Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці могуць ветракі замяніць АЭС? Падарожжа ў найбуйнейшы беларускі ветрапарк ФОТА


Ва ўсёй Беларусі ветракоў столькі, колькі ў Нямеччыне на 5 квадратных кілямэтрах

А дакладней 73 ветракі, ці паветрана-энэргетычныя ўстаноўкі, працуюць у нашай краіне. Усе разам яны даюць 0,2% агульна спажытай электраэнэргіі. У Нямеччыне, да прыкладу, ветракоў 23 000. І ў 2015 годзе ад іх гэтая краіна атрымала 13,3% усёй электраэнэргіі.

Наваградзкі раён, у якім ветракоў 13, называюць у галіне ветранай энэргіі перадавым. Туды возяць на экскурсіі і ў арганізаваныя прэс-туры.

15 чэрвеня ў сусьветны Дзень ветру такі прэс-тур арганізаваў праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Ліквідацыя бар’ераў для разьвіцьця паветранай энэргетыкі ў Рэспубліцы Беларусь» і таварыства «Зялёная сетка».

Першы ў краіне ветрапарк каля вёскі Грабнікі таксама адкрылі на Наваградчыне. Спачатку ў 2011 годзе запусьцілі адну ўстаноўку, а год таму да яе дадалі яшчэ пяць.

«За год пасьля ўводу ў эксплюатацыю станцыя выпрацавала 21 мільён 830 тысяч кіляват-гадзінаў, — паведамляе Віктар Жук, дырэктар прадпрыемства Лідзкія энэргетычныя сеткі. — Гэта каля 25 працэнтаў агулам выпрацаванай энэргіі ў раёне».

​Віктар Жук, дырэктар прадпрыемства „Лідзкія энэргетычныя сеткі“
​Віктар Жук, дырэктар прадпрыемства „Лідзкія энэргетычныя сеткі“

Такога аб’ёму хапае, каб забясьпечыць электраэнэргіяй усе хатнія гаспадаркі раёну без уліку прадпрыемстваў, — падлічвае Жук.

Так атрымалася, што ветрапарк з 6 установак цяпер самы буйны ў краіне. Самыя ўстаноўкі каштавалі каля 13 мільёнаў даляраў. Усе яны вытворчасьці кітайскай кампаніі HAEG і маюць магутнасьць па 1.5 мВт кожная. Але да іх яшчэ дабудавалі разьмеркавальную станцыю. Паводле падлікаў, акупіцца гэты ветрапарк за 11 гадоў, а тэрмін службы кожнага зь ветракоў — усяго 25.

«Сёньня энэргія паветра бясконцая. Ня трэба купляць газ за мяжой. Рэсурсная база прысутнічае заўжды, — тлумачыць Віктар Жук перавагі энэргіі паветра. — Калі параўнаць нашыя крыніцы выпрацоўкі энэргіі, ЦЭЦ ці атамныя станцыі, то там трэба, каб увесь час было паліва».

Аднак цалкам спадзявацца на паветраную энэргію Беларусі не даюць кліматычныя ўмовы, заўважае Жук.

«Сёньня наша паветраная энэргетыка ня можа працаваць стабільна — ёй патрэбны вецер, — кажа ён. — Станцыя пачынае працаваць, калі вецер больш за 3 мэтры ў сэкунду. А энэргія патрэбная заўжды. Таму выключаць іншыя крыніцы нельга».

Наваградзкі раён у гэтым сэнсе ўнікальны. Тут, каля Грабнікоў, другая па вышыні кропка ў Беларусі, і ветракі стаяць на вышыні 320 мэтраў над узроўнем мора.

«Калі мы зразумелі, што гадавая сярэдняя хуткасьць ветру на Наваградчыне каля 6,5 мэтраў у сэкунду, стала ясна, што гэты праект будзе эфэктыўны, — кажа ён, абяцаючы, што да 2020 году паставяць у Грабніках яшчэ 5 ветракоў.

«Гэта ўзнаўляльная крыніца энэргіі. Мы ўсе мусіць разумець, што, укладаючы інвэстыцыі ў пэўны праект, мы эканомім на чымсьці. Калі б мы мелі дастатковую колькасьць прыродных рэсурсаў, можа б так глябальна не стаяла б пытаньне для нас, бо ўвесь сьвет разьвіваецца ў гэтым кірунку, — кажа Віктар Жук. — Сёньня газавыя, нафтавыя запасы абмежаваныя. А што будзе праз 20-30 гадоў, калі іх ня будзе? Мы мусім быць да гэтага цяпер гатовыя і пастаўляць энэргію нашым спажыўцам. Разьвіцьцё альтэрнатыўных крыніцаў энэргіі непазьбежнае. У тым ліку ў Беларусі. Мусім выкарыстоўваць усе кірункі — і вецер, і сонца, і біягаз, і іншыя распрацоўкі».

Паводле намесьніцы старшыні адміністрацыі Наваградзкага раёну Алены Сялевіч, цяпер у Навагрудзкім раёне мантуецца ўжо 14-я паветрана-энэргетычная ўстаноўка. У будучыні ўсталююць яшчэ сем.

Алена Сялевіч, намесьніца старшыні адміністрацыі Наваградзкага раёну
Алена Сялевіч, намесьніца старшыні адміністрацыі Наваградзкага раёну

На пытаньне пра тое, што стане зь ягонымі ветракамі, калі запрацуе АЭС у Астраўцы, Віктар Жук адказвае стрымана:

«Разьвіцьцё атамнай энэргіі прывяло да таго, што Беларусь узьнялася на новы тэхналягічны ўзровень. З уводам беларускай АЭС будуць выводзіцца з працы менш эфэктыўныя ўстаноўкі, якія выпрацоўваюць электрычную энэргію. Гэта аб’ектыўна, бо цяпер у беларускай энэргетыцы, на нашых станцыях таксама ёсьць знос, — кажа ён. — У Францыі на атамных станцыях выпрацоўваецца каля 70 працэнтаў энэргіі. Але разьвіваецца і альтэрнатыўная энэргетыка».

Яшчэ прыкладна такія ж аб’ёмы даюць прыватныя ветракі, якіх у раёне сем. Дзьве зь іх мае ТАА «Энветр» каля вёскі Янавічы. Пару гадоў таму яны набылі два былыя ў карыстаньні ветракі вытворчасьці данскай кампаніі Vestas.

«Нясьціплае пытаньне, але недзе мільён кожная каштавала, — з усьмешкай распавядае дырэктар кампаніі Віктар Туцін. — Пакуль не акупіліся, вядома, але разьлічваем за 7 гадоў прыкладна акупіць».

Віктар Туцін, дырэктар кампаніі «Энветр»
Віктар Туцін, дырэктар кампаніі «Энветр»

Ягоныя ўстаноўкі за першы год выпрацавалі каля 5 мільёнаў кіляват. «Дзякуючы ветру экалёгія чыстая. Абслугоўваць дыстанцыйна можна, — тлумачыць Віктар. — Але галоўнае, што гэта найчысьцейшая электраэнэргія, будучыня за ёй».

Усталяваць прыватныя ветракі аказалася ня так проста. «Працэс узгадненьня досыць складаны, — кажа Туцін, якому на ўзгадненьне аднаго ветрака спатрэбілася паўгоду. — Каля 50 усемагчымых пагадненьняў і дакумэнтаў трэба. Хто ідзе насустрач, хто сьвядома тармозіць.

Адчувалася досыць адмоўнае стаўленьне да нас некаторых дзяржаўных службаў. Даводзілася ўзьдзейнічаць рознымі спосабамі».

Але на наступным тыдні ён ставіць больш магутную ўстаноўку на 3,3 Мвт. Калі вышыня цяперашніх наваградзкіх ветракоў 80 мэтраў, то шчогла новай устаноўкі ўздымецца на 120 мэтраў. А з лопасьцю — на ўсе 176. Да канца месяца ўстаноўка мае запрацаваць.

Менскі гурт Port Monet
Менскі гурт Port Monet

Каб прыцягнуць увагу да паветранай энэргіі, менскі гурт Port Monet запісвае альбом цалкам на энэргіі ветру. Гэты канцэрт у полі таксама сілкуецца ад разэткі, якая знаходзіцца ў ветраку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG