Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларус, які нібыта страляў у Гдыні, страціў працу. Паплечнікі-стралкі зьбіраюць яму грошы 


Сьцяпан Сьвідзерскі пасьля вызваленьня

30-гадовы беларус Сьцяпан Сьвідзерскі, затрыманы 14 лістапада за нібыта страляніну ў офісным будынку агенцтва Thomson Reuters у польскай Гдыні, а пазьней адпушчаны на волю, страціў працу ў мэдыякарпарацыі. Гэтую інфармацыю Свабодзе пацьвердзіла маці Сьцяпана Тацьцяна.

«Ён нармальна, трымаецца, настрой добры. Сьцёпа не адзін, яму шмат дапамагаюць сябры і паплечнікі, неяк спрабуюць вырашаць грашовыя пытаньні, — расказала Свабодзе Тацяна Сьвідзерская. — Так, працу ён сапраўды страціў, але цяпер галоўнае для яго і ўсіх нас — разабрацца з крымінальнай справай і вярнуць яго добрае імя. Я кожны дзень малюся, каб усё скончылася добра. Але ўжо той факт, што сына вызвалілі без усякіх абмежаваньняў кшталту грашовага закладу ці падпіск аіб нявыездзе, сведчыць шмат пра што».

Таксама жанчына падкрэсьліла, што абураная рэакцыяй шматлікіх СМІ і рэзанансам, бо яны распаўсюджвалі ня толькі персанальныя зьвесткі сына, але і розныя вэрсіі, якія ня маюць дачыненьня да рэчаіснасьці.

Інцыдэнт адбыўся ўвечары 14 лістапада. У офісным будынку кампаніі Thomson Reuters прагучалі два стрэлы, пасля чаго затрымалі беларуса Сьцяпана Сьвідзерскага, які працаваў там аналітыкам. Была заведзена крымінальная справа па абвінавачваньні ў замаху на забойства. Праз два дні пракуратура адпусціла з-пад варты мужчыну без аніякіх умоваў.

Стралковы клюб зьбірае грошы для дапамогі беларусу

18 лістапада польскі стралковы клюб Ardea абвясьціў збор сродкаў для таго, каб падтрымаць свайго паплечніка Сьцяпана Сьвідзерскага, які, як вядома, мае дазвол насіць зброю і займаецца спартовай стральбой.

«Сьцяпан — адзін з нас. Пасьпяховы, законапаслухмяны і бесканфліктны, вялікі фанат спартовай стральбы. Атакаваны з ужываньнем фізічнай сілы, абараняючы сябе ад спробы адбіраньня зброі, ён быў нахабна абвінавачаны ў замаху на забойства. Тое, што здарылася зь ім, магло адбыцца з кожным з нас!” — гаворыцца ў адозьве клюбу Ardea.

Паведамляецца, што сабраныя грошы пойдуць ня толькі на пакрыцьцё выдаткаў на судовыя справы, на якія ў Сьцяпана няма сродкаў, але і на паўсядзённае жыцьцё, бо пасьля інцыдэнту беларуса звольнілі з працы.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG