Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Народу ня пофіг


Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Мяркую, што дыскусія паміж Віктарам Марціновічам і Сяргеям Дубаўцом наконт нацыянальнай ідэі — вельмі важная, мо і найбольш важная інтэлектуальная падзея апошняга часу. З аднаго боку, пра гэта ўжо сотні разоў сказана і напісана, з другога — тэма ў Беларусі вечна актуальная.

Адзначу, што, па шчырасьці, мне бліжэй пазыцыя Марціновіча. Але я — пра тое, у чым нязгодны з абодвума шаноўнымі апанэнтамі.

На думку Марціновіча нацыянальная ідэя «народу пофіг». А Дубавец, хоць і нязгодны зь іншымі высновамі калегі, з гэтым у прынцыпе пагаджаецца. А я — не.

Што такое дзяржава?

Паспрабую даказаць. «Што такое ўвогуле „нацыянальная ідэя“? Гэта ідэя сваёй дзяржаўнасьці» — піша Дубавец. А што такое дзяржава? А гэта, калі бяз узьнёсласьці, падаткі ды войска найперш. Як беларусы плацяць падаткі сваёй дзяржаве? А добра плацяць. Зьбіральнасьць падаткаў ня горш чым ува многіх іншых краінах.

І ў войску добра служаць. Ізноў жа ня горш за іншых, інцыдэнты кшталту гібелі Аляксандра Коржыча ў Печах ніякага масавага ўхіленьня ад вайсковай службы не выклікаюць.

Ну разумею, гэта ж такія прыземленыя матэрыі, якое дачыненьне гэта мае да ўзвышаных прыгодаў нацыянальнага духу? А прамое. Гэта паказьнік масавай (менавіта масавай) ляяльнасьці насельніцтва, народу да сваёй дзяржавы. У гэтым, у выкананьні сваіх грамадзянскіх абавязкаў, беларусы і дэманструюць рахмана сваю еднасьць, якую ніяк ня могуць знайсьці Дубавец і Марціновіч.

Можна пагаварыць і пра больш ідэйныя рэчы, пра іншы аспэкт адзінства. За ўсе 26 гадоў існаваньня незалежнай Беларусі ў ёй не было ніякіх сэпаратысцкіх памкненьняў, не было такіх масавых настрояў. Выключэньне — хіба размовы напачатку 90-х пра нейкую яцвяскую аўтаномію. Дык раскаталі ў нуль, было і сплыло. І хіба раскатала нацыянальная інтэлігенцыя сваёй духоўнай моцай? Ну і яна таксама, але насамрэч усе разам — і праўладныя тагачасныя эліты, і апазыцыйныя, і ўласна народ сваім непрыняцьцем падобных навацыяў. А адкуль сілы ўзяліся, калі пофіг?

Які рэгіён Беларусі мае «небеларускую пазыцыю»?

А іншых выпадкаў і не прыгадаеш, каб нейкая Віцебская вобласьць наважылася ці прадэманстравала імкненьне, скажам, вярнуцца ў лона «матухны-Расеі». Дык не было, бо Лукашэнка б забараніў — запярэчыць чытач. Ну, ня ўсё вызначаецца забаронамі.

Памятаю, чытаў летась стэнаграму пасяджэньня кіраўніцтва Ўкраіны на самым пачатку крымскага крызісу і быў уражаны словамі, якія сказаў тады міністар унутраных справаў Арсен Авакаў: "Большасьць насельніцтва Крыму займае прарасейскую, антыўкраінскую пазыцыю". І цікава — ніхто з удзельнікаў таго сакрэтнага пасяджэньня не ўскочыў, не запярэчыў, маўляў, не, у Крыме большасьць мае праўкраінскую пазыцыю.

Што да Беларусі, то наконт «прарасейскай пазыцыі» напэўна пра ўсю яе можна так сказаць. У пэўным сэнсе. А вось наконт «антыбеларускай пазыцыі» большасьці насельніцтва хоць якога рэгіёну Беларусі, мяркую, ні ў Марціновіча, ні ў Дубаўца язык не павернецца сказаць, хоць бы і на сакрэтнай нарадзе. І не таму што боязна, а таму што няпраўда, таму што яны так ня думаюць.

Ня думаюць нават у сваіх блуканьнях на вяршынях духу, ня кажучы ўжо пра прамы, трагічна-практычны кантэкст, у якім падобныя словы казаў Акаваў.

26 гадоў «абыякавай» незалежнасьці

Прыклады можна памнажаць. Некалі пісаў пра статыстыку беларускай працоўнай іміграцыі ў РФ. Калі б было пофіг, дык зьбеглі б усе за доўгім расейскім рублём. А не ўсе зьбеглі, значна меншай доляй зьбеглі, чым, скажам, як бы надзвычай нацыянальна-сьвядомыя армяне ці малдаване. Ну і настроі тых, хто ўсё ж паехаў туды працаваць, не ўкладаюцца ў пракрустаў ложак формулы Марціновіча — а ня хочуць беларусы ў Расеі ў большасьці там стала заставацца.

Ці, скажам, паводзіны беларусаў у інтэрнэце, першыя па чытанасьці парталы — mail. ru і yandex. ru, ну а трэцім усё ж tut. by. Так, не на першым месцы, але першы беларускі рэсурс — не на дзесятым, не на сотым месцы. Хаця, напэўна, калі разумець беларушчыну ў вузкім сэнсе, дык і tut. by, відаць, небеларускі. «Пофігавы», відаць.

Ну і нарэшце, самы просты, відавочны, наглядны аргумэнт — незалежнай Беларусі праз месяц будзе 26 гадоў. А чаму ж яна ў такім стане захавалася? Выключна дзякуючы палымяным тэкстам Марціновіча і Дубаўца? Калі б не яны, дык ужо Тамбоў Тамбовам была б родная старонка? А можа ўсё ж дзякуючы ня толькі ім так ня здарылася?

26 гадоў — надта вялікі тэрмін, каб незалежнасьць утрымалася адно на абыякавасьці пераважнай большасьці, на «пофіг». Расейцы — народ можа і ленаваты, але не паленаваліся б, калі б мелі справу ў Беларусі адно з абыякавасьцю пераважнай большасьці.

А калі нехта мяркуе, што Беларусь — і зараз Тамбоў, то паспытайце ўкраінцаў. Яны да 2014 году таксама часам казалі, што Крым — амаль Расея, нібыта Расея, Тамбоў, словам. Калі хто не разумее, што азначае зьнікненьне гэтых «амаль» і «нібыта», спытайце ўкраінцаў — яны распавядуць у дэталях.

Ня рвуць кашулі — значыць, абыякавыя

Уяўная абыякавасьць беларусаў тлумачыцца, апроч іншага, яшчэ і тым, што яны — народ, які ў масе сваёй не выносіць траскучага патасу. Ды і не траскучага. Парваць на грудзях кашулю і зараўсьці: люблю родную Беларусь, жыцьцё за яе пакладу, не магу безь яе — гэта неяк не па-беларуску. Не, калі па службе (той ці іншай) трэба, то лёгка — народ службу ведае. Але каб ад душы, дык не, не прынята неяк.

А майстры слова і мяркуюць: маўчыць народ, кашулі на грудзях ня рве, дык напэўна нічога на гэты конт і ня думае. А ён думае. І нават робіць. І ня робіць таго, чаго рабіць ня варта. І патрыятызм аказваецца такім — па выніку, па роўнадзейнай, ніхто нібыта, акрамя купкі герояў, пра шматпакутную Бацькаўшчыну і ня дбае, а высьвятляецца, што дбае. Проста гэта трэба ўбачыць.

Хто каму пофіг?

І ўзьнікае такая ўжо зусім можа крыўдная гіпотэза, за якую перад шаноўнымі калегамі выбачаюся: а можа «народу пофіг нацыянальная ідэя» — гэта алегорыя «мы народу пофіг»? Можа гэта цяплей? Вы, мы, я, мы з вамі, словам, «бяз нас», як пісаў Акудовіч. А вось Ганна Бонд і Ўлад Бумага — не пофіг.

Дарэчы, менавіта яны. А не, напрыклад, расейцы, шалёна папулярныя там відэаблогеры Екацярына Трафімава і Максім Голапалосаў.

Мне асабіста дык Марціновіч і Дубавец значна больш цікавыя, чым Бонд і Бумага. Але я ня ўвесь беларускі народ.

Хаця сапраўды крыўдна. Аднак можа з гэтага цалкам натуральнага пачуцьця ня варта рабіць такія ўжо далёкасяжныя высновы?

Не, прэтэнзіі народу прадʼяўляць ёсьць за што (іншая справа — ці варта), але можа ня так ужо ўсё жахліва і безнадзейна? Ну не такі той народ безыдэйны і бездухоўны. Можна проста варта захацець гэта ўбачыць? І, здавалася б, каму, як не пісьменьнікам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG