Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алімпійская ракіроўка і расейскія кватэры Андрэя Фомачкіна


Андрэй Фомачкін, кадр з тэлерэпартажу СТВ. Чалавек, які ў складзе зборнай Беларусі нёс расейскі сьцяг на адкрыцьці Паралімпіяды

Беларуска-расейскія адносіны зьведалі розныя пэрыяды, былі тут і сьвяты сумеснай застольнай песьні, і часы заклятай дружбы.

Падобна на тое, што лёс можа падкінуць сытуацыю, якой не спадзяваўся ні адзін, ні другі бок. Рэч тычыцца Алімпіяды ў карэйскім Пхен-Чхане і ўдзелу ў ёй хакейных каманд Расеі ці Беларусі.

Як вядома, наша нацыянальная каманда не патрапіла на гэтае сьвята жыцьця, бо саступіла ў адборы на Алімпіяду зборнай Славеніі.

Расейцы, наадварот, заслужылі свой удзел шматгадовымі дасягненьнямі на чэмпіянатах сьвету й высокай пазыцыяй у рэйтынгу, але...

Допінгавы скандал, зьвязаны з расейскай алімпійскай камандай, які цягнецца за расейцамі з папярэдняй зімовай Алімпіяды ў Сочы, можа перакрэсьліць мары расейскай каманды ня тое што на алімпійскае золата, але нават на ўдзел у алімпійскім турніры.

Такім чынам, цалкам магчымая ракіроўка нацыянальных хакейных каманд Расеі й Беларусі, што да ўдзелу ў алімпійскім турніры ў Паўднёвай Карэі.

Тэхнічнае абгрунтаваньне — як і чаму беларуская каманда першая на ўдзел у Алімпіядзе ў выпадку адхіленьня расейцаў — можна паглядзець тут.

Але цікава, як гэткія абставіны адаб’юцца на ўзаемінах рэжымаў Расеі й Беларусі, бо хакейныя зборныя адначасова ёсьць іх любімыя цацкі й прапагандысцкі інструмэнт.

Нешта мне падказвае, што праяўляць салідарнасьць з расейцамі і адмаўляцца ад магчымасьці пра нагодзе паслаць у Пхен-Чхан нацыянальную хакейную каманду беларускі бок не захоча. Такая залётная магчымасьць аднавіць страчаны шанец паўдзельнічаць у Алімпіядзе выпадае ня кожны дзень.

Да таго ж пікантнасьці дадае тое, што, як вядома, паўночнаамэрыканская Нацыянальная хакейная ліга (НХЛ) заявіла пра немагчымасьць удзелу сваіх хакеістаў на алімпійскім турніры, а ў НХЛ гуляюць найлепшыя прадстаўнікі Канады, ЗША і Эўропы.

Як стала вядома, у выпадку адхіленьня Расеі, пра магчымасьць забароны сваім гульцам удзельнічаць у Алімпіядзе, намякае й расейская Кантынэнтальная хакейная ліга (КХЛ), другая па моцы хакейная ліга сьвету.

Атрымліваецца, што найлепшыя хакеісты вымушана прапускаюць алімпійскі хакейны турнір і ўзровень спаборніцтваў робіцца сярэднім.

У НХЛ гуляе адзін беларус, у КХЛ выступае менскае «Дынама», але пры моцным жаданьні найлепшых беларусаў з кахээлаўскага «Дынама» магчыма перавесьці ў дынамаўскія фарм-клюбы, што гуляюць у нацыянальным чэмпіянаце і такім чынам яны атрымаюць магчымасьць удзельнічаць у алімпійскім турніры.

У такім выпадку беларуская зборная не нашмат будзе саступаць у клясе больш рэйтынгавым камандам, і ў беларусаў зьяўляецца дадатковая магчымасьць забрацца ў алімпійскім хакейным турніры як мага вышэй. Можа быць, паўтарыць легендарны посьпех Солт-Лэйк-Сіці 2002 году, а то і ўскочыць на п’едэстал.

Думаю, улада РБ даўно пралічыла такое разьвіцьцё падзей і зробіць усё магчымае, каб у выпадку паездкі зборнай Беларусі ў Пхен-Чхан там апынуліся самыя моцныя гульцы зь беларускімі пашпартамі.

Цікава, як адрэагуюць на гэта расейцы?

Расея краіна эмацыйная, таму магчымае ўсё, ад гістэрыкі («кінжал у сьпіну») альбо забароны на продаж беларускага малака да магутнай хвалі ўсеагульнай расейскай любові й падтрымкі зборнай адзінага саюзьніка.

Што тычыцца беларускага боку, то досьвед — як выкарыстаць такую сытуацыю й спрытна зьняць палітычныя дывідэнды — у адміністрацыі РБ ужо быў. Памятаеце Андрэя Фомачкіна, чальца беларускай паралімпійскай дэлегацыі, які на адкрыцьці Летніх Паралімпійскіх гульняў 2016 у Рыё-дэ-Жанэйра на стадыёне «Маракана» выйшаў разам зь беларускай камандай са сьцягам Расеі, каманда якой была раней у поўным складзе дыскваліфікаваная Міжнародным паралімпійскім камітэтам на падставе дакладу Макларэна, дзе сьцьвярджалася, што ўжываньне допінгу падтрымлівалася ў Расеі на дзяржаўным узроўні.

За ўзьняты расейскі сьцяг Фомачкін атрымаў кватэру ў Расеі і пасаду дырэктара Цэнтру алімпійскай падрыхтоўкі ў зімовых відах спорту ў Раўбічах у Беларусі, а ўлада РБ выкупалася ў авацыях расейскага электарату.

Магчыма, што ўжо зараз у нетрах лукашэнкаўскай адміністрацыі паціраюць ручкі і з напружаньнем чакаюць вэрдыкту Міжнароднага алімпійскага камітэту на забарону расейскага ўдзелу ў Алімпіядзе ў Пхен-Чхане з тым, каб запусьціць Фомачкіна з расейскі трыкалёрам па другім, ужо пхен-чханскім коле.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG