарцы павінен дарасьці да 700 рублёў. Пакуль, як вынікае з афіцыйнай статыстыкі за 10 месяцаў, гэтая лічба толькі крыху перавышае 500 рублёў.

Пры гэтым многія работнікі сельскагаспадарчых арганізацый наракаюць, што маюць нізкія прыбыткі, часта нават меней за 100 рублёў.

Вёска, у якой працуюць за 80 рублёў на месяц

Таксама Міхаіл Русы агучыў рэцэпт эфэктыўнага «стрымліваньня моладзі» ў сельскай мясцовасьці.

«Забясьпечыць ўзровень жыцьця ў вёсцы — асноўная наша задача», — цытуе чыноўніка БелТА.

«Прыблізна як Копысь»

Русы заявіў, што ў кожнай вобласьці ўжо вызначаныя адрасы для рэалізацыі пілётных праектаў пад стварэньне «вёскі будучыні».

«Падрыхтаваны тыпавыя праекты „вёскі будучыні“. Ужо вызначаны паселішчы, на базе якіх будуць адпрацоўвацца пілётныя праекты», — адзначыў віцэ-прэм’ер, не ўдакладніўшы, што менавіта зьменіцца ў параўнаньні з аграгарадкамі. Сказаў толькі, што гэта «крок наперад».

Як перадае Tut.by, Русы запэўніў, што «вёска будучыні» будзе выглядаць «прыблізна як Копысь» (малая радзіма Аляксандра Лукашэнкі), а таксама як аграгарадкі Жамчужны (Баранавіцкі раён) і Верцялішкі (Гарадзенскі раён).

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG