Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«15-гадзінны працоўны дзень здараецца часта». Адвакатка Саньнікава і Дашкевіча цяпер працуе ў ЗША


Марына Кавалеўская

Скончыла Гарвард і расьсьледуе карупцыйныя справы ў міжнароднай кампаніі ў Вашынгтоне — пра сваё жыцьцё ў ЗША апавядае адвакатка Марына Кавалеўская, якая пасьля падзеяў 2010-га абараняла Андрэя Саньнікава і Зьмітра Дашкевіча.

Пра 2200 працоўных гадзінаў на год, стаўленьне амэрыканцаў да карупцыі і тое, чаму ў Амэрыцы ніхто ня сьпісвае — у эксклюзіўным інтэрвію Свабодзе.

«Калі студэнт-юрыст сьпісвае на экзамэне, яго могуць пазбавіць права практыкаваць у ЗША»

— У якой кампаніі вы цяпер працуеце і наколькі гэта новая для вас сфэра?

— У міжнароднай юрыдычнай фірме Miller&Chevallier, якая знаходзіцца ў Вашынгтоне. Ёй ужо амаль 100 год. Яна займаецца рознымі відамі справаў, у тым ліку ў сфэрах міжнароднага прыватнага права, падатковага права, экспартнага, санкцыйнага кантролю і службовых злачынстваў.

У ЗША многія юрыдычныя фірмы незалежна ад профілю вядуць справы «pro bono» — дапамагаюць кліентам у складаных жыцьцёвых сытуацыях бясплатна.

Я працую ў міжнародным дэпартамэнце. Адна з асноўных сфэраў маёй практыкі — расьсьледаваньні ў рамках закону ЗША «Аб процідзеяньні карупцыі за мяжой». Гэты закон выходзіць далёка за межы ЗША. Ён прадугледжвае адказнасьць амэрыканскіх і замежных кампаніяў і супрацоўнікаў за хабар службовым асобам замежных дзяржаваў.

Наша кампанія расьсьледуе карупцыю ў тым ліку ў краінах нашага рэгіёну, дапамагае кліентам высьвятляць абставіны парушэньняў, ліквідоўваць іх, паляпшаць працэдуры, каб прадухіліць парушэньні ў будучыні. Санкцыі за парушэньне гэтага закону ўключаюць турэмныя тэрміны і вялізныя штрафы (у памеры, як паказвае практыка, да мільярду даляраў).

Я таксама займаюся пытаньнямі правоў чалавека і бізнэсу ў сфэры так званай карпарацыйнай сацыяльнай адказнасьці.

Што цікава, у ЗША многія юрыдычныя фірмы незалежна ад профілю вядуць справы «pro bono» — дапамагаюць кліентам у складаных жыцьцёвых сытуацыях бясплатна. І мая фірма надае такой працы асаблівую ўвагу.

15-гадзінны працоўны дзень — зьява даволі пашыраная.

У міжнародных юрыдычных фірмах у ЗША вельмі строгія правілы што да працоўнай этыкі. Чакаецца, што юрыст адпрацуе каля 2200 гадзін на год. 15-гадзінны працоўны дзень — зьява даволі пашыраная. Работа ў юрыдычных кампаніях у ЗША лічыцца вельмі прэстыжнай і аплочваецца вышэй, чым у іншых сфэрах юрыдычнай практыкі. Напрыклад, чым у дзяржаўных установах ці няўрадавых арганізацыях.​

Марына Кавалеўская пасьля сканчэньня Гарварду
Марына Кавалеўская пасьля сканчэньня Гарварду

— Хто замаўляе расьсьледаваньні карупцыі ў кампаніях, якія дзейнічаюць за мяжой?

— Мы працуем з кампаніямі розных памераў і профіляў, зацікаўленых у тым, каб прадухіліць падобныя парушэньні за мяжой. Можаце ўявіць вялікую транснацыянальную кампанію, якая мае офісы па ўсім сьвеце. І дзесьці, скажам, у Лацінскай Амэрыцы ці ў нашым рэгіёне, у прадстаўніцтве кампаніі плацяць хабар нейкай службовай асобе. Згодна FCPA (Foreign Corrupt Practices Act, Закон аб супрацьдзеяньні карупцыі. — РС), калі гэта амэрыканская кампанія ці замежная кампанія, якая гандлюе каштоўнымі паперамі на біржы ЗША ці працуе на рынку ЗША, амэрыканскі ўрад можа пакараць яе за такія парушэньні і за мяжой. Каб урад ЗША меў юрысдыкцыю, ня трэба нават знаходзіцца ў ЗША, дастаткова адаслаць электроннае паведамленьне ў ЗША ці выкарыстаць паслугі амэрыканскага банку.

Наша праца ў тым, каб дапамагаць кампаніям дасьледаваць падобныя парушэньні. Калі амэрыканскі ўрад ужо вядзе расьсьледаваньне, мы супрацоўнічаем зь ім, дапамагаем карпарацыям выяўляць праблемы з выкананьнем ўнутраных працэдураў, потым іх карэктаваць, весьці перамовы з амэрыканскім урадам і так дапамагаць кампаніям мінімізаваць нэгатыўныя наступствы такіх парушэньняў. Калі міжнародныя кампаніі завязваюць бізнэс-адносіны з партнэрамі ў краінах з падвышанымі рызыкамі, мы дапамагаем ім мінімізаваць карупцыйныя рызыкі. Акрамя таго, дапамагаем замежным кампаніям распрацоўваць правілы і працэдуры для працы на амэрыканскім рынку ці супрацы з амэрыканскімі кампаніямі.

Як я казала, штрафы за парушэнне гэтага закону вельмі высокія. Не расьсьледаваць падобныя правапарушэньні і не прымаць захадаў можа азначаць для кампаніі яе канец.

— Самі амэрыканцы, амэрыканскае грамадзтва інакш ставіцца да карупцыі, чым беларусы?

— На заканадаўчым узроўні і ў ЗША, і ў Беларусі карупцыя караецца. Адрозьненьні ў тым, як закон ужываецца, і ў культурных асаблівасьцях.

Акрамя закону «Аб процідзеяньні карупцыі за мяжой», у ЗША ёсьць нацыянальнае заканадаўства, якое забараняе карупцыю, забараняе хабар у самой дзяржаве. Гэтаксама як і ў Беларусі.

Іншая рэч, што грамадзтва тут успрымае карупцыю інакш. У Беларусі пра карупцыю ў прынцыпе не гавораць, бо яна сканцэнтраваная на найвышэйшым ўзроўні. Часам праводзяць расьсьледаваньне і выносяць судовыя прысуды. Але незалежнай судовай сыстэмы і сьледзтва няма, таму ў Беларусі гаварыць пра тое, што ідзе сыстэмная барацьба з карупцыяй, не выпадае.

У ЗША немагчыма ўявіць студэнта юрыдычнага факультэту, які сьпісвае на экзамэне!

У ЗША сытуацыя іншая. Нават у школах і ўнівэрсытэтах падыход вучняў да такіх рэчаў, як сьпісваньне, вельмі моцна розьніцца. У ЗША немагчыма ўявіць студэнта юрыдычнага факультэту, які сьпісвае на экзамэне! Іх ніхто не кантралюе, выкладчык можа пакінуць вас у кабінэце аднаго на ўсе тры гадзіны экзамэну. Але вы не пасьмееце разгарнуць кнігу ці кудысьці падглядзець. Бо калі гэта зробіце, вас як мінімум могуць выгнаць з гэтага ўнівэрсытэту, а як максымум — вы ніколі ня будзеце мець права практыкаваць у ЗША.

Мне здаецца, правільна было б пачынаць барацьбу з карупцыяй з выкананьня дзейнага заканадаўства. У Беларусі законы для гэтага ёсьць. Іншая рэч, што яны не выконваюцца.

— У Беларусі вельмі часта людзі скардзяцца, што іх несправядліва асудзілі. Чытаючы амэрыканскую прэсу, разумееш, што і там шмат незадаволеных. Але наколькі амэрыканская сыстэма здольная даць чалавеку магчымасьць давесьці сваю рацыю, калі ён лічыць, што супраць яго ўчынілі несправядлівасьць?

— Абмяркуем, напрыклад, непраўдзівыя сьведчаньні. Гэта крымінальнае злачынства, якое строга караецца законам ЗША. Калі вызначана, што чалавек хлусіў пад прысягай, ён можа быць асуджаны ажно да пазбаўленьня волі. А гэта азначае, што калі вы будзеце выступаць як сьведка калісьці ў будучыні, нават праз многія гады, вашыя паказаньні суд адхіліць, бо вы ўжо аднойчы схлусілі пад прысягай. Хутчэй за ўсё, вам таксама будзе складана знайсьці добрую працу, бо вы ўжо паказалі, што не заслугоўваеце на давер.

У Беларусі закон таксама карае за непраўдзівыя сьведчаньні, як ні дзіўна. Іншая рэч, што закон судзьдзі не выконваюць. Падчас маёй практыкі я ў кожным працэсе ў межах палітычна матываваных справаў і ня толькі выкрывала ману сьведак. Даходзіла да абсурду, але, на жаль, не прыводзіла да вынікаў. Толькі аднойчы судзьдзя Менскага гарадзкога суду адправіў справу на дапрацаваньне, бо мы заявілі, што мая падабаронная мае рост прыкладна 160 см і не магла заскочыць на драбіну, якая знаходзілася за мэтры два з паловай над зямлёй. Але яе ўсё роўна ў выніку прызналі вінаватай. Таму адрозьненьні тут не ў наяўнасьці закону, а ў яго выкананьні.

«Адмовіцца абараняць людзей у 2010-м было б непрафэсійна». Як беларускія адвакаты выбіраюць: працаваць паводле закону ці на загад зьверху

— У Беларусі вы ўжо былі юрыстам з рэпутацыяй, досьведам, мелі сям’ю, дзіця. І раптам пачынаеце абсалютна новы прафэсійны этап у іншай краіне з зусім іншай сыстэмай, людзьмі, культурай. Як прымалася такое рашэньне?

— Мы прыехалі ў ЗША ў 2012 годзе, і гэта быў вымушаны крок. Калі б ня ціск на мяне ў сувязі з маёй працай у палітычна матываваных справах, мы не паступалі б у амэрыканскія ўнівэрсытэты і засталіся б у Беларусі.

Мяне пастаянна папярэджвалі, пагражалі, што пазбавяць ліцэнзіі, ды іншымі наступствамі.

За два гады мяне вымусілі тройчы памяняць юрыдычныя кансультацыі. І было ясна, што ў бліжэйшы час па кар’ернай лесьвіцы я ўзьнімацца ня буду як мінімум. Мяне пастаянна папярэджвалі, пагражалі, што пазбавяць ліцэнзіі, ды іншымі наступствамі. Трэба было прымаць рашэньні. І я падала дакумэнты ў Юрыдычную школу Гарварду, калі мне было ўжо зразумела, што доўга практыкаваць у Беларусі не змагу.

Досьвед у Беларусі для мяне быў вельмі каштоўным. Праз тое, што даводзілася працаваць пад вялізным ціскам, яшчэ будучы маладым адвакатам, я вельмі хутка навучылася працаваць эфэктыўна, сьмела, згодна з правіламі этыкі, а не падпарадкоўваючыся ціску. Для мяне было вельмі важна рабіць працу добра і старацца дапамагаць сваім кліентам пры адсутнасьці вяршэнства права ў краіне. Акрамя прафэсійнага разьвіцьця, праца ў Беларусі прывяла ў маё жыцьцё шмат разумных i годных людзей, зь якімі мы дагэтуль падтрымліваем вельмі добрыя стасункі.

Я пастаянна сачу за навінамі з дому і бачу станоўчую дынаміку ў некаторых сфэрах. Нягледзячы на гэта, разумею, што сыстэмных зьменаў не адбываецца. Прыклад таму — незаконнае пазбаўленьне ліцэнзіі маёй калегі Ганны Бахціной.

Прайшло 7 год, а мэтады ціску на адвакатуру ў Беларусі абсалютна не зьмяніліся.

Прайшло 7 год, майму сыну ўжо 9, а мэтады ціску на адвакатуру ў Беларусі абсалютна не зьмяніліся. Толькі рэальныя зьмены ў галіне вяршэнства права могуць гарантаваць дынамічнае эканамічнае разьвіцьцё, паляпшэньне міжнароднай рэпутацыі Беларусі, а ў яе вялізны патэнцыял. Спадзяюся, прыйдзе час, калі ён будзе рэалізаваны.

З сынам Янам
З сынам Янам

— Калі вам прапанавалі абараняць людзей у 2010-м, вы ўжо ўсьведамлялі гэтыя справы як палітычна матываваныя? Разумелі наступствы свайго рашэньня, калі пагаджаліся?

— Адміністрацыйнымі справамі я пачала займацца адразу, абсалютна не задумваючыся. У той момант маіх больш дасьведчаных калегаў пачалі пазбаўляць ліцэнзіяў. Я зразумела, што сытуацыя крытычная, што адвакатура не змагаецца за сваю незалежнасьць, прафэсійная супольнасьць дазваляе так абыходзіцца са сваімі калегамі, зь якімі многія працавалі па 20-30 год. Калі мне прапанавалі займацца крымінальнымі справамі, я гэта абдумвала, бо разумела рызыку для маёй сям’і.

Але я хацела быць адвакатам, колькі сябе памятаю. Пачынаючы з клясы восьмай дакладна ведала, што буду адвакатам. І заўсёды хацела працаваць згодна з законам і правіламі этыкі, а ня згодна зь нейкім указаньнем начальства ці ўладаў.

Адмовіцца ад удзелу ў гэтых справах з прычыны ціску ўладаў было б абсалютна непрафэсійна. Ужо ня кажучы пра маральны бок.

Мяне часта пытаюць: «Як ты, такі малады адвакат, тады была такая сьмелая і пайшла на рызыку»? Насамрэч гэта праца адваката і ўсё. Адвакат павінен абараняць сваіх кліентаў. Калі мы абстрагуемся ад палітычнай матываванасьці гэтых справаў, то кожны чалавек, згодна з Канстытуцыяй, з крымінальна-працэсуальным кодэксам, мае права на абарону. Гэта ня значыць, што адвакат павінен выдумляць, што кліент не ўчыняў злачынства. Сутнасьць працы адваката ў тым, каб у дачыненьні да яго кліента выконваўся закон.

Таму, з аднаго боку, рашэньне было дастаткова сур’ёзным, з другога — адзіна правільным. Адмовіцца ад удзелу ў гэтых справах з прычыны ціску ўладаў было б абсалютна непрафэсійна. Ужо ня кажучы пра маральны бок.

«Здача адвакацкага экзамэну была найцяжэйшым выпрабаваньнем для мяне і маёй сям’і». Зь якой ангельскай мовай можна ў Гарвард і колькі каштуе там вучыцца (спойлер: усё магчыма і нават бясплатна)

— За 5 гадоў у Штатах і вы, і муж атрымалі прэстыжную адукацыю, працу. Сын Ян ходзіць у міжнародную школу. Ці проста гэта ўдалося?

— Давялося пачынаць з нуля. Нашаму сыну Яну было 4 гады. Вучоба ў Гарвардзе — гэта вельмі цяжка. Я жыла ў Бостане з сынам, а муж год жыў у Вашынгтоне і вучыўся на сваёй праграме. Жыцьцё на два гарады!

Каб стаць адвакатам у ЗША, юрыст зь Беларусі павінен атрымаць дыплём юрыдычнай школы, а таксама здаць іспыт на права практыкаваць.

Каб стаць адвакатам у ЗША, юрыст зь Беларусі павінен атрымаць дыплём юрыдычнай школы, а таксама здаць іспыт на права практыкаваць. Падрыхтоўку да адвакацкага экзамэну не магу параўнаць абсалютна ні з чым. Найцяжэйшае выпрабаваньне для мяне і ўсёй маёй сям’і.

Потым пошук працы, атрыманьне ліцэнзіі адваката, шматлікія пераезды. Нам было зусім ня сумна.

З мужам Валерам і сынам Янам
З мужам Валерам і сынам Янам

— Ці юрыст зь беларускім дыплёмам можа разьлічваць на кар’еру ў амэрыканскай юрыдычнай сыстэме? Ці трэба проста забыцца на ўвесь свой беларускі досьвед і пачаць усё спачатку?

— Не. Мой беларускі дыплём быў патрабаваньнем для паступленьня ў амэрыканскую магістратуру ў Юрыдычнай школе Гарварду. Таму гэта проста неабходна. Калі нехта хоча пачынаць вучобу спачатку — атрымліваць дыплём бакаляўра, а потым ісьці ў юрыдычную школу, — гэта ў выніку складзе каля 7 гадоў. Таксама можна атрымаць стандартны дыплём юрыста на базе беларускай адукацыi — зойме 3 гады. Мая магістарская праграма была гадавой.

Каб стаць адвакатам у ЗША, юрыст зь Беларусі павінен атрымаць дыплём юрыдычнай школы (гэта можа быць магістарскі дыплём, як у маім выпадку), а таксама здаць экзамэн на ліцэнзію — адзін з самых складаных у сьвеце. Але вучоба ў амэрыканскіх унівэрсытэтах — цудоўная магчымасьць выйсьці на новы ўзровень. Бо падыходы да выкладаньня, вучобы кардынальна адрозьніваюцца ад таго, да чаго мы прызвычаіліся. Таму я адназначна раіла б тым, хто мае цікавасьць да міжнароднай прафэсіі, вывучыць гэтае пытаньне.

Вучоба ў ЗША — гэта вельмі дорага, але многія амэрыканскія ўнівэрсытэты дапамагаюць іншаземным студэнтам.

У матэрыяльным пляне вучоба ў ЗША — гэта вельмі дорага. Проста немагчыма ўявіць, што шараговы спэцыяліст, юрыст, адвакат зь Беларусі можа аплаціць сабе вучобу ў такіх унівэрсытэтах, яна каштуе шалёныя грошы. Але, што вельмі важна, Гарвард, Ейл і многія іншыя амэрыканскія ўнівэрсытэты дапамагаюць іншаземным студэнтам, разумеючы гэтыя асаблівасьці. Маюць вялізныя фонды й вельмі часта падтрымліваюць студэнтаў: аплочваюць ім навучаньне на праграме і нават даюць стыпэндыі.

— Які ўзровень ангельскай мовы неабходны, каб пачаць такое навучаньне?

— Я ангельскую вучыла ў дзяцінстве і вучылася адзін год у амэрыканскай школе. Потым працавала з ангельскай мовай ва ўнівэрсытэце, працавала перакладнікам і выкладала, таму моўнага шоку ў мяне не было. Але ў ЗША да юрыстаў стасуюцца найстражэйшыя правілы правапісу. Маю на ўвазе прафэсійна напісаныя тэксты, нават не артаграфічныя ці пунктуацыйныя памылкі. Кажу пра стылістыку, якую людзі напрацоўваюць гадамі вучобы, — пішуць шматлікія эсэ, дасьледаваньні, вучацца пісаць сваімі словамі: вельмі шмат ўвагі надаецца таму, як чалавек выказвае думкі на пісьме.

Тым ня менш калі нехта задумваецца пра вучобу тут, то ангельская мова — абсалютна не перашкода, паверце. Давёўшы мову да прыстойнага ўзроўню ў Беларусі і годна здаўшы TOEFL, вы прыедзеце ў ЗША і неўзабаве адаптуецеся, і мова ў вас хутка палепшыцца.

— Вы ўжо казалі, што нельга сьпісваць, а што яшчэ ўразіла вас у амэрыканскім унівэрсытэце?

І плягіят, і вучоба ад сэсіі да сэсіі тут зусім не магчымыя. Большасьць студэнтаў у Гарвардзе вучацца на мяжы сваіх магчымасьцяў.

— Падыход да вучобы кардынальна розьніцца. І плягіят, і наагул вучоба ад сэсіі да сэсіі тут зусім не магчымыя. Большасьць студэнтаў у Гарвардзе вучацца на мяжы сваіх магчымасьцяў. Ва ўнівэрсытэты на розныя падзеі запрашаюць экспэртаў першай велічыні, і студэнты маюць унікальную магчымасьць зь імі камунікаваць, пашыраць кола знаёмстваў. Са мной вучыліся юрысты з васьмідзесяці краін сьвету. Можаце ўявіць, які разнастайны досьвед яны прыўносілі ў праграму.

Я б адназначна раіла паспрабаваць паступаць у амэрыканскія ўнівэрсытэты, якія часта надаюць фінансавую падтрымку, і вучоба можа быць для вас цалкам бясплатная. Ня ведаю нікога, хто пашкадаваў бы пра сваё рашэньне вучыцца тут.

Марына Кавалеўская
Марына Кавалеўская

— Да якіх прафэсійных складанасьцяў варта рыхтавацца?

— Пачнем з таго, што ў Беларусі і ЗША дзьве зусім розныя сыстэмы права. У Беларусі права кадыфікаванае, і праўныя нормы распрацоўвае і сыстэматызуе заканадаўства. У ЗША жывое прэцэдэнтнае права. Суды ЗША вызначаюць вялізную частку праўных нормаў. Больш за тое, у ЗША судовыя прэцэдэнты фармуюцца асобна судамі штатаў і фэдэральнымі судамі.

На практыцы гэтая сыстэма законаў надзвычай складаная. Права асобных штатаў можа кардынальна адрозьнівацца. Напрыклад, адбылася аўтамабільная аварыя дзесьці ў штаце Нью-Ёрк, адзін з удзельнікаў з Вірджыніі, а другі з Масачусэтсу. Мы сутыкнёмся зь няпростай задачай вызначыць, у якім судзе будзе разглядацца справа і права якога штату будзе стасавацца. У судзе штату Вірджынія паводле месца жыхарства пазоўніка ці у судзе Масачусэтсу адпаведна месцу жыхарства пазванага? Ці штату Нью-Ёрк, дзе адбылася аварыя? Ад выбару суду і стасавальнага права залежыць вынік справы. Гэтая зусім звычайная сытуацыя ілюструе складанасьць праўнае сыстэмы ЗША.

Судзьдзі кантралююць законнасьць рашэньняў выканаўчай улады, у тым ліку прэзыдэнта.

У ЗША судзьдзі маюць вялікую павагу. Яны абсалютна незалежныя ў сваіх рашэньнях. А званок да судзьдзі, да прыкладу, з пракуратуры ці Міністэрства юстыцыі з «разнарадкай» вынесьці абвінаваўчы прысуд проста немагчымы! Наадварот, судзьдзі кантралююць законнасьць рашэньняў выканаўчай улады, у тым ліку прэзыдэнта. Нядаўна шэраг фэдэральных судоў заблякаваў указ прэзыдэнта, які абмяжоўваў уезд у ЗША грамадзян пэўных дзяржаваў. Гэта досыць шараговая сытуацыя для гэтай краіны.

Адмысловае значэньне мае ў ЗША Вярхоўны суд, рашэньні якога вельмі ўплываюць на жыцьцё грамадзтва. Судзьдзі Вярхоўнага суду прызначаюцца зь ліку найвыдатнейшых юрыстаў краіны і служаць на сваіх пасадах пажыцьцёва, карыстаючыся велізарнай павагай.

Пры допуску да прафэсіі, у дадатак да складанага экзамэну, адвакацкая супольнасьць расьсьледуе рэпутацыю будучага адваката.

Адзін з найцікавейшых для мяне момантаў — гэта стаўленьне ў ЗША да юрыдычных прафэсіяў. Атрымаць дыплём юрыста і быць дапушчаным да практыкі лічыцца тут надзвычай складаным і прэстыжным. Пры допуску да прафэсіі, у дадатак да вельмі складанага экзамэну, адвакацкая супольнасьць расьсьледуе рэпутацыю будучага адваката. Калі, напрыклад, ты сыстэматычна парушаў правілы дарожнага руху ці не аддаў пазыку, ёсьць імавернасьць, што да прафэсіі цябе не дапусьцяць. Больш за тое, калі адвакату стала вядома пра сур’ёзную правіну калегі, ён павінен згодна з правіламі этыкі паведаміць у калегію адвакатаў.

Этычнаму боку юрыдычнай практыкі тут надаецца вялізная ўвага. Адвакат ЗША ня можа, да прыкладу, рэкамэндаваць кліенту зманіць суду ці зьнішчыць доказы. А калі адвакат ведае, што кліент непраўдзіва сьведчыць, ён павінен ці выйсьці са справы, ці адмовіцца ад выкарыстаньня ілжэсьведчаньняў у сваіх аргумэнтах перад судом.

Пасьля сканчэньня Гарварду з бацькамі, мужам Валерам і сынам Янам
Пасьля сканчэньня Гарварду з бацькамі, мужам Валерам і сынам Янам

«Настаўнік сказаў хлопчыку, што ён плача як дзяўчынка. Тады дзяўчаткі з клясы паскардзіліся адміністрацыі». Як жанчынам ня стрымліваць сваіх амбіцыяў

— Як вы пачуваецеся там як жанчына-прафэсіянал?

— Мне цікава на гэтае пытаньне адказаць. І ў ЗША, і ў Беларусі сумяшчаць ролю мамы, жонкі, прафэсіянала няпроста. Здаровы балянс магчымы толькі пры падтрымцы партнэра і ягонага роўнага ўдзелу ў справах сям’і. Яшчэ да вясельля мы з будучым мужам шмат размаўлялі, як бачым нашыя ролі. Падобныя размовы адназначна ня зь лёгкіх, але праясьніць гэтыя пытаньні давядзецца, і гэта лепей рабіць як мага раней.

Наш сын Ян нарадзіўся ў пачатку майго 5-га курсу ў Беларусі. Гэта не перашкодзіла мне скончыць унівэрсытэт на «выдатна». Я працавала адвакатам у Беларусі ў вельмі складаных умовах, калі сыну было 2-3 гады. Мы разам зь Янкам скончылі Гарвард: я — Юрыдычную школу, а ён — дзіцячы садок пры Гарвардзе. Мая сям’я — гэта крыніца маёй матывацыі, сілаў, у тым ліку ў прафэсіі.

Юрыдычныя школы ЗША цяпер заканчвае пароўну жанчын і мужчын. Затое доля жанчын на пасадзе старэйшага юрыста складае 34%, а на пасадзе партнэра — 26%.

Цікавы факт: Гарвардзкая юрыдычная школа адкрылася ў 1818 годзе. І ўявіце сабе, што толькі ў 1950 годзе туды дапусьцілі студэнтак. Юрыдычная прафэсія традыцыйна была прафэсіяй заможных мужчын. Яшчэ адзін цікавы факт — юрыдычныя школы ЗША цяпер заканчвае пароўну жанчын і мужчын. Пачынаючых адвакатаў таксама прыкладна палова на палову. Затое доля жанчын на пасадзе старэйшага юрыста складае 34%, а на пасадзе партнэра — 26%. У маёй фірме пытаньню роўнасьці і барацьбе з забабонамі надаюць шмат увагі. Праводзяцца рэгулярныя трэнінгі, сходы жанчын-юрыстаў.

Мае бацькі мяне ніколі не абмяжоўвалі пэўнай роляй. І падтрымлівалі ўва ўсіх пачынаньнях, падштурхоўвалі, калі трэба, ставілі мне складаныя мэты. Дасягненьне гендэрнай роўнасьці ў грамадзтве — безумоўна, доўгі працэс, але ён ужо пачаўся, і наўрад ці яго можна будзе спыніць.

Нядаўна сын расказаў, што ў іхнай школе настаўніца сказала хлопчыку, што ён плача, як дзяўчынка. Дзевяцігадовыя дзяўчаткі ў 4-й клясе самастойна сабраліся разам і пайшлі да адміністрацыі школы скардзіцца, тлумачыць, як словы настаўніцы іх пакрыўдзілі. Таму я за будучыню сына і ягоных аднагодак у гэтым пытаньні спакойная.

— А ў Беларусі як гэта было?

— Я таксама пра гэта задумвалася. Ня памятаю, каб у школе і ва ўнівэрсытэце ў мяне былі нейкія перашкоды праз тое, што я жанчына. Ва ўнівэрсытэце некаторыя выкладчыкі па некалькі разоў згадвалі, што яны ўзгадоўваюць на факультэце міжнародных адносінаў, аддзяленьні міжнароднага права, дзе я вучылася, «жонак дыпляматаў». Гэта хутчэй зьвязана зь іхным прафэсійным узроўнем. Наўрад ці кагосьці з маіх аднагрупніц такое спыніла ў іхных амбіцыях. Спадзяюся, цяпер ужо шмат часу прайшло, і такія рэмаркі ва ўнівэрсытэце, у школе недапушчальныя.

З сынам Янам
З сынам Янам

«У школе дзеці абмяркоўваюць правы чалавека і міграцыйны крызыс». Як важна навучыць дзіця думаць самастойна

— Як зьмяніўся ўклад у вашай сям’і пасьля пераезду ў ЗША?

Нам важна, што ў ЗША ёсьць бясконцыя магчымасьці захоўваць і разьвіваць сваю нацыянальную ідэнтычнасьць.

— Нам важна, што ў ЗША ёсьць бясконцыя магчымасьці захоўваць і разьвіваць сваю нацыянальную ідэнтычнасьць. Мы зь Янам, напрыклад, гаворым дома на дзьвюх мовах: мой муж размаўляе па-беларуску, я па-расейску. І Ян абсалютна адназначна называе сябе беларусам. Маем магчымасьць асабіста камунікаваць са знакамітымі беларусамі, якія сюды наведваюцца. Толькі нядаўна сюды прыяжджалі Сьвятлана Алексіевіч, Лявон Вольскі, Зьміцер Вайцюшкевіч, Алесь Бяляцкі, «Свабодны тэатар», гурт «Стары Ольса».

Мы вельмі любім падарожнічаць, хадзіць у паходы, гуляць, дасьледаваць новыя месцы, хадзіць у музэі, тэатры. Вашынгтон у гэтым пляне цудоўна разьмешчаны, побач з намі горы Апалачы, да акіяну 2,5 гадзіны. Тут маса культурных захадаў, вельмі шмат выдатных музэяў.

Ня думаю, што нашыя падыходы да выхаваньня сына вельмі зьмяніліся пад уплывам амэрыканскай культуры. Дадаткова да школы, дзе Ян вучыцца па-ангельску і па-француску, мы стараемся даць яму магчымасьць выпрабоўваць сябе ў розных сфэрах. Ён грае на фартэпіяна, мае заняткі тхэквандо, плаваньнем, керамікай.

Найважнейшае для мяне — што Ян гадуецца ў асяродзьдзі, дзе вітаецца ініцыятыва і розныя меркаваньні, дзе яго вучаць аналізаваць і рабіць незалежныя высновы.

Затое я заўважыла істотнае адрозьненьне ў падыходах школ ЗША і Беларусі. Найважнейшае для мяне — тое, што Ян гадуецца ў асяродзьдзі, дзе вітаецца ініцыятыва і розныя меркаваньні, дзе яго вучаць аналізаваць і рабіць незалежныя высновы. Дзеці абмяркоўваюць актуальныя праблемы, напрыклад, пытаньні правоў жанчын, меншасьцяў, міграцыйны крызіс, палітычныя рэжымы. Дзецям насамрэч вельмі лёгка разумець такія тэмы. У гэтым узросьце яны ясна ўсьведамляюць, што такое справядлівасьць, што добра і што дрэнна.

Мы зь Янам часта абмяркоўваем падобныя пытаньні. Я яму расказваю пра сваю працу, мы абмяркоўваем навіны палітыкі ЗША і ў Беларусі. Мы з мужам стараемся даць Яну магчымасьць рабіць незалежныя высновы, абмяркоўваючы і не навязваючы сваю думку.

Вось забаўны прыклад. Ян вучыцца ў малодшай школе — там дзеці ад садочку да 5-й клясы. Аднойчы, каб вырашыць канфлікт у школе, Ян папрасіў мяне апісаць працэс з удзелам прысяжных і спрабаваў арганізаваць паседжаньне са сваімі аднаклясьнікамі. Падчас прэзыдэнцкай гонкі ў ЗША дзеці самыя падчас перапынкаў арганізоўвалі свае раўнды галасаваньня.

Я ня ведаю, як паводзяць сябе бацькі ў іншых сем’ях, але па дзецях, якія не саромеюцца выказваць сваю думку, я бачу, што дома яны растуць у свабодным асяродзьдзі, дзе погляды ім не навязваюцца. Гэта важны аспэкт культуры у тым месцы, дзе мы жывём. Мы жывём у шматнацыянальным горадзе, і школа нашага сына таксама міжнародная. Таму, цалкам імаверна, тое, што я вам расказваю, спэцыфічна менавіта для Вашынгтону.

Цяпер, калі гэтулькі праблемаў у амэрыканскім грамадзтве абмяркоўваецца, ізаляваць дзяцей ад гэтай інфармацыі немагчыма. Таму лепей зь імі гэтыя пытаньні абмяркоўваць, бо яны іх вельмі хвалююць.

Зь другога боку, у некаторых пытаньнях у дзяцей дастаткова лёгка фармуецца погляд. Бо яны ў гэтым узросьце маюць моцнае адчуваньне справядлівасьці. Iм лёгка патлумачыць, як несправядліва тое, што іхная мама на такой самай працы, як і тата, будзе зарабляць менш грошай, толькі таму, што яна жанчына.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG