Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Да справы Коржыча ня ведалі, што рабіць». Родныя яшчэ аднаго салдата, што загінуў у Печах, зьвярнуліся ў пракуратуру


Міхаіл Бяўзюк з Калінкавіцкага раёну загінуў у канцы сакавіка 2015 году, ён амаль цалкам адслужыў свой тэрмін у вучэбцы.

Гісторыя Міхаіла Беўзюка нагадвае гісторыю Аляксандра Коржыча. Скончыў школу, тэхнікум, не хацеў «касіць», добраахвотна пайшоў у армію, трапіў у Печы. Празь пяць месяцаў вярнуўся ў родную вёску нежывым.

«Я раней ня ведаў, куды зьвяртацца, што рабіць. Цяпер у сувязі са справай Аляксандра Коржыча даведаўся, — расказвае Свабодзе малодшы брат загінулага вайскоўца Юры Бяўзюк. — Шмат хто ўвагу зьвярнуў на Печы. Я спадзяюся аднавіць расьсьледаваньне сьмерці брата. Напісаў заяву ў пракуратуру. Што далей буду рабіць, пакуль ня ведаю».

«Пазванілі з часткі, сказалі, што невялікае надзвычайнае здарэньне адбылося»

14 лістапада 2014 году 22-гадовы жыхар вёскі Лісец Калінкавіцкага раёну Міхаіл Бяўзюк пайшоў у армію. Пайшоў добраахвотна, сам хацеў служыць. Звычайны хлопец, захапляўся паляваньнем і рыбалкай, да арміі адвучыўся ў каледжы. Сярод трох братоў Міхаіл быў сярэднім. Трапіў у Печы, адслужыў паўгода. Вучэбка амаль скончылася, калі з часткі раптам пазванілі брату Юрыю.

«Сказалі, што невялікае надзвычайнае здарэньне адбылося. Што Міша павесіўся», — расказвае Юры.

Што адбывалася далей, Юры памятае дрэнна.

«Ведаеце, тады такі стан быў, што я не разумеў, што адбываецца, — расказвае ён. — Ніхто не разумеў. У нас нешта пыталіся, а мы не маглі адказаць».

У родную вёску цела Міхаіла прывезьлі вайскоўцы. Спазьніліся, дужа прасілі пахаваць былога саслужыўца хутчэй, таму што яны хацелі вярнуцца назад у частку. Родныя нават не змаглі разьвітацца зь Міхаілам у доме.

«Мы хацелі дадому занесьці. Але вайскоўцы не далі. Сказалі, што яны сьпяшаюцца назад у частку. Разьвіталіся з братам на вуліцы, — успамінае Юры. — На пахаваньні нам вайскоўцы толькі сказалі, што брат быў найлепшым зараджальнікам і стралком у частцы. Гаварылі, што прапаноўвалі яму заставацца інструктарам стральбы».

Перад ад’ездам яны далі Беўзюкам каля 500 даляраў у капэрце.

«Грошы прасіў перасылаць. І часьцей да яго прыяжджаць»

Юры Бяўзюк расказвае, што брат не асабліва скардзіўся на службу. Толькі падчас асабістых сустрэчаў згадваў, што ў частцы кепская ежа.

«Казаў, што дрэнна кормяць, больш нічога. Гэта калі мы прыяжджалі да яго, — расказвае Юры. — А па тэлефоне нічога. Напэўна, не хацеў маці засмучаць. Размаўляў з намі па гучнай сувязі, іншыя маглі слухаць. А лісты чыталі, напэўна. Таму ў лістах нічога не расказваў».

Паводле брата, гісторыя Міхаіла Беўзюка ў нечым нагадвае справу Коржыча. Ён таксама часта прасіў перасылаць яму грошы, казаў, што трэба плаціць сяржантам за доступ да тэлефонаў.

«Каля 50 тысяч старымі гэта каштавала. Грошы мы яму поштаю перасылалі, — успамінае Юры Бяўзюк. — Часта прасіў, каб мы прыехалі. І ня толькі нас прасіў. Мяне, маці, сясьцёр. Нават дзядзьку зь Віцебску прасіў прыехаць. Мы хацелі 22 сакавіка ехаць да яго, але не атрымалася».

Міхаіл Бяўзюк падчас службы ў войску
Міхаіл Бяўзюк падчас службы ў войску

Расьсьледаваньне працягвалася больш за год

Пасьля сьмерці Міхаіла Беўзюка Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу па факце суіцыду.

«Давядзеньне да суіцыду, забойства — гэтыя вэрсіі нават не разглядаліся. Толькі суіцыд», — кажа Юры.

Прыкладна год таму сям’я Бяўзюкоў атрымала ліст, у якім гаварылася пра спыненьне справы. Больш ніякіх афіцыйных паведамленьняў, паводле Юрыя Беўзюка, яны ня мелі.

«Я ня ведаю, што адбылося з братам, — кажа Юры. — Разумееце, яго знайшлі ў сушылцы. Памяшканьні, у якім салдаты свае рэчы сушаць. Пра гэта нам вайскоўцы самі расказалі. Паводле іх, яна павінна быць зачыненая. Потым маці езьдзіла ў частку, хацела паглядзець на месца сьмерці Юры. І яна расказвала, што літаральна за рагом ля дзьвярэй сушылкі стаяў днявальны. Як ён мог не заўважыць, што там нешта адбываецца? Незразумела».

15 лістапада стала вядома, што ў Сьледчым камітэце распачатая дадатковая праверка ўсіх няшчасных выпадкаў у войску за апошнія 6 гадоў, ад пачатку ўтварэньня Сьледчага камітэту.

«Не выключаю, што ў некаторых выпадках рашэньні адмовіць у завядзеньні крымінальнай справы альбо спыніць заведзеныя справаў будуць скасаваныя, каб іначай паглядзець на тую ці іншую сытуацыю», — паведаміў старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG