Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актант, габітус, квір, наэза, халізм, альбо Кніга для інтэлектуальных гурманаў


Анна Бужыньска, Міхал Павел Маркоўскі «Тэорыі літаратуры XX ст.», «Медысонт» 2017.

Актант, габітус, квір, наэза, халізм… Калі вы ня ведаеце, што гэта такое, тады вам сюды, да гэтае таміны, на яе больш за шэсьцьсот старонак. Прачытаўшы іх, а гэта будзе хоць і ня простае, але захапляльнае чытво, вы зможаце сказаць, што належыце да інтэлектуальных гурманаў. Менавіта так — кніга для інтэлектуальных гурманаў — вызначылі адмыслоўцы вартасьць «Тэорыяў літаратуры XX ст.».

Што гэта за кніга?

«Тэорыі літаратуры ХХ ст.» — грунтоўны агляд гісторыі ідэй мінулага стагодзьдзя. Беларускі чытач бачыць такое выданьне ўпершыню: шмат якія канцэпцыі, тэрміны, імёны раней не гучалі па-беларуску. Гэтая кніга — неабходны дапаможнік ня толькі для філёлягаў. Яна карысная філёзафам, культуролягам, журналістам, а таксама ўсім гуманітарыям, якія хацелі б мець пад рукой даступна напісаны і зручна зьвярстаны тэкст, які забясьпечыць базавыя і сыстэмныя веды, неабходныя сёньня актуальнаму інтэлектуалу.

Хто яе аўтары?

Анна Бужыньска, загадчыца катэдры тэорыі літаратуры на факультэце паляністыкі Ягелонскага ўнівэрсытэту, загадчыца літаратурна-драматургічнай часткі Тэатру імя Юльюша Славацкага ў Кракаве.

Міхал Павел Маркоўскі, ардынарны прафэсар на факультэце паляністыкі Ягелонскага ўнівэрсытэту, загадчык катэдры міжнародных паляністычных дасьледаваньняў, дырэктар School for Advanced Studies Ягелонскага ўнівэрсытэту, загадчык катэдры польскай мовы і літаратуры на факультэце вольных мастацтваў і навук Ілінойскага ўнівэрсытэту ў Чыкага.

Анна Бужыньска і Міхал Павал Маркоўскі напісалі гэтую кнігу на просьбу сваіх студэнтаў, якім хацелася мець у друкаваным выглядзе ўсе тыя цікавыя лекцыі, якія яны з захапленьнем слухалі па такім, як лічылася, сумным прадмеце, як літаратуразнаўства. І выкладчыкі зразумелі студэнтаў. У адным томе яны даступна выклалі найважнейшыя тэорыі літаратуры мінулага стагодзьдзя — ад псыхааналізу да посткаляніялізму. Бужынска і Маркоўскі прыклалі ўсе намаганьні, каб багацьце зьместу і кампэтэнтны аналіз спалучаліся з яснасьцю і празрыстасьцю расповеду.

Кожнай з асобных плыняў тэорыі літаратуры, а іх у кнізе сямнаццаць, прысьвечаны адмысловы разьдзел, дапоўнены карыснымі дадаткамі: тлумачэньнем ключавых паняцьцяў, храналёгіяй і шырокай бібліяграфіяй. Несумнеўным плюсам зьяўляецца таксама вобразная мова, дзякуючы якой кніга проста цудоўна чытаецца. Напрыканцы зьмешчаная раскладная «мапа» тэорый літаратуры. Дзякуючы гэтаму кнігу можна параіць ня толькі будучым літаратуразнаўцам, але ўсім студэнтам гуманітарных спэцыяльнасьцей. Такога выданьня яшчэ не было. Гэтая кніга, што выйшла ў 2006 годзе, была абсалютнай навінкай на польскім рынку і да сёньня зьяўляецца фэномэнам сусьветнага маштабу.

Шлях да беларускага чытача

Маладая беларуская паэтка Тацяна Нядбай захапілася «Тэорыямі літаратуры XX ст." адразу пасьля выхаду кнігі ў Польшчы, куды паехала вучыцца, спазнаўшы на радзіме рэпрэсіі за ўдзел у Плошчы-2006. Яна распавядае:

«Мне тады вельмі хацелася стаць разумнейшай, стаць лепшым спэцыялістам у сфэры літаратуразнаўства. І менавіта з гэтай матывацыі і пачаўся мой пераклад кнігі. Каб добра перакладаць, трэба было самой спачатку добра авалодаць усім матэрыялам кнігі. Зь іншага боку хацелася данесьці ўсе гэтыя веды беларускім студэнтам, таму што калі я вучылася на філялягічным факультэце ў Белдзяржунівэрсытэце, мне страшна неставала падобнай кнігі. Без яе немагчыма было напісаць на адпаведным узроўні курсавыя і дыплёмныя працы».

Тацяна Нядбай
Тацяна Нядбай

Перакладчыцкая праца спадарыні Тацяны над гэтай кнігай плаўна перакрыжоўвалася з перакладам кнігі Эвы Томпсан «Песьняры імпэрыі: Руская літаратура і каляніялізм» (2009). Яна стрымлівалася вучобай і напісаньнем дысэртацыі, складаньнем вершаў (яе першая паэтычная кніга «Сырэны сьпяваюць джаз» была ўганараваная прэміяй «Дэбют» за 2014 год). На пэўным этапе да яе далучыліся яшчэ тры перакладчыцы — Марыя Пушкіна, Сьвятлана Рогач і Марына Шода. Уніфікацыяй выніковага беларускага тэксту гэтага квартэту пагадзіўся заняцца слынны перакладчык і мовазнаўца Лявон Баршчэўскі.

Калі ўсё было гатова да друку, высьветлілася, што беларускім акадэмічным інстытуцыям гэтая кніга ня надта патрэбная. Дзяржаўныя структуры не сьпяшаліся падтрымаць яе выданьне і яна выдадзеная на сродкі чытачоў, якія фінансавалі яе праз краўдфандынгавую кампанію на плятформе «Талака». Выданьню кнігі таксама спрыялі некалькі грамадзкіх прыватных ініцыятываў.

Ня кніга, а толькі яе палова

Польскі арыгінал «Тэорыяў літаратуры ХХ ст.» уяўляе сабой двухтомнік: тэарэтычная частка, якая і перакладзеная па-беларуску, і анталёгія тэкстаў першакрыніцаў. Па-беларуску анталёгіі няма, і ў бліжэйшай пэрспэктыве наўрад ці будзе. Чаму, тлумачыць спадарыня Тацяна:

«З польскай перакладаць усе гэтыя тэксты ня мае сэнсу, іх трэба перакладаць з арыгіналаў. А гэта вельмі цяжкая праца. Яна займае шмат часу на пераклад і на вынаходжваньне адпаведнай тэрміналёгіі па-беларуску. Пасьля яшчэ праца рэдактара, карэктара. Увесь працэс цягне за сабой шмат людзкіх і фінансавых рэсурсаў, таму праца па стварэньні анталёгіі ня можа быць валянтэрскай. І гэта мусіць разумець дзяржаўная акадэмічная супольнасьць, чаго, на жаль, пакуль што мы ня маем».

Ці будзе кніга ўключаная ў навучальны працэс?

Спадарыня Тацяна кажа, што ўсьцешаная запатрабаванасьцю выданьня ў тых, да каго яно адрасаванае. Але яшчэ больш бы была ўсьцешаная, калі б кніга прыйшла ў студэнцкія аўдыторыі ды на прафэсарскія катэдры. З гэтым, аднак, складана.

«Ёсьць нейкія тэмы з кнігі, якія легітымізаваныя ў навуковым і навучальным асяродку, а ёсьць такія, на якія не рэкамэндавана пісаць дысэртацыі. Напрыклад, на тэмы фэмінізму ў літаратуры пісаць можна, а вось абараніць напісанае складана. Гендэрная тэма ўвогуле выклікае пытаньні, а ўжо квір адпрэчваецца нават на ўзроўні зацьвярджэньня тэмы. Посткаляніяльныя дасьледаваньні таксама не вітаюцца, нібыта ў нас няма ніякай нагоды глядзець на сябе з посткаляніяльнай пэрспэктывы».

Названыя ды іншыя не легітымізаваныя ў беларускім навуковым працэсе тэмы якраз і складаюць значную частку «Тэорыяў літаратуры ХХ ст.».

Дык што ж такое актант, габітус, квір, наэза, халізм?

Актант — пэрсанаж літаратурнага твору як суб’ект адлюстраванага дзеяньня, стымул разгортваньня падзей, якія складаюць сюжэт.

Габітус — індывідуалізаваная сыстэма дэфініцый, прынятая асобай у выніку ўдзелу ў разнастайных адукацыйных інстытуцыях, якая характарызуе спосаб успрыманьня рэчаіснасьці.

Квір — э не, так справа ня пойдзе. Шукайце самі ў «Тэорыях літаратуры ХХ ст.»…

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG