Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Госьць клюбу Алексіевіч пра абвінавачаньні ў шарлатанстве: «Гэта "фэйк ньюз"»


Аляксей Маслаў
Аляксей Маслаў

Чарговым госьцем інтэлектуальнага клюбу нобэлеўскай ляўрэаткі Святланы Алексіевіч 27 лістапада будзе Аляксей Маслаў, кіраўнік Школы ўсходазнаўства ў Маскоўскай Вышэйшай школе эканомікі. Ён адказаў на пытаньні Радыё Свабода пра тое, як Кітай можа паўплываць на Беларусь і пра абвінавачаньні ў шарлатанстве на свой адрас.

— Я буду казаць пра тое, чаму ў Кітая крыху іншая лёгіка разьвіцьця і пра тое, якія каштоўнасьці новы Кітай будзе трансьляваць на вонкавы сьвет. Мы пагутарым пра тое, як Кітай уплывае, куды ён інвэстуе і дзеля чаго.

Кітай на працягу тысячагодзьдзяў актыўна ўзаемадзейнічаў зь іншымі тэрыторыямі, укладаў у іх грошы, накіроўваў туды сваіх настаўнікаў, сваіх адміністратараў. Гэта рабілася такім чынам, каб кітайская эканоміка ўплывала на суседнія краіны, але без агрэсіі супраць гэтых краін.

Кітай накапіў дастаткова сілаў.

Гэтая мадэль працавала тысячагодзьдзямі, але перарвалася ў ХХ стагодзьдзі, калі Кітай трапіў пад уплыў замежных дзяржаваў. Цяпер Кітай аднаўляе сваю мадэль разьвіцьця, бо накапіў дастаткова сілаў — фінансавых, эканамічных. Але самае галоўнае — ён стаў больш плянаваць. Бо яшчэ 15-20 гадоў таму сам Кітай, магчыма, не разумеў, наколькі ўдалая тая мадэль, па якой ён разьвіваецца.

Кітай хоча аднавіць свой эканамічны і палітычны ўплыў у сьвеце ня толькі таму, што гэта яму важна для прэстыжу, але і каб утрымаць сваю эканоміку на плыву.

— А ці зможаце вы расказаць нешта пра тыя праекты, якія Кітай ладзіць у Беларусі, і пра тое, які яны будуць мець уплыў?

— Так, мы пра гэта пагутарым, але вось у якім пляне. Мы ня будзем абмяркоўваць эканамічны складнік гэтых праектаў, бо ён сам па сабе цікавы бадай тым кампаніям, у якія Кітай укладаецца. Мы пагутарым пра тое, навошта гэта робіцца. Ня толькі ў Беларусі, але практычна ва ўсіх краінаў Цэнтральнай Эўропы цяпер складаная дылема.

Залежнасьць будзе такая, што давядзецца лічыцца зь меркаваньнем Кітаю нават у найдрабнейшых пытаньнях.

З аднаго боку Кітай прапануе даволі вялікія інвэстыцыі і даволі свабодна, у тыя сэктары, якія недафінансаваныя, і адмовіцца ад такіх інвэстыцый цяжка. Але з другога боку, ці можна будзе потым разьвівацца без Кітаю, скарыстаўшыя гэтымі грашыма і тэхналёгіямі? Бо інакш краіна можа трапіць пад уплыў Кітаю, як гэты здарылася шмат з кім. Гэтая краіна ня зьнікне з мапы, як гэта было 300-400 гадоў таму, але залежнасьць будзе такая, што давядзецца лічыцца зь меркаваньнем Кітаю нават у найдрабнейшых пытаньнях.

Для Беларусі, як, дарэчы, і для Расеі, хоць і ў меншай ступені, цяпер галоўнае зразумець межы для допуску манапольнага замежнага капіталу ў сваю эканоміку.

— А вы можаце даць прыклады тых краін, якія ўжо трапілі ў такую залежнасьць ад Кітаю, што ня могуць прымаць самастойных рашэньняў?

— Па-першае, Кітай ня так доўга разьвівае гэтыя праекты, але мы бачым, які ўплыў Кітай мае на афрыканскія краіны. Вось, напрыклад, Зымбабвэ. Наўрад ці Кітай ўдзельнічаў там у перавароце і зьмяшчэньні Мугабэ, як кажуць многія. Але Кітай быў там найбуйнейшым інвэстарам і фактычна кантраляваў мадэлі эканамічнага разьвіцьця краіны, і цяперашнія падзеі здарыліся пасьля візыту міністра абароны Зымбабвэ ў Кітай.

Людзі здымаюць са сьцяны ў Міжнародным канфэрэнц-цэнтры ў Харарэ партрэт зрынутага кіраўніка Зымбабвэ Робэрта Мугабэ (21 лістапада 2017 году).
Людзі здымаюць са сьцяны ў Міжнародным канфэрэнц-цэнтры ў Харарэ партрэт зрынутага кіраўніка Зымбабвэ Робэрта Мугабэ (21 лістапада 2017 году).

Упершыню за шмат гадоў эканоміка ў Кітаю стала жорстка зьвязвацца з палітыкай, а ня толькі з прагматыкай.

Той жа Сэнэгал знаходзіцца цалкам пад кітайскім ўплывам. Але гэта ня толькі афрыканскія краіны. Вялікі ўплыў Кітаю ў краінах Цэнтральнай Азіі. Казахстан амаль траціну сваёй нафты прадае ў Кітай, і дабрабыт часткі насельніцтва залежыць ад таго, ці будзе Кітай надалей купляць гэтую нафту.

Гэта таксама добра відаць на прыкладзе кітайскага праекту «Адзін пояс і адзін шлях». Кітай цяпер інвэстуе менавіта ў тыя краіны, якія ён аб’яднаў у гэтым праекце. Інвэстыцыі ідуць у тыя краіны, якія прызнаюць кітайскае лідэрства. Калі краіна хоча проста супрацоўнічаць, не далучыўшыся да «Аднаго шляху», дык інвэстыцыі туды не ідуць такім патокам. Упершыню за шмат гадоў эканоміка ў Кітаю стала жорстка зьвязвацца з палітыкай, а ня толькі з прагматыкай.

— Перад вашым прыездам выйшаў артыкул, дзе ставяцца пад сумнеў вашыя акадэмічныя рэгаліі. Там, у прыватнасьці, гаворыцца, што ў вашай кандыдацкай дысэртацыі пра тайныя таварыствы ў Кітаі 50-80-х галоў мінулага стагодзьдзя цытуюцца крыніцы, часткі зь якіх папросту не існуе.

— Гэта лёгка праверыць. Вядома ж яны існавалі — і кандыдацкая і доктарская дысэртацыі, яны ляжаць у бібліятэцы...

— Маецца на ўвазе, што ў самой кандыдацкай дысэртацыі спасылка на крыніцы, якіх няма.

— Тое, што іх не знайшлі, ня значыць, што іх няма. Вядома ж, яны існавалі, ёсьць і іх можна пабачыць. Па праўдзе, я ня думаю, што палезу ўступаць у акадэмічныя спрэчкі. Такія спрэчкі могуць ісьці на навуковым форуме, дзе я магу паказаць, адкуль браліся крыніцы і дзе яны існуюць.

— То бок, тыя людзі, якія вас у гэтым абвінавачваюць, апублікавалі фэйк?

— Так, гэта чарговыя «фэйк ньюз». Я, па праўдзе, ня вельмі разумею навошта. Бо ўрэшце я прыяжджаю ў Беларусь ня як навуковец ці акадэмічны супрацоўнік. Я прыяжджаю падзяліцца сваімі думкамі. Я шмат пражыў у Кітаі і шмат прадумваў, што там адбываецца і да чаго гэта можа прывесьці. Таму я кажу не пра навуку, а пра нейкія цывілізацыйныя падыходы. Зь імі можна не пагаджацца — гэта абсалютна нармальная сытуацыя. Але я не выпадкова фармулюю гэта так: «Чаму Кітай мысьліць інакш». Я хачу, каб публіка зразумела, што Кітай гэта ня проста іншая эканоміка, а кітайцы сапраўды інакш мысьляць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG