Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскі дэпутат выйшаў з парлямэнцкай камісіі пасьля расьсьледаваньня беларускага бізнэсу жонкі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Літоўскі дэпутат Артурас Скарджус, жонка якога мае энэргетычны бізнэс у Беларусі, заявіў, што пакідае камісію энэргетыкі Літоўскага сэйму, паведамляе Delfi.

Гэтае сваё рашэньне ён агучыў 28 лістапада ў сэйме, калі парлямэнтары абмяркоўвалі высновы расьследаваньня Антыкарупцыйнай камісіі.

Паводле камісіі, сябра Сацыял-дэмакратычнай працоўнай партыі Артурас Скарджюс мог справакаваць канфлікт грамадзкіх і прыватных інтарэсаў. Пры наяўнасьці ўласных інтарэсаў у сфэры аднаўляльных крыніц энэргіі, Скарджус мог уносіць папраўкі да законаў, магчыма, выгадных для сямейнага бізнэсу.

Жонка Скарджуса дала пазыку беларускаму прадпрыемству па выпрацоўцы электраэнэргіі «Інвэстэнэргабуд», дзе ёй належыць 20% акцый. Пазыку гэтаму прадпрыемству прадаставіў таксама банк расейскага газавага канцэрну «Газпром» — «Белгазпрамбанк», паведамляе Delfi.

У зьвязку з расьсьледаваньнем паўстала пытаньне пра знаходжаньне Артураса Скарджуса ў камітэце эканомікі і ў камісіі энэргетыкі літоўскага парлямэнту.

21 лістапада Артурасу Скарджусу ўдалося захаваць месца ў камітэце эканомікі. Падчас разгляду гэтага пытаньня ў Сэйме 52 дэпутаты прагаласавалі за выключэньне Артураса Скарджуса з камітэту эканомікі, 31 — супраць, 31 устрымаўся.

«Прашу выкрасьліць мяне з чальцоў камісіі энэргетыкі»

На гэтым тыдні ў Сэйме плянавалася абмеркаваць склад камісіі энэргетыкі, аднак Скарджус з уласнай ініцыятывы выйшаў зь яе.

«З улікам ціску і каб не псаваць нэрвы сабе і іншым, я па ўласным жаданьні прашу выкрасьліць мяне з чальцоў камісіі энэргетыкі, не хачу больш мець спраў з гэтымі бруднымі працэсамі», — заявіў ён 28 лістапада ў Сэйме падчас перапынку ў абмеркаваньні высноваў Антыкарупцыйнай камісіі.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

«Мне надакучыла быць донкіхотам», — сказаў Скарджус BNS.

Артурас Скарджус ня стаў камэнтаваць сытуацыю Свабодзе, спаслаўшыся на занятасьць.

Разгарнуць бізнэс у Беларусі літоўцам дапамог экс-кіраўнік дзяржканцэрну «Белэнэрга»

Раней літоўскія мэдыя расказалі, што сям’я дэпутата парлямэнту Літвы Артураса Скарджуса валодае ў Беларусі прадпрыемствам, якое вырабляе электраэнэргію і прадае яе беларускаму дзяржканцэрну «Белэнэрга». Разгарнуць прыбытковы бізнэс літоўцам нібыта дапамог былы кіраўнік дзяржканцэрну «Белэнэрга» Сяргей Белы.

Жонка Скарджуса разам з партнэрамі валодае кампаніяй «Інвэстэнэргабуд», якая разьвівае ў Горадні два буйныя праекты сонечных электрастанцый. Паводле 15min.lt, ёй належыць 20% акцый «Інвэстэнэргабуду». 40% — грамадзяніну Літвы, даўняму палітычнаму паплечніку Скарджуса. Яшчэ 20% акцый гэтай кампаніі мае экс-кіраўнік «Белэнэрга» Сяргей Белы.

Адзначаецца, што кампанія атрымала ад дзяржавы тарыф, пры якім вырабляць электраэнэргію выгадна.

«Інвэставалі са сваіх сродкаў, купілі сонечныя элемэнты літоўскай вытворчасьці. Чаму гэта не падабаецца некаму? Проста таму, што калі Беларусь, то гэта ўжо дрэнна. Калі Беларусь 30 адсоткаў грузаў пастаўляе ў Клайпэдзкі порт, то гэта ўжо добра. Што чыгунка мае даходы ад перавозак грузаў, гэта добра. Проста ёсьць людзі, якія робяць няправільныя высновы», — казаў Скарджус у ранейшым інтэрвію Свабодзе.

Паводле парталу Delfi, літоўская выведка ў сваіх штогадовых ацэнках пагрозаў нацыянальнай бясьпецы недвухсэнсоўна сьцьвярджае, што дзеяньні Расеі і Беларусі становяць пад пагрозу бясьпеку Літвы, прычым адна з цэляў — якраз энэргетычная сфэра.

Раней сацыял-дэмакрат Артурас Скарджус фігураваў сярод ініцыятараў стварэньня міжпарляменцкай групы аб добрасуседзкіх стасунках зь Беларусьсю. Аднак гэтая група не была створана, а былы амбасадар Літвы ў ЗША Жыгімантас Павілёніс назваў сваіх калег, якія пажадалі аб’яднацца ў такую групу, «пятай калёнай».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG