Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рыма-каталіцкія біскупы хочуць зламаць народную традыцыю


Анатоль Сідарэвіч

Анатоль Сідарэвіч

Зьявіўся пераказ ліста рыма-каталіцкіх біскупаў да Лукашэнкі з прапановай зрабіць выходным днём 1 лістапада.

Калі верыць публікацыям, мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч сказаў такое: «Дзень усіх памерлых мы пачынаем адзначаць 1 лістапада». Але Яго Эксцэленцыя забыў удакладніць: 1 лістапада ў рыма-каталіцкіх храмах адзначаецца дзень Усіх Святых, цэлебруецца адмысловая служба. А вось на могілкі пабожныя каталікі хадзілі і ходзяць 2 лістапада. Сьвятары ды набліжаныя да іх асобы называюць гэты дзень Задушкамі, а ў народзе ён мае назоў Дзяды. І ня толькі рыма-каталікі ідуць 2 лістапада на могілкі — праваслаўныя і грэка-каталікі (уніяты) таксама, бо рыма-каталіцкія Задушкі блізка да Змітраўскіх Дзядоў.

Калі Лукашэнка адмяніў гэты выходны на карысьць 7 лістапада, рыма-каталіцкія біскупы маўчалі.

Да прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі беларусы мелі выходны менавіта 2 лістапада — на Дзяды. І гэта заслуга не рыма-каталіцкага клеру, які назіраў за падзеямі з боку, а дэмакратычнай грамадзкасьці Беларусі, дэпутатаў апазыцыі ў Вярхоўным Савеце. Калі Лукашэнка адмяніў гэты выходны на карысьць 7 лістапада, рыма-каталіцкія біскупы маўчалі. Цяпер яны прапануюць абвясьціць выходным днём 1 лістапада.

У прапанове рыма-каталіцкага епіскапату я бачу жаданьне не наступіць на мазоль Лукашэнку. Маўляў, мы не патрабуем паўторнага наданьня Дзядам статусу выходнага дня, мы хочам, каб выходным быў дзень 1 лістапада.

У іх прапанове я бачу спробу навязаць праваслаўным сьвяткаваньне рыма-каталіцкага дня Ўсіх Сьвятых.

Зьвяртаючыся з такою прапановаю да Лукашэнкі, рыма-каталіцкія біскупы хочуць разам з ім парушыць даўнюю народную традыцыю Дзядоў. Апрача таго, у іх прапанове я бачу спробу навязаць праваслаўным сьвяткаваньне рыма-каталіцкага дня Ўсіх Сьвятых. Тым часам у праваслаўных і ўніятаў ёсьць свой дзень Усіх Сьвятых — у першую нядзелю пасьля Тройцы (Пяцідзясятніцы, Сёмухі).

Калі б рыма-каталіцкія біскупы шанавалі народныя традыцыі і не палітыкавалі, калі б у іх хапіла мужнасьці, яны б не зьвярнуліся б да Лукашэнкі з сумнеўнай прапановай, якая яшчэ невядома як будзе ўспрынятая праваслаўнымі клерам і вернікамі. Яны прапанавалі б Лукашэнку вярнуць статус выходнага дня менавіта Дзядам, 2 лістапада.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG