Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Для каго сьвята? Праваслаўныя і грамадзкія дзеячы пра прапанову каталікоў зрабіць выходным 1 лістапада


Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, мітрапаліт Менска-Магілёўскі

Каталіцкія біскупы Беларусі зьвярнуліся да Аляксандра Лукашэнкі з прапановай зрабіць 1 лістапада выходны дзень для ўшанаваньня памяці памерлых. Свабода пацікавілася, што пра гэта думаюць прадстаўнікі праваслаўнай царквы і грамадзкія дзеячы Беларусі.

Паводле кіраўніка каталіцкай царквы ў Беларусі мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, наданьне дню ўшанаваньня памяці памерлых статусу выходнага «прывядзе да балянсу з праваслаўнай царквой, дзе вернікі маюць выходны дзень — Радаўніцу».

Гісторык жа Анатоль Сідарэвіч пабачыў у ініцыятыве рыма-каталіцкіх біскупаў намер «зламаць народную традыцыю» адзначэньня Дзядоў 2 лістапада, а таксама «жаданьне не наступіць на мазоль Лукашэнку».

«Маўляў, мы не патрабуем паўторнага наданьня Дзядам статусу выходнага дня, мы хочам, каб выходным быў дзень 1 лістапада», — напісаў у блогу на Свабодзе Сідарэвіч.

«Будуць афіцыйныя прапановы на наш адрас, будзем размаўляць»

Сергій Лепін, протаярэй, старшыня сынадальнага інфармацыйнага аддзелу Беларускай праваслаўнай царквы:

— Мы не атрымлівалі ніякіх прапаноў на гэты конт. Будуць афіцыйныя прапановы на наш адрас, будзем размаўляць. У нашым календары ёсьць асаблівыя дні памінаньня памерлых — гэта бацькоўскія суботы. Калі нейкую зь іх зробяць выходным, то чаму не. Будзе выдатна.

«Ненармальна, што і 25 сьнежня выходны»

Ілюстрацыйнае фота. Шэсьце на Дзяды
Ілюстрацыйнае фота. Шэсьце на Дзяды

Сергій Гардун, праваслаўны протаярэй:

​— Да гэтай ініцыятывы стаўлюся адмоўна. Бо 1 ці 2 лістапада — гэта дзень памінаньня памерлых толькі для каталікоў. У нас каталікі ў меншасьці. У ніводнай краіне дзень, які не належыць нацыянальнай ці рэлігійнай большасьці, ня можа быць выходным. У нас ненармальна, што і 25 сьнежня выходны, бо гэта сьвята для рэлігійнай меншасьці. Няма такой народнай традыцыі для праваслаўных. Ніводзін чалавек у нашым сяле 1 лістапада не хадзіў на могілкі.

«Царкоўныя ўлады ўлазяць не ў сваю юрысдыкцыю»

Натальля Васілевіч​, тэоляг, дырэктар цэнтру «Экумэна»: ​

— У Беларусі Радуніцу і Дзяды адзначаюць і каталікі, і праваслаўныя. Для людзей у справе памінаньня продкаў няма асаблівага канфэсійнага разыходжаньня. Фактычна гэты культ продкаў больш старажытны, чым хрысьціянства на нашых землях.

Спроба царкоўных уладаў неяк рэгуляваць гэты працэс, у тым ліку праз усталяваньне сьвятаў, азначае, што царкоўныя ўлады ўлазяць не ў сваю юрысдыкцыю, ідуць са сваім статутам у чужы манастыр.

У першую чаргу трэба было б вярнуць велікодныя панядзелкі ў якасьці сьвяточных. Таксама вялікую пятніцу перад Вялікаднем зрабіць выходным днём».

«Гэта будзе адзін з пунктаў апоры для нацыянальнай сьвядомасьці»

Павал Севярынец, сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі​:

— Выходны дзень 1 лістапада не перашкодзіў бы. У нас і так на Радаўніцу мільёны беларусаў едуць у свае вёскі прыбіраць могілкі. Таму альбо бліжэйшая субота, альбо штосьці такое. Вясновыя Дзяды і восеньскія Дзяды. Таму я «за». Проста будзе фіксаваны выходны дзень.

Гэта фіксаваньне на дзяржаўным узроўні таго мэнтальнага зрэзу, які робіць беларусаў адметнымі. Гэта будзе адзін з пунктаў апоры для нацыянальнай сьвядомасьці».

«Гэтае сьвята не дзялілася па канфэсіях»

Алесь Бяляцкі, старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна»​:

— Я «за» дзьвюма рукамі. Гэта прыпадае на пэрыяд Дзядоў. Некалі гэты дзень і быў выходны. Дзяды сьвяткуюцца ў нас і ў зьмешаных сем’ях, ня толькі каталікамі, але і багата дзе праваслаўнымі. Па запісах этнографаў, у 19 стагодзьдзі гэтае сьвята адзначалася па ўсёй Беларусі, не дзялілася па канфэсіях, а мела такое ж значэньне, як і Радаўніца вясной. Гэта мае глыбокі сымбалічны сэнс — не забывацца, адкуль мы, хто мы. Таму гэта было б вельмі правільным.

Лукашэнка адмяніў выходны на Дзяды

Выходны на Дзяды 2 лістапада і ў другі дзень пасьля Вялікадня адмяніў Аляксандар Лукашэнка сваім указам у 1998 годзе.

У кастрычніку на сайце zvarot.by зьявілася пэтыцыя з просьбай зрабіць 1 ці 2 лістапада выходным днём. Паводле аўтараў пэтыцыі, выходны патрэбны дзеля таго, каб наведаць могілкі на Дзяды. На момант здачы матэрыялу зварот падпісалі больш за 1788 чалавек.

У каляндар дзяржаўных сьвятаў Вялікдзень, другі дзень пасьля Вялікадня, дзень памінаньня продкаў (Дзяды) былі ўнесеныя ў 1991 годзе. Адпаведны закон «Аб сьвяточных днях» быў прыняты Вярхоўным Саветам пад кіраўніцтвам Станіслава Шушкевіча. Гэтыя дні былі выходнымі да ўказу Аляксандра Лукашэнкі, прынятага ў 1998 годзе. Указ выклікаў хвалю крытыкі ў грамадзтве.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG