Грамадзянін Беларусі Сьцяпан Сьвідзерскі распаўсюдзіў заяву, у якой распавёў пра дэталі здарэньня 14 лістапада ў сядзібе Thomson Reuters у Гдыні.
Паводле Сьвідзерскага, ён ужо некалькі гадоў займаецца спартыўнай стральбой. Зь вясны 2017 году, калі атрымаў дазвол на зброю, пачаў браць яе з сабою на працу. Так было і ў той дзень, калі яго затрымала паліцыя.
«Зброю я заўсёды прыносіў законна. Даўгаствольная зброя заўсёды была ў футарале, а кароткаствольная — у футарале ці кабуры, прычэпленай да цела. Хачу падкрэсьліць, што я ніколі не даставаў зброю з футаралаў, каб „паказаць“ яе каляжанкам ці калегам», — піша Сьвідзерскі.
Паводле яго, у дзень, калі здарыўся інцыдэнт, ён абыходзіўся са зброяй адпаведна правілам.
«Каля 19 гадзіны я зьбіраўся выйсьці з офіса ў адну з маленькіх крамаў, якія знаходзяцца побач зь месцам маёй працы. Я дзейнічаў паводле правілаў і здаровага розуму, зброя ўвесь час была пры сабе. Інцыдэнт пачаўся тады, калі зброю, якая знаходзілася ў футарале, у той час, калі я апранаўся, узяла ў рукі іншая асоба».
Беларус, які нібыта страляў у Гдыні, страціў працу. Паплечнікі-стралкі зьбіраюць яму грошы
Сьвідзерскі падкрэсьлівае, што закон абавязвае яго сачыць за зброяй, і калі б ён яе згубіў, то мусіў бы адказваць за гэта перад законам.
«Усе мае дзеяньні, якія я ўчыніў падчас гэтага здарэньня, былі накіраваныя на тое, каб зброя ня трапіла ў рукі асобы, якая ня мае права яе мець, і каб як мага больш бясьпечна завяршыць гэтую крызісную сытуацыю», — піша беларус.
Паводле Сьвідзерскага, неаднаразовыя заўвагі выніку не далі.
«У сувязі з тым, што гэты чалавек са зброяй аддаляўся ад мяне і быў блізка да дзьвярэй на калідор, узьнікла рызыка, што гэтая асоба зьнікне з майго поля зроку. Я быў вымушаны зрабіць крокі, каб вярнуць кантроль над зброяй».
Сьвідзерскі піша, што ён першы папрасіў выклікаць паліцыю і спрабаваў гэта зрабіць самастойна, але яму гэта перашкодзілі зрабіць.
«Эскаляцыя сытуацыі, якая потым адбылася, прымусіла мяне зрабіць папераджальныя стрэлы. Я рашуча заяўляю, што ў мяне не было мэты некага параніць ці нанесьці некаму шкоду. Стрэлы былі зробленыя мэтанакіравана ў такое месца і такім чынам, каб нікога не параніць, нават выпадкова».
Сьцяпан Сьвідзерскі, «каліновец» з Горадні
Грамадзянін Беларусі дадае, што ніколі б не страляў, калі б да гэтага яго не прымусіла сытуацыя.
«Я заяўляю, што я невінаваты ў тым, у чым мяне абвінавачваюць. Мае паводзіны, мае крокі былі зробленыя з мэтаю абароны зброі, якую паводле законаў я павінен мець пры сабе. Я ні на кога не нападаў, не пагражаў, ад самага пачатку здарэньня і да канца я прасіў выклікаць паліцыю, каб скончыць гэтае здарэньне».
Ваша меркаваньне
Паказаць камэнтары