Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскі Сейм расьсьледаваў сувязі дэпутата, жонка якога мае энэргетычны бізнэс у Беларусі


 Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Адмысловая камісія літоўскага парлямэнту правяла расьсьледаваньне пра бізнэс жонкі дэпутата Артураса Скарджуса ў Беларусі ў галіне энэргетыкі. У выніку дэпутата ледзь ня выключылі з парлямэнцкага камітэту па эканоміцы і яшчэ могуць выключыць з камісіі па энэргетыцы.

Як сказала карэспандэнту Свабоды кіраўніца дэпартамэнту інфармацыі літоўскага Сэйму Ларэта Раўлінайціце, камісія прыйшла да высновы, што «магчыма, ёсьць парушэньне прыватных і грамадзкіх інтарэсаў».

Пра высновы камісіі, якая займалася расьсьледаваньнем бізнэсу сваякоў Скарджуса ў Беларусі, яна нічога не сказала, бо гэтыя высновы яшчэ не канчатковыя.

«Яны будуць пераглядацца, бо адзін зь сяброў камісіі, якая праводзіла расьсьледаваньне, заявіў, што камісія зрабіла высновы, якія не адпавядаюць таму, што абмяркоўвалася на пасяджэньні. Цяпер наша камісія па этыцы і працэдурах павінна гэтае пытаньне перагледзець. І тады яно будзе ўнесена ў парадак дня пленарнага пасяджэньня», — сказала Раўлінайціце.

Сёньня ў Сэйме адбылося галасаваньне, па выніках якога 52 дэпутаты прагаласавалі за выключэньне Артураса Скарджуса з камітэту па эканоміцы, 31 — «супраць», 31 устрымаўся, паведамляе 15min.lt. У выніку дэпутат захаваў месца ў камітэце.

На наступным тыдні ў Сэйме заплянавана абмеркаваць склад камісіі па энэргетыцы, у якую Скарджус таксама ўваходзіць.

Артурас Скарджус адмовіўся камэнтаваць сытуацыю Свабодзе.

Расьсьледаваньне: бізнэс жонкі Скарджуса фінансуе банк, кантраляваны «Газпромам»

Паводле літоўскага парталу 15min.lt, парлямэнцкае расьсьледаваньне пацьвердзіла, што сям’я Скарджуса атрымлівала даходы ад ветраной энэргетыкі і што Скарджус быў адным з ініцыятараў законапраектаў, магчыма, выгадных ягонаму сямейнаму бізнэсу.

Паводле расьсьледаваньня антыкарупцыйнай камісіі, бізнэс, якім валодае жонка Скарджуса разам зь беларускімі партнэрамі, фінансуецца банкам, падкантрольным расейскаму канцэрну «Газпром». У высновах камісія ўсё гэта ахарактарызавала як «канфлікт інтарэсаў».

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Разгарнуць бізнэс у Беларусі літоўцам дапамог экс-кіраўнік дзяржканцэрну «Белэнэрга»

Раней літоўскія мэдыі расказалі, што сямʼя дэпутата парлямэнту Літвы Артураса Скарджуса валодае ў Беларусі прадпрыемствам, якое вырабляе электраэнэргію і прадае яе беларускаму дзяржканцэрну «Белэнэрга».

Разгарнуць прыбытковы бізнэс літоўцам нібыта дапамог былы кіраўнік дзяржканцэрну «Белэнэрга» Сяргей Белы. Жонка Скарджуса разам з партнэрамі валодае кампаніяй «Інвэстэнэргабуд», якая разьвівае ў Горадні два буйныя праекты сонечных электрастанцый.

Паводле 15min.lt, ёй належыць 20% акцый «Інвэстэнэргабуду». 40% — грамадзяніну Літвы, даўняму палітычнаму паплечніку Скарджуса. Яшчэ 20% акцый гэтай кампаніі мае экс-кіраўнік «Белэнэрга» Сяргей Белы. Адзначаецца, што кампанія атрымала ад дзяржавы тарыф, пры якім вырабляць электраэнэргію выгадна.

«Інвэставалі са сваіх сродкаў, купілі сонечныя элемэнты літоўскай вытворчасьці. Чаму гэта не падабаецца некаму? Проста таму, што калі Беларусь, то гэта ўжо дрэнна. Калі Беларусь 30 адсоткаў грузаў пастаўляе ў Клайпэдзкі порт, то гэта ўжо добра. Што чыгунка мае даходы ад перавозак грузаў, гэта добра. Проста ёсьць людзі, якія робяць няправільныя высновы», — казаў Скарджус у ранейшым інтэрвію Свабодзе.

Паводле парталу Delfi.lt, літоўская выведка ў сваіх штогадовых ацэнках пагрозаў нацыянальнай бясьпецы недвухсэнсоўна сьцьвярджае, што дзеяньні Расеі і Беларусі становяць пагрозу бясьпецы Літвы, прычым адна з цэляў — якраз энэргетычная сфэра.

Раней сацыял-дэмакрат Артурас Скарджус фігураваў сярод ініцыятараў стварэньня міжпарляменцкай групы аб добрасуседзкіх стасунках зь Беларусьсю. Аднак гэтая група не была створана, а былы амбасадар Літвы ў ЗША Жыгімантас Павілёніс назваў сваіх калегаў, якія пажадалі аб’яднацца ў такую групу, «пятай калёнай».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG