Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскі дэпутат пра бізнэс ягонай жонкі ў Беларусі: «Калі Беларусь, то гэта ўжо дрэнна»


Ілюстрацыйная выява
Ілюстрацыйная выява

Літоўскія мэдыя расказалі, што сям'я дэпутата парлямэнту Літвы Артураса Скарджуса валодае прадпрыемствам у Беларусі, якое вырабляе электраэнэргію і прыбыткова прадае яе беларускаму дзяржканцэрну «Белэнэрга».

Паводле літоўскага парталу 15min.lt, разгарнуць прыбытковы бізнэс дапамог былы кіраўнік дзяржканцэрну «Белэнэрга» Сяргей Белы. Маўляў, сям’я ўзялася за бізнэс у Беларусі пасьля таго, як ёй не ўдалося ў літоўскім Сэйме прасунуць выгадны ёй закон.

Жонка Скарджуса разам з партнэрамі валодае кампаніяй «Інвэстэнэргабуд», якая займаецца разьвіцьцём у Горадні двух буйных праектаў сонечных электрастанцый. Паводле 15min.lt, ёй належыць 20% акцый «Інвэстэнэргабуду», 40% — грамадзяніну Літвы, даўняму палітычнаму паплечніку Скарджуса. Яшчэ 20% акцый гэтай кампаніі валодае экс-кіраўнік «Белэнэрга»​ Сяргей Белы.

Адзначаецца, што кампанія атрымала ад дзяржавы тарыф, пры якім вытврочасьць элекртаэнэргіі зьяўляецца выгаднай.

Чаму літоўцы турбуюцца?

Паводле парталу Delfi.lt, літоўская выведка ў сваіх штогадовых ацэнках пагрозаў нацбясьпекі недвухсэнсоўна сьцьвярджае, што дзеяньні Расеі і Беларусі ўяўляюць пагрозу бясьпецы Літоўскай дзяржавы, а энэргетычная сфэра зьяўляецца адной зь іх мэтаў.

Чаму літоўская грамадзкасьць турбуецца з нагоды прыбытковага бізнэсу сям’і дэпутата Скарджуса ў Беларусі?

У размове з карэспандэнтам Свабоды Артурас Скарджус сказаў, што «паклёп на яго як сябра парлямэнту цягнецца ўжо некалькі месяцаў, было каля дзесяці публікацый і прыдумляюць розныя гісторыі». Ён адзначыў, што будзе судзіцца з аўтарамі артыкулаў, якім не падабаецца ягоная палітычная дзейнасьць і пазыцыя.

Скарджус, аднак, пацьвердзіў, што ягонай жонцы ў сонечнай электрастанцыі ў Беларусі насамрэч належыць 20%.

«Інвэставалі са сваіх сродкаў, купілі сонечныя элемэнты літоўскай вытворчасьці. Чаму гэта не падабаецца некаму? Проста таму, што калі Беларусь, то гэта ўжо дрэнна. Калі Беларусь 30 адсоткаў грузаў пастаўляе ў Клайпэдзкі порт, то гэта ўжо добра. Што чыгунка мае даходы ад перавозак грузаў, гэта добра. Проста ёсьць людзі, якія робяць няправільныя высновы», — сказаў дэпутат.

Ён ня ведае, ці зьяўляецца акцыянэрам кампаніі былы старшыня канцэрну «Белэнэрга» Сяргей Белы, бо гэтымі пытаньнямі самастойна займаецца ягоная жонка:

«Я з гэтым акцыянэрам ніколі не сустракаўся і ня ведаю, хто ён такі. Зь літоўскага боку ведаю, а зь беларускага не».

«Мне атам не падабаецца. Але гэта не Літва вырашае»

Як спадар Скарджус ставіцца да будаўніцтва беларускай АЭС?

«Я заўсёды выступаў за аднаўляльныя крыніцы энэргіі: сонца, вецер, біяпаліва. Я пераважна трымаюся «зялёнай» пазыцыі і выказаўся супраць нашай Вісагінскай АЭС. Мне атам не падабаецца. Але гэта не Літва вырашае», — кажа ён.

Пры гэтым дадае, што як жыхар Вільні вельмі занепакоены тым, каб станцыя адпавядала ўсім стандартам бясьпекі. «І тое, што яна будуецца ў 50 кілямэтрах ад сталіцы суседняй дзяржавы Вільні, гэта таксама дрэнна», — кажа дэпутат.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG