Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хочам даць голас тым, у каго звычайна і не пытаюцца», Юлія Цімафеева пра літаратурны фэстываль «Знак роўнасьці»


Арганізатарка фэстывалю "Знак роўнасьці" Юлія Цімафеева. Фота прадстаўленыя Саюзам беларускіх пісьменьнікаў. Фота Вікі Трэнас.

У Менску завяршыўся літаратурны фэстываль «Знак роўнасьці», але ўжо каторы дзень у сацсетках працягваецца гарачае абмеркаваньне і зьместу і падзеяў, што адбыліся цягам літаратурнай імпрэзы. Пры вынік, выклікі і будучыню «Знаку роднасьці» гутарым з арганізатаркай фэстывалю перакладчыцай і паэткай Юліяй Цімафеевай.

— Юля, чым быў унікальны літаратурны фэстываль «Знак роўнасьці»? Як зьявілася сама ідэя? На які сусьветны досьвед абапіраліся арганізатары?

— Арганізатарам літаратурнага фэстывалю «Знак роўнасьці» выступіў Саюз беларускіх пісьменьнікаў, я распрацавала праграму фэстывалю і была яго каардынатаркай. Ідэя фэстывалю, мне падаецца, практычна лунала ў паветры. Павага да іншасьці і разнастайнасьці ў сьвеце робіцца ўсё большай каштоўнасьцю, неабходнай для гарманічнага разьвіцьця сучаснага грамадзтва. Аднак крытычны погляд на айчынную літаратурную сытуацыю па-ранейшаму выяўляе яе цэнтралізаванасьць і герархічнасць. Мы хацелі разабрацца, наколькі беларуская літаратура гатовая да выклікаў часу, і даць слова тым творцам, якія пачасту выціснутыя на пэрыфэрыю беларускага літаратурнага працэсу, і зьвярнуцца да тых тэмаў, якія айчыннай літаратурная грамадзкасьць часам лічыць другаснымі або табуяванымі.

Гэты фэстываль быў досыць незвычайным для нас. Па-першае, мы паспрабавалі асноўным фарматам імпрэзаў на фэстывалі зрабіць дыскусіі і лекцыі. Крытычны погляд, аналіз наяўнай сытуацыі ў літаратуры — вось гэта была адна з асноўных мэтаў. Але, натуральна, былі тут і літаратурныя чытаньні, і прэзэнтацыі кніг, і музычны ды тэатральны пэрформансы. Складана пералічыць усе нашыя мерапрыемствы. Напэўна, гэтую дыскусійнайсьць я і падгледзела ў замежных калегаў на іхніх фэстывалях.

Напэўна, гэтую дыскусійнайсьць я і падгледзела ў замежных калегаў на іхніх фэстывалях.

Таксама мне хацелася паспрабаваць зьвесьці разам розныя віды мастацтваў, напрыклад, паглядзець, як у нас узаемадзейнічаюць літаратура і тэатар. Або як карэлююць сучасная літаратура і адукацыйныя праграмы — зьявы, якія звычайна жывуць самі па сабе. Або зьвярнуцца да дзіцячай літаратуры: у нас была лекцыя па швэдзкай дзіцячай літаратуры і нават прэзэнтацыя кнігі для маленькіх дзетак пра асаблівую дзяўчынку і яе сям’ю.

І большасьць нашых удзельніц былі жанчыны, гэта праўда. Пісьменьніцы, паэткі, перакладчыцы, дасьледчыцы, выкладчыцы, тэатральныя і мастацкія крытыкі... Зь Беларусі, Швэцыі, Нарвэгіі, Польшчы... Мне складана пералічыць усіх тых, хто ўдзельнічаў у нашых мерапрыемствах. Я думаю, можна проста глянуць праграму фэстывалю, каб пераканацца.

Круглы стол “Хто танчыць на мінным полі і жыве ў ружовым гета: дыскусія на тэму ідэнтычнасці ў літаратуры”. Мадэратарка – Вольга Гапеева. Удзельніцы: Хэйдзі Мары Крызнік (Нарвэгія), Ульрыка Кэрнборг (Швэцыя), Юля Цімафеева, перакладчыца Надзея Кандрусевіч. Аўтар відэа Арцём Лява.

— Як бы вы сфармулявалі для сябе асноўныя вынікі гэтай літаратурнай імпрэзы?

Цягам трох фэстывальных дзён прайшло мноства літаратурных імпрэзаў, падчас якіх абмяркоўвалі, наколькі добра жанчыны прадстаўленыя ў мінулым беларускай літаратуры і тэатры, як жывецца і пішацца тым пісьменьнікам і пісьменьніцам, якія жывуць не ў сталіцы, як можа дзіцячая літаратуры, напрыклад, швэдзкая гаварыць пра прыняцьце адрознасьці іншага чалавека, як выяўлены сэкс і сэксуальнасьць у творах сучасных і клясычных беларускіх пісьменьнікаў і пісьменьніц. І адзін з самых важных вынікаў, мне падаецца, у тым, што мы пачалі пра гэта гаварыць адкрыта і досыць прафэсійна, а ня проста сабраўшыся разам за кубкам кавы і марачы пра зьмены. І пісьменьнікі, і пісьменьніцы казалі пра свой досьвед, дзяліліся меркаваньнямі, прыслухоўваліся адно да аднаго. І яшчэ мы пабачылі, што цікавасьць да такіх тэмаў існуе, што нягледзячы на іх складанасьць, публіка прыходзіць. А значыць, варта працягваць працаваць далей.

— Якая панэль выклікала асноўныя дыскусіі, спрэчкі, магчыма скандалы?

— Я не люблю гэтай тэндэнцыі, калі беларускую літаратуру ў айчынных мэдыях асацыююць адно са скандаламі. Паверце, для таго, каб у ёй разьбірацца, не дастаткова чытаць загалоўкі «жоўтай прэсы».

Што тычыцца дыскусій, то яны былі досыць разнастайнымі. Усе пяць зь іх былі цікавыя і важныя па-свойму. Падчас міжнароднага круглага стала швэдзка-нарвэска-беларускай кампаніяй мы гаварылі пра ідэнтычнасьць, гендэрную, пісьменьніцкую, нацыянальную, у сучаснай эўрапейскай літаратуры, пра тое, што зьмянілася за апошнія дзесяцігодзьдзі.

Пытаньні з залі. Аўтар відэа Арцём Лява.

Вельмі цікавай была дыскусія пра жыцьцё рэгіянальных пісьменьнікаў, да прыкладу, я раней не задумвалася, як інтэрнэт можа зьмяняць жыцьцё пісьменьнікаў у маленькіх гарадах. Падчас абмеркаваньня сэксу і сэксуальнасьці ў беларускай літаратуры было адзначана, як часьцяком гвалт нават у межах школьнай літаратурнай праграмы падаецца без асуджэньня, як прыклад каханьня. Дарэчы, дыскусія пра жаночую прысутнасьць у гуманітарнай школьнай і ўнівэрсытэцкай адукацыі абазначыла сур’ёзныя праблемы, што тычацца ня толькі заяўленай тэмы, а ўзьняла пытаньне пра неабходнасьць мяняць прынцыпы пабудовы праграмаў наогул. Падчас дыскусіі пра жаночыя тэксты і кантэксты ў тэатры я пачула, што ў пляне гендэрных дыскусій беларуская літаратура ідзе наперадзе беларускага тэатру.

— На фэстывалі прагучала інфармацыя пра тое, што ў навуковых працах дасьледнікам рэкамэндуюць пазьбягаць слова фэмінізм, замяняючы яго на іншыя тэрміны. Можаце больш дэтальна акрэсьліць праблему і яе прычыны?

— Так, фэмінізм, нягледзячы на сваю ўжо даўнюю гісторыю, прыцягвае пужаць беларускую навуку. У назвах дысэртацый слова «фэмінісцкі» у нас настойліва раяць замяняць на «жаночы», іначай абароны не відаць. Хаця ў заходнім сьвеце яшчэ з 1970-х пачалі стварацца цэлыя ўнівэрсытэцкія праграмы, прысьвечаныя «жаночым», а ў 1990-ыя ўжо гендэрным дасьледаваньням. Нікога там «фэмінісцкай крытыкай» не напужаеш, наадварот, гэта адна з тэорый літаратуры, якая актыўна выкарыстоўваецца, а ў нас гэта ўсё яшчэ бачыцца пагрозай для айчыннай навукі ды і не толькі для навукі.

— Удзельніца «Знаку роўнасьці» Марыйка Мартысевіч вынесла на абмеркаваньне ў суполцы «Толькі жанчыны» наступны інцыдэнт падчас фэстывалю: «Выпускніцы журфака паказвалі на фэстывалі „Знак роўнасьці“ інтэрактыўны спэктакль „Мова Х“ па вершы Вальжыны Морт. Перад спэктаклем публіцы патлумачылі, што такое інтэракцыя: яны могуць узаемадзейнічаць з акторамі. Адзін з гледачоў зразумеў гэта даволі спэцыфічным чынам і падчас паказу аблапаў акторку». Што насамрэч адбылося? І пра што сьведчыць гэты інцыдэнт?

Фэмінізм, нягледзячы на сваю ўжо даўнюю гісторыю, прыцягвае пужаць беларускую навуку.

— Вельмі паказальна, што проста перад спэктаклем «Мова Х» тэатру «Галава-Нага» мы гаварылі пра жаночыя тэксты і кантэксты ў тэатры. Мы шмат абмяркоўвалі ролю жанчыны, гаварылі разумныя рэчы, а пасьля дыскусіі той самы чалавек пачаў нам даводзіць, што жанчына проста мусіць быць жанчынай, а мужчына мужчынам, і ўсё будзе добра. Але тое, што адбылося: і ягоная рэакцыя ў межах інтэрактыву, якую варта расцэньваць як харасмэнт, і рэакцыя старэйшых жанчын на словы вершу са спэктаклю, нам паказваюць, у якім грамадзтве мы жывем і колькі яшчэ мусіць быць зроблена, каб прыйшло разуменьне гэтай праблемы. Але зь іншага боку, мушу прызнаць недапрацоўкі арганізацыі фэстывалю. Гэтага чалавека, мабыць, мусіла папросту вывесьці ахова.

— Многія дыскусіі фэстывалю былі прысьвечаныя бачнасьці і дзейнасьці жанчын у культурным полі, а таксама асэнсаваньню сваёй ідэнтычнасьці. Юля, як вы мяркуеце, чаму абмеркаваньне гендэрна адчувальных тэмаў у Беларусі часта выклікае агрэсіўную рэакцыю і ня толькі ў сацсетках?

— Хачу вярнуцца да таго, чаму наагул мы робім гэты спэктакль, чаму вы, Ганна, робіце перадачу «Толькі жанчыны», чаму мы ўсё больш і больш і гаворым на «жаночыя» тэмы ў культуры і грамадзтве. Таму што чалавецтва зьмяняецца, хочам мы гэтага ці не, бо рэпрэсіўнае стаўленьне да «іншага», жорсткая барацьба за выжываньне, спажывецкае стаўленьне да прыроды і г.д. прыводзяць да сумных вынікаў. Але ня ўсе згодныя прызнаваць гэтыя зьмены. І як сказаў некалі Махатма Гандзі, «спачатку яны цябе не заўважаюць, пасьля сьмяюцца зь цябе, пасьля змагаюцца з табой, але пасьля ты перамагаеш». Я думаю, цяпер мы на этапе, калі нас перасталі ігнараваць і пачалі сьмяяцца.

— У рамках фэстывалю адбыліся прэзэнтацыя так званых «жаночых» кніг з выдавецкіх сэрый «Саюза беларускіх пісьменьнікаў»: Валянціны Аксак, Насты Кудасавай, Людкі Сільновай. Як вы мяркуеце, а ці можна гаварыць пра жаночыя кнігі? Як па мне, дык кніга Альгерда Бахарэвіча "Белая муха, забойца мужчын" — таксама жаночая кніга...

— У заходнім літаратуразнаўстве ўжо гадоў сорак ідзе абмеркаваньне, што ж гэта нарэшце такое — «жаночы» тэкст... І я б не сказала, што існуе адназначнае меркаваньне на гэты конт. На прэзэнтацыі мы хацелі пазнаёміць з кнігамі, напісанымі жанчынамі, і выдадзенымі ў сэрыі «Кнігарня пісьменьніка» і «Бібліятэчка Дзеяслова». Пачуць ня толькі творы гэтых аўтарак, але і іх меркаваньні. Што да рамана Альгерда Бахарэвіча, то ўсё ж для мяне гэта ўсё адно мужчынскі, хоць і вельмі спачувальны, погляд на «жаночыя праблемы».

Дыскусія падчас літаратурнага фэстывалю "Знак роўнасьці". Фота прадстаўленыя Саюзам беларускіх пісьменьнікаў. Фатограф -- Віка Трэнас.
Дыскусія падчас літаратурнага фэстывалю "Знак роўнасьці". Фота прадстаўленыя Саюзам беларускіх пісьменьнікаў. Фатограф -- Віка Трэнас.

— У чым «Знак роўнасьці» прынцыпова адрозьніваецца ад іншых беларускіх імпрэзаў і ці будзе мець ён працяг?

— Беларускіх імпрэзаў, натуральна, праводзіцца шмат. Калі казаць пра літаратурныя, то, па-першае, гэта быў цэлы трохдзённы фэстываль. Мерапрыемстваў такога размаху ў нас няшмат. У незалежным культурным сэктары я назаву фэстываль «Вершы на асфальце» імя Міхася Стральцова, літаратурны open-air фэстываль «Каптаруны». Па фармаце мы бліжэйшыя да другога, а па месцы правядзеньня — да першага. Але вось агульная ідэя — гэта тое, што адрозьнівае наш фэстываль ад усіх астатніх. Мы хочам даць голас тым, у каго звычайна і не пытаюцца. Што да працягу, то, магчыма, «Саюз беларускіх пісьменьнікаў» будзе праводзіць фэстываль не штогод, а раз на два гады, але асноўны ідэйны кірунак і фармат мусяць застацца тыя самыя.

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG