Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наступныя чатыры артыкулы нашага цыклю пра правільнае і карыснае харчаваньне ў сталым узросьце прысьвечаны зьвесткам сучаснай навукі, як выбар прадуктаў можа паўплываць на разьвіцьцё тых ці іншых захворваньняў пасьля 60 гадоў.

Пры падрыхтоўцы гэтых артыкулаў мы зыходзілі з пасылу, што найбольш распаўсюджанымі хваробамі ў сталым узросьце зьяўляюцца артэрыяльная гіпэртэнзія, остэапэнія і остэапароз — стан, калі ў чалавека губляецца касьцяная тканка і косткі становяцца крохкімі і схільнымі да пераломаў, а таксама анкалягічныя захворваньні. Вось аб прафіляктыцы гэтых хвароб з пункту гледжаньня правільнага харчаваньня мы і пагаворым.

Безумоўна, адной з найбольш распаўсюджаных і небясьпечных з боку разьвіцьця ўскладненьняў кшталту інсульту, інфаркту міякарда, хранічнай сардэчнай недастатковасьці зьяўляецца артэрыяльная гіпэртэнзія. Паводле сучасных дадзеных, распаўсюджанасьць стала павышанага артэрыяльнага ціску (больш за 160/95 мм рт. сл.) адзначаецца ў 44% людзей ва ўзросьце пасьля 60 гадоў. Цікава адзначыць, што найбольш значным фактарам рызыкі артэрыяльнай гіпэртэнзіі да 75 гадоў зьяўляецца павышаная маса цела і атлусьценьне. Таксама вядома, што пасьля 75 гадоў карціна мяняецца, і павышаны артэрыяльны ціск назіраецца наадварот у асобаў з празьмерна нізкай масай цела, што, звычайна, абумоўлена дрэнным станам зубоў — калі чалавек ня можа нармальна ежу жаваць.

Так што найбольш разумным зьяўляецца падтрымліваць масу цела ў нармальных межах у любым узросьце, не дапускаць як яе павелічэньня, так і празьмернага зьмяншэньня. Арыентавацца ў гэтым дапаможа найбольш распаўсюджаны паказьнік, які завецца індэксам масы цела.

Што тычыцца канкрэтных парадаў, як ежа можа паўплываць на велічыню артэрыяльнага ціску, то мы б хацелі на першае месца паставіць колькасьць спажыванай солі. Справа ў тым, што чым больш чалавек ужывае солі, тым больш высокая верагоднасьць таго, што ў яго будзе стабільна павышаны артэрыяльны ціск. Цяпер даказана, што пасьля 40 гадоў ад 25 да 30 адсоткаў насельніцтва звычайнай эўрапейскай краіны становяцца солезалежнымі і чуйна рэагуюць павышэньнем ціску на лішак солі ў ежы. У такіх асобаў пасьля сьняданку з высокім утрыманьнем солі артэрыяльны ціск можа павышацца ад 3 да 6 мм рт. сл. Пры гэтым пасьля 65 гадоў гэтая залежнасьць становіцца настолькі высокай, што лекары-герыятры нават раяць пры гатаваньні ежы цалкам адмовіцца ад карыстаньня сольлю, ведаючы пры гэтым, што соль і без таго знаходзіцца ў патрэбнай колькасьці ў прадуктах харчаваньня. Дзеля абмежаваньня паступленьня солі мы раім нават не карыстацца вадой з-пад крана, дзе назіраецца яе павышаная колькасьць, лепей купляць спэцыяльную бутыляваную ваду.

Разам з тым, пералічаныя абмежаваньні ў солі ня тычацца людзей, якія перасягнулі ўзрост у 75 гадоў, паколькі ў такіх асобаў недахоп солі наадварот можа прывесьці да стану, які завецца сындром мальнутрыцыі (недахопу харчаваньня), што дрэнна ўплывае на агульны стан, павышае ступень кволасьці і ўспрымальнасьці да інфэкцыйных хваробаў, а таксама прывядзе да павышэньня артэрыяльнага ціску.

Такім чынам, давайце падсумуем. З пункту гледжаньня прафіляктыкі павышанага артэрыяльнага ціску ва ўзросьце 60 — 65 гадоў трэба пільна сачыць за вагай і не дапускаць у першую чаргу павышанай масы цела і атлусьценьня. Карысным будзе таксама абмежаваньне паваранай солі пры гатаваньні ежы — яе ўвогуле ня трэба саліць, бо неабходная колькасьць солі і без таго знаходзіцца ў прадуктах харчаваньня. Дзеля абмежаваньня паступленьня солі пажадана таксама адмовіцца ад карыстаньня вадаправоднай вадой, лепей карыстацца спэцыяльнай, бутыліраванай.

Але пасьля 75 гадоў усё становіцца наадварот: больш небясьпечнай робіцца паніжаная маса цела, а недахоп солі можа прывесьці да асобнага сындрому недахопу харчаваньня, які выкліча павышаны артэрыяльны ціск і зьніжэньне якасьці жыцьця. Таму дасягнуўшы ўзросту 75 гадоў, лепей зноў пачынаць саліць ежу.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG