Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронца змушае магілёўскую міліцыю шукаць тых, хто «незаконна» пратэставаў супраць «Матыльды»


Пікет каля кінатэатру «Кастрычнік». Фота журналісткі Аліны Скрабуновай

Праваабаронца Аляксандар Хамратаў дамогся, каб магілёўская пракуратура скасавала пастанову міліцыі аб спыненьні адміністрацыйнай справы на трох праваслаўных актывістаў. 26 кастрычніка тыя правялі несанкцыянаваны пікет каля кінатэатру «Кастрычнік» супраць паказу мастацкай стужкі «Матыльда».

На парушэньне закону «Аб масавых мерапрыемствах» праваахоўнікі не зьвярнулі ўвагі, і Хамратаў напісаў скаргу ў Ленінскі аддзел міліцыі. На яго думку, міліцыя ўжывае нормы закону каньюнктурна. Калі грамадзяне, тлумачыць ён, выходзілі пратэставаць супраць так званага дэкрэту аб дармаедах, то іх каралі за ўдзел у не санкцыянаваным уладамі мерапрыемстве. Да пікету ж праваслаўных актывістаў стаўленьне было іншае.

«Чаму да грамадзян, якія называюць сябе веруючымі і парушаюць закон, улада ставіцца ляяльна? У чым прычына такіх падвойных стандартаў? Я хацеў атрымаць адказы на гэтыя пытаньні і імі прадэманстраваць грамадзтву, якое ў Беларусі стаўленьне да законаў», — кажа Хамратаў.

Магілёўская міліцыя прызнала факт парушэньня пратэстоўцамі парадку арганізацыі і правядзеньня пікету, аднак заявіла, што ўстанавіць асобаў, якія ў ім удзельнічалі, не ўдалося. Таму, адпісаў Хамратаву намесьнік начальніка Ленінскага аддзелу міліцыі Юры Калацілкін, адміністрацыйнае справаводзтва па факце парушэньня спыненае.

Аляксандар Хамратаў зьвярнуўся ў суд і магілёўскую пракуратуру, бо адказ зь міліцыі палічыў неабгрунтаваным.

Аляксандар Хамратаў
Аляксандар Хамратаў

24 лістапада Ленінскі суд Магілёва меўся разгледзець пазоў праваабаронцы, аднак судзьдзя Ірына Ланчава паведаміла, што пракуратура скасавала міліцэйскую пастанову. Паводле Хамратава, падрабязнасьцяў судзьдзя не падавала. Пазоўнік будзе чакаць аргумэнтацыю ў лісьце з нагляднага органа.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG