Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятлана Алексіевіч упершыню не прыйшла на паседжаньне свайго інтэлектуальнага клюбу


Аляксей Маслаў выступае ў Менску ў нітэлектуальным клюбе Сьвятланы Алексіевіч 27 лістпада 2017 году
Аляксей Маслаў выступае ў Менску ў нітэлектуальным клюбе Сьвятланы Алексіевіч 27 лістпада 2017 году

Адсутнасьць Нобэлеўскай ляўрэаткі патлумачылі станам здароўя. У выніку госьць — расейскі экспэрт па Кітаі Аляксей Маслаў — выступаў на сцэне адзін.

Напярэдадні прыезду Маслава — прафэсара, доктара гістарычных навук — выкрывалі як «ліпавага акадэміка». Сам Маслаў у інтэрвію Радыё Свабода назваў гэта «чарговымі «фэйк ньюз».

Канфэрэнц-заля гатэлю «Беларусь» была запоўненая. Вядоўца прадставіла Маслава як «выбітнага адмыслоўца». Заяўленая тэма лекцыі: «Чаму Кітай мысьліць інакш».

«Кітай запальвае цябе, ён выклікае пачуцьцёвую рэакцыю», — на пачатку выступу акрэсьліў стаўленьне да свайго прадмету дасьледаваньняў выступоўца. — «Кітай — гэта выклік нашай ідэнтычнасьці».

Паводле Маслава, Кітай фармаваўся ў статусе мэгаімпэрыі. Ён ня быў этнічна адзіным, а сваё адзінства зацьвярджаў не праз мову, а праз культуру.

Самым цяжкім для Кітаю, паводле Маслава, стала 19 стагодзьдзе, калі ён «перажываў шматлікія ўдары з боку заходніх дзяржаваў». Ганьба і прыніжэньне ў гэты час, сьцьвярджае Маслаў, кіравала Кітаем на працягу 150 гадоў.

«Сі Цьзіньпін выходзіць з новай праграмай, — кажа Маслаў пра сучасны стан Кітаю і пра яго цяперашняга кіраўніка. — Яна заключаецца ва ўзнаўленьні Кітая ў тым аб’ёме годнасьці і магутнасьці, якім Кітай валодаў да таго, як быў прыніжаны ў 19 стагодзьдзі».

Ён згадвае, што цяперашні кіраўнік Кітаю гаворыць пра «кітайскую мару» — «гэта калі ўся нашая нацыя ідзе ўверх і ўздымаецца». А таксама згадаў праект «Адзін пояс — адзін шлях», асноўная ідэя якога — пабудова буйных транспартных калідораў для кантролю транспарціроўкі кітайскіх тавараў у іншыя краіны. Шмат казалася пра зьнешнія інвэстыцыйныя праекты Кітаю і тое, што ў апошнія гады эканоміка Кітаю не зьяўляецца стабільнай пры высокім росьце.

«Кітай мае 5-7 гадоў, каб вырашыць унутраныя праблемы ў эканоміцы. Ён далёкі ад краху, — казаў Маслаў і працягваў. — Сьвет будзе рабіцца кітайскім (на гэта прафэсар адводзіць 10-15 бліжэйшых гадоў». У ягоным разуменьні гэта азначае, што кожнай краіне і эканоміцы трэба будзе адаптавацца пад фактар Кітаю.

«Удар будзе адбывацца па эўрапейскай, заходняй ідэнтычнасьці. Ня толькі па эканоміцы, — апісвае Маслаў пэрспэктывы кітайскай інвазіі. — Тут важна кожнай краіне сфармаваць унутраную экспэртызу, каб разумець, як нам камунікаваць з гэтым. І разумець Кітай як выклік нашаму мысьленьню, нашай сьвядомасьці».

«Нам трэба захоўваць сваю ідэнтычнасьць і разуменьне культуры, якое ёсьць унутры нас», — заключыў Аляксей Маслаў.

Прысутных у залі цікавала, што такое «кітайская мара» і праз якія мастацкія фільмы найлепш зразумець гэтую краіну (Маслаў параіў «Чырвоны гаолян», «Старое піяніна» і «1911»). Задалі таксама пытаньне пра эканамічную прысутнасьць Кітаю ў Сырыі і ці ёсьць у Кітая «імпэрская веліч». На апошняе пытаньне Маслаў адказаў «ёсьць, але Кітай паводзіць сябе не па-хамску». У якасьці прыкладу прывёў гісторыю, якая адбылася зь ім і нібыта ілюструе паводзіны Кітаю найлепш:

«Еду пад Харбінам на цягніку. Насупраць сядзіць кітаец, бачыць, што я чытаю кітайскую кніжку, і пачынае са мной размаўляць.
— Я з Харбіну. Мы так удзячныя рускім, савецкім, што вы прыйшлі да нас, пабудавалі тры першых унівэрсытэты. Дзякуй вам!
Я гайдаю галавой, усё ж прыемна. А тут ён працягвае: -
— Я тут быў нядаўна ва Ўладзівастоку. Там жах. Давайце мы да вас прыйдзем, пабудуем дарогі, дамы...»

Гісторыю заля сустрэла сьмехам.

На апошняе пытаньне — «чые каштоўнасьці ў выніку перамогуць» — Маслаў адказаў так:

«Перамогуць тыя, якія прадстаўленыя большай колькасьцю насельніцтва. Тут будуць ня толькі кітайскія, а каштоўнасьці азіяцкага сьвету ў цэлым. Заходняя цывілізацыя адступае, на жаль. Як тэхнічна гэта будзе рэалізавана, я ня ведаю».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG