Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Браніслаў Тарашкевіч паміж фашызмам і камунізмам


Браніслаў Тарашкевіч

Польскі чыноўнік Мацей Коркуць, які адказвае за перайменаваньне вуліц і ўжо «канчаткова закрыў пытаньне» з вуліцай Браніслава Тарашкевіча, называе яго «сымбалем злачынных таталітарных ідэалёгій». Гучыць страшнавата, асабліва калі Тарашкевіча для нагляднасьці параўноўваюць зь Дзяржынскім.

Вядома, унутраная справа палякаў, як ім называць свае вуліцы. Але як называць Тарашкевіча — гэта ўжо непасрэдна тычыцца і нас.

Увесь «камунізм» Тарашкевіча быў барацьбой за беларускую ідэнтычнасьць супраць гвалтоўнай палянізацыі. Выглядае, што яму дагэтуль ня могуць дараваць ні выступаў у польскім сэйме, ні таго, што за пару гадоў стварыў і ўзначаліў Беларускую Сялянска-Работніцкую Грамаду — самую масавую беларускую арганізацыю ў гісторыі, якая налічвала 100 тысяч чальцоў.

Не камунізм, а беларушчына Тарашкевіча цьвеліць вока пану Коркуцю. Дастаткова сказаць, што і ў БССР яшчэ за маёй памяцьцю Тарашкевіч быў пад забаронай. Ня кажучы пра тое, што камуністы яго забілі. Нянавісьць да яго была настолькі моцнай, што нават ня проста забілі. Ягонае зьнявечанае да паўсьмерці цела энкавэдысты цягалі па камэрах, каб (зноў жа, для нагляднасьці) паказваць іншым вязьням (яго ўсе ведалі, ён быў бясспрэчным аўтарытэтам у Беларусі) — вось табе сам Тарашкевіч, ці хочаш сабе такога лёсу? Паводле дакумэнтаў ён ужо даўно быў расстраляны.

Тарашкевіч выкарыстоўваў рэаліі менавіта для адстойваньня беларушчыны. Зразумела, што ніякага таталітарызму ў ягоных перакананьнях не было. І тое, што ў нашы дні адна з паважаных і прызнаных у сьвеце масонскіх ложаў носіць імя Браніслава Тарашкевіча (ён быў масонам) сьведчыць пра гэта.

У мяне няма ілюзіяў наконт пана Коркуця, які пераймяноўвае вуліцы. Няма ілюзіяў і наконт выказваньняў Тарашкевіча пра «польскі фашызм». На той час я адносіны польскіх «санатараў» да ўсяго беларускага інакш і не назваў бы. Тут не ў камунізьме справа, а ў палітыцы польскай дзяржавы.

Што да «камунізму» ці «таталітарызму» Тарашкевіча, дык трэба казаць не пра членства ў партыі і не пра ацэнкі польскай палітыкі, а перадусім пра вядомы прынцып «Не рабі іншаму таго, чаго не хацеў бы сабе». Тарашкевіч не рабіў.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG