Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юры Каліна: Калі б «бежанцы» не вярнуліся, то нас на Беласточчыне сёньня не было б


Юры Каліна
Юры Каліна

Юры Каліна — журналіст і рэжысэр-дакумэнталіст у рэгіянальным аддзеле Польскай тэлевізіі ў Беластоку, кіраўнік рэгіянальнай рэдакцыі тэлеканалу «Белсат». Аўтар некалькіх дзясяткаў рэпартажаў і дакумэнтальных фільмаў пра жыцьцё беларускай меншасьці на Падляшшы і пра Беларусь. Яго апошнія фільмы: «Сярожа» (2015), «Сейбіт» (2014), «Пад апекай сьвятога Дзьмітрыя» (2013), «Архімандрыт» (2012).

Пра найноўшую стужку Юрыя Каліны, «Бежанцы 1915–1922» (2017), з рэжысэрам гутарыць Ян Максімюк.

Па-мойму, «Бежанцы» — вельмі асабісты фільм. На самым пачатку бачым сцэну, у якой ты наведваеш магілу сваёй прабабкі, на могілках у роднай вёсцы Кашалі. Прабабка была ў «бежанстве», там таксама нарадзілася твая бабка. Ты помніш прабабіны або бабіны расказы пра «бежанства»?

— На жаль, у нас у хаце пра «бежанства» не гаварылася. Ні дзед, ні бабка нічога не расказвалі. Нават прабабка Сафія, якая жыла з маімі бацькамі і якую я добра помню, нічога не расказвала.

Я пастанавіў закапаць гэтыя грошы ў зямлі

Але я раскажу табе пра адзін сямейны эпізод, які зь «бежанствам» быў зьвязаны. У маёй прабабкі была скрыня, у якой яна трымала свае скарбы. Я туды некалі заглянуў і знайшоў кучу грошай, вялікіх размаляваных банкнотаў з барадатымі мужчынамі і зь нейкай агромністай цёткай, якая сядзела ў такім цікавым крэсьле. Мне тады было гадоў восем-дзевяць, я патаемна выцягнуў гэтыя банкноты — царскія, зразумела — з прабабулінай скрыні і гуляў на іх зь сябрамі ў карты або расплачваўся імі за грушы, крадзеныя сябрамі ў чужым садзе. Потым, начытаўшыся розных прыгодніцка-авантурных кніжак пра пошукі скарбаў, я вырашыў закапаць гэтыя грошы ў зямлі як свой скарб, які, магчыма, нехта знойдзе праз сто гадоў. Закапаў у скрыначцы пад плотам і на нейкі час забыўся пра гэта. Але праз 10 гадоў, ужо пасьля сьмерці прабабкі, я прыгадаў гэтую схованку, — тады ўжо я ведаў, што такое «бежанства» і адкуль былі тыя грошы, — узяў рыдлёўку і адкапаў скрыначку са сваім скарбам. На жаль, і скрыначка прагніла, і грошы ў ёй…

Потым, калі я ўжо стаў працаваць у беластоцкай тэлевізіі, тэму «бежанства» ў наш публічны дыскурс увёў Дарафей Фіёнік, які ў ратушы ў Бельску наладзіў выставу пра «бежанства». І я тады зрабіў рэпартаж на гэтую тэму. Тады, а быў гэта канец 1990-х, жылі яшчэ сьведкі «бежанства», якія нарадзіліся да 1915 году. Перш за ўсё я запісаў успаміны людзей са сваёй вёскі Кашалёў каля Орлі. Сярод іншых я запісаў бабку Лікерыю Жук, нашу суседку, якая нарадзілася ў 1905 годзе… Тымі запісамі я карыстаўся, калі рабіў цяперашні фільм, каб неяк адзначыць сотую гадавіну «Бежанства». На 2015 год не пасьпеў, бо працы аказалася больш, чым я спачатку думаў…

— У цябе, можна сказаць, клясычнае дакумэнтальнае кіно пра гісторыю — архіўная чорна-белая кінахроніка з часоў «бежанства», якая перамяжоўваюцца выказваньнямі гісторыкаў. Алё ёсьць таксама сцэны з акторамі, так сказаць, з сучаснай інсцэнізацыяй колішняй рэчаіснасьці. Якую мэту ты меў на ўвазе, уводзячы элемэнты такой пастаноўкі?

— У жанры дакумэнталістыкі такі падыход называецца па-польску dokument fabularyzowany. Я вырашыў уключыць такія «сюжэтныя ўстаўкі», каб зрабіць фільм — у якім мноства архіўных фатаграфіяў і запісаў нашчадкаў «бежанцаў» — больш прываблівым для гледача, перш за ўсё маладога, які любіць глядзець хутчэй «жывыя сцэны», чым архіўны матэрыял. Я пакарыстаўся тым, што мы на Падляшшы маем ужо сваіх прафэсіянальных актораў, перш за ўсё Яанну Троц і яе групу. Яанна ахвотна пагадзілася, каб нам дапамагчы, і ў фільме выступае ня толькі яна, але і яе сыны, і яе бабка…

— Што ў гэтым «бежанстве» было найбольш траўматычнае для саміх «бежанцаў»? Тое, што ім трэба было пакінуць свае сялібы і падацца ў далёкі сьвет зь невядомай доляй? Развал царскай Расеі і бальшавіцкі пераварот? Вяртаньне ў Польшчу, у чужую дзяржаву, улады якой, мякка кажучы, ставіліся да іх як да чужакоў?

— Я думаю, што для іх усё было траўматычнае. Уся гэтая падзея была траўматычная, якая ў выпадку маёй прабабкі расьцягнулася на сем гадоў: яны выехалі ў Расею ў 1915, а вярнуліся ў 1922.

Гэта так, калі б мяне зь Беластоку перасялілі на Месяц

Уяві сабе, мая прабабка Сафія, якая жыла ў Кашалях, далей як на рынку ў Бельску, кілямэтраў за 15 ад яе вёскі, ніколі не была. А тут давялося ехаць на край сьвету, кудысьці ў Саратаўскую губэрню, за дзьве тысячы кілямэтраў ад свайго роднага гнязда. Паводле сёньняшняй меркі, гэта так, калі б мяне зь Беластоку перасялілі на Месяц. Я думаю, яны больш-менш так пачуваліся ў Расеі, як я мог бы сёньня адчуваць сябе на Месяцы…

У Расею, як згадвалі ўсе былыя «бежанцы», дарога была страшная, але першыя два гады жылося там няблага. Пасьля бальшавіцкага перавароту пачаўся «армагедон», і трэба было адтуль уцякаць, каб ратаваць жыцьцё. А пасьля вяртаньня на Падляшша «бежанцаў» чакаў голад і галеча. Хаты або разабраныя, або спаленыя казакамі падчас адступленьня расейскай арміі, занядбаныя і зарослыя пустазельлем палеткі. Ні кала, ні двара, як кажуць. Я сёньня не магу сабе ўявіць, як мае продкі змаглі перажыць такую траўму.

Афіша дакумэнтальнага фільму «Бежанцы» Юрыя Каліны. Праект Лявона Тарасэвіча
Афіша дакумэнтальнага фільму «Бежанцы» Юрыя Каліны. Праект Лявона Тарасэвіча

— У тваім фільме выступаюць пяць гісторыкаў, чатыры зь іх — зь Беларусі. На твой погляд, наколькі тэма «бежанства» 1915 году істотная ў публічным і навуковым дыскурсе ў Беларусі? Як там людзі ставяцца да гэтай тэмы? Пытаю, бо ты быў на праглядзе свайго фільму ў Горадні…

— Тэмы «бежанства» ў беларускай гістарыяграфіі, а таксама ва ўкраінскай і расейскай, практычна не існуе. Бо гістарыяграфія савецкага часу гэтай тэмай не цікавілася. Я знайшоў чатырох беларускіх гісторыкаў, якія гэтай тэмай пачалі цікавіцца нядаўна [у фільме выступаюць гісторыкі Сяргей Токць, Віталь Карнялюк, Генадзь Семянчук і Ўладзімер Ляхоўскі зь Беларусі ды Яўген Мірановіч зь Беластоку. — РС]. Польская гістарыяграфія таксама гэтай тэмай не займалася. А варта тут згадаць, што ў «бежанства» падаліся больш чым 400 тысяч этнічных палякаў. Польскія гісторыкі абмінулі ўвагай лёс гэтых людзей, якія тады шукалі ў Расеі паратунку ад немцаў. Чаму? Бо гэтая падзея ня ўпісваецца ў мартыралёг польскага народу ў Расеі, паводле якога Расея толькі мучыла палякаў і ніколі не ратавала…

Падзея ня ўпісваецца ў мартыралёг польскага народу ў Расеі

Я быў на паказе «Бежанцаў» у Горадні, туды мяне запрасіў настаяцель Пакроўскага катэдральнага сабору айцец Георгі Рой, вельмі сьветлы і пазытыўны малады чалавек. Гэта ж быў фільм «Белсату», а таму на прагляд патрэбны быў дазвол «главного идеолога области», але айцец Рой на гэта не зважаў. На паказ фільму прыйшлі паўтары сотні чалавек, і пасьля я адтуль ледзь здолеў выбрацца, бо амаль кожны з прысутных хацеў мне распавесьці сваю сямейную гісторыю пра «бежанства». Аказваецца, што на Горадзеншчыне амаль у кожнай праваслаўнай сям’і засталіся ўспаміны пра «бежанства» 1915 году. Калі гаварыць пра Горадзенскую губэрню, то ў «бежанства», як у фільме кажа гісторык Карнялюк, падаліся 80% праваслаўных жыхараў. І калі б у Расеі ня здарыліся рэвалюцыя і бальшавіцкі пераварот, то большасьць «бежанцаў», як кажа гісторык Мірановіч, засталася б у Расеі, бо там было ўдосталь зямлі, там можна было свабодна на ёй працаваць, там можна было здабываць адукацыю — дык чаго ім было вяртацца да галечы на Горадзеншчыне або Беласточчыне? Дык вось, калі б гэтыя людзі не вярнуліся, то нас ні на Горадзеншчыне, ні на Беласточчыне не было б.

— У фільме шмат дакумэнтальнага кінаматэрыялу. Дзе ты здабываў гэтыя запісы?

Я знайшоў шэсьць хвілін жывых кадраў з таго лягеру ў Воршы

— Агульныя хронікі з царскіх часоў даступныя ў польскіх кінаархівах. Іх няшмат, і я ведаю ўвесь гэты матэрыял. Але мне хацелася знайсьці матэрыял, на якім будуць паказаныя якраз «бежанцы», а не царская сям’я або царскае войска. І я такі матэрыял знайшоў, у беларускім архіве фатаграфічных і кінэматаграфічных матэрыялаў у Койданаве (Дзяржынску). Пасьля некалькідзённых пошукаў у тым архіве мне ўдалося знайсьці ўнікальную кінахроніку з 1918 году, якая паказвала лягер «бежанцаў» у Воршы — гэта быў пункт іх рэпатрыяцыі. Там была лінія фронту, якая разьмяжоўвала бальшавікоў і немцаў. Туды зьяжджаліся «бежанцы» з усходу, там праходзілі карантын, там ім афармлялі дакумэнты. Я знайшоў шэсьць хвілін жывых кадраў з таго лягеру ў Воршы, і тры хвіліны зь іх увайшлі ў мой фільм.

— Не магу не запытацца пра лёс твайго папярэдняга фільму, «Сярожа», які распавядае гісторыю пра забойствы этнічных беларусаў Падляшша польскім нацыяналістычным падпольлем пасьля вайны. Польская публічная тэлевізія паказала гэты фільм ці не?

— Гэты фільм паказаў толькі «Белсат». «Белсат» уваходзіць у структуру польскай публічнай тэлевізіі, таму можна адказаць на тваё пытаньне сьцьвярджальна. Але «Белсат» быў адзіным тэлеканалам, які паказаў гэты фільм. Астатнія 16 ці 17 тэлеканалаў польскай публічнай тэлевізіі, у тым ліку беластоцкі рэгіянальны тэлеканал, які быў выканаўчым прадусарам «Сярожы», паказаць фільм не схацелі…

— Ясна. Дык на заканчэньне традыцыйнае пытаньне: Што далей? Ужо зьявілася думка наконт наступнай стужкі?

Дзед выяжджаў у Беларусь як беларус, а ўнук прыяжджае адтуль як паляк

— Пакуль што ёсьць агульная ідэя. Мяне зацікавіла тэма перасяленьня беларусаў Беласточчыны ў Беларусь пасьля апошняй вайны. Як вядома, з Польшчы ў СССР тады выехалі каля 50 тысяч чалавек. Сярод іх былі і людзі з маёй вёскі. Мне цікавы лёс гэтых людзей — як яны там абжыліся, што яны там рабілі і робяць, ці не шкадуюць, што тады выехалі? Я, напрыклад, ведаю пра выпадкі, калі нашчадкі тых перасяленцаў-беларусаў прыяжджаюць цяпер у Беласток і шукаюць у архівах доказаў, што іхныя продкі жылі ў Польшчы і былі палякамі, каб атрымаць «Карту паляка». Такі вось парадокс беларускай гісторыі. Дзед выяжджаў у Беларусь як беларус, а ўнук прыяжджае адтуль як паляк…

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG