Лінкі ўнівэрсальнага доступу

15 лістапада ў Гомлі пачнецца суд над грамадзянінам Францыі Жалянам Віё (Jolan Viaud), якога вінавацяць у правозе празь мяжу патрона для пісталета «Парабэлум». Таксама супраць француза выстаўлена абвінавачаньне паводле артыкулу 333 Крымінальнага кодэксу — незаконнае абарачэньне моцнадзейных ці ядавітых рэчываў.

Паводле Жаляна Віё, пісталетны патрон яму падарыў ягоны польскі сябар. У верасьні пры пераходзе беларуска-ўкраінскай мяжы француз нібыта сам паказаў беларускім памежнікам гэты падарунак, які ў выніку стаў прычынай ягонага затрыманьня і завядзеньня крымінальнай справы.

Беларускія мытнікі, аднак, сьцьвярджаюць, што гэта яны знайшлі патрон у заплечніку француза. З 21 верасьня Жалян Віё знаходзіцца пад вартай у гомельскім сьледчым ізалятары. Яму пагражае да 7 гадоў зьняволеньня.

Якія яшчэ скандальныя затрыманьні на мяжы адбываліся ў незалежнай Беларусі?

1997 год. Справа Паўла Шарамета і Зьмітра Завадзкага

Улетку 1997 году вядомы беларускі журналіст Павал Шарамет, які тады працаваў на расейскім тэлеканале ОРТ, і ягоны аператар Зьміцер Завадзкі зьнялі рэпартаж на беларуска-літоўскай мяжы. У рэпартажы паведамлялася пра дрэнную ахову мяжы, што даказвалася відэаздымкамі.

Неўзабаве абодва журналісты былі затрыманыя паводле абвінавачаньня ў незаконным перасячэньні мяжы і правялі некалькі месяцаў у вязьніцы ў Ашмянах. У студзені 1998 году журналісты былі асуджаныя на 2 гады зьняволеньня ўмоўна.

Вызваленьне Паўла Шарамета і Зьмітра Завадзкага з-пад варты да суду адбылося пасьля ўмяшаньня прэзыдэнта Расеі Барыса Ельцына.

2008 год. Справа грамадзяніна ЗША Эмануіла Зэльцэра

Эмануіл Зэльцэр адразу па вызваленьні, 2009 год
Эмануіл Зэльцэр адразу па вызваленьні, 2009 год

Паводле КДБ, адвакат з ЗША Эмануіл Зэльцэр і ягоная сакратарка Ўладлена Функ былі затрыманыя 12 сакавіка 2008 году ў Менску.

11 жніўня 2008 году па абвінавачаньні ў выкарыстаньні заведама фальшывых дакумэнтаў і спробу камэрцыйнага шпіянажу Зэльцэр быў асуджаны на тры гады пазбаўленьня волі, Функ — на адзін год. Сваёй віны асуджаныя не прызналі.

Уладлена Функ адбыла тэрмін пакараньня і 20 сакавіка 2009 году вярнулася дамоў у ЗША. 30 чэрвеня 2009-га, пасля сустрэчы з амэрыканскімі кангрэсмэнамі, Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ пра памілаваньне Эмануіла Зэльцэра, і ў той жа дзень амэрыканскі адвакат быў вызвалены.

Па вяртаньні ў Нью-Ёрк Эмануіл Зэльцэр паведаміў, што яго з Уладленай Функ захапілі ў Лёндане сакрэтныя агенты КДБ і тайна пераправілі ў Беларусь нібыта на самалёце былога расейскага алігарха Барыса Беразоўскага.

2011 год. Справа грамадзяніна Баўгарыі Дзімітра Кенарава

Дзіміцер Кенараў
Дзіміцер Кенараў

У канцы чэрвеня 2011 году ў Мазыры быў затрыманы баўгарскі паэт і журналіст, ляўрэат баўгарскай прэміі «Дэбют» Дзіміцер Кенараў. Баўгарына абвінавацілі ў знаходжаньні ў Беларусі без дакумэнтаў. У міліцыі Дзіміцер Кенараў паведаміў, што прыехаў у Беларусь па візе ў пашпарце, які пазьней згубіў у Ганцавічах падчас вандроўкі па Беларусі.

Праз 5 дзён знаходжаньня ў ізалятары часовага ўтрыманьня ў Мазыры Кенарава дэпартавалі зь Беларусі. Прычынай дэпартацыі была названа спроба займацца журналістыкай без акрэдытацыі МЗС Беларусі.

Як паведаміў Кенараў у інтэрвію парталу tut.by, ён прыехаў у Беларусь, каб зрабіць рэпартаж для амэрыканскага часопіса Virginia Quarter Review, які заплянаваў спэцвыпуск пра краіны былога СССР. Дымітр Кенараў плянаваў зрабіць рэпартаж, прысьвечаны беларускаму машынабудаўніцтву. Аднак на менскі МТЗ яго не пусьцілі, і тады ён патэлефанаваў на «Мазырмаш». Журналіста запрасілі прыехаць, але пасьля кароткай экскурсіі па цэху здалі ў міліцыю.

2013 год. Справа грамадзяніна Расеі Ўладзіслава Баўмгертнера

Уладзіслаў Баўмгертнэр
Уладзіслаў Баўмгертнэр

26 жніўня 2013 году ў менскім аэрапорце быў затрыманы гендырэктар расейскай кампаніі «Уралкалій», старшыня назіральнай рады «Беларускай калійнай кампаніі» Ўладзіслаў Баўмгертнер. Неўзабаве стала вядома, што Сьледчы камітэт Беларусі завёў крымінальную справу на Баўмгертнера паводле абвінавачаньня ў злоўжываньні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі. Месяц пасьля арышту Баўмгертнера трымалі ў вязьніцы КДБ, потым перавялі пад хатні арышт на менскай кватэры, а 22 лістапада экстрадавалі ў Расею. Раней, 20 верасьня, памочнік прэзыдэнта Расеі Юрый Ушакоў заяўляў, што Крэмль чакае хуткай выдачы гендырэктара «Уралкалію», аднак гэты працэс «трошкі зацягваецца».

Пасьля скандалу «Уралкалій» спыніў сумесны зь Беларусьсю продаж калійных угнаеньняў на сусьветным рынку.

2016 год. Справа грамадзяніна Ізраілю і Расеі Аляксандра Лапшына

Аляксандар Лапшын, дэпартаваны ў Азэрбайджан
Аляксандар Лапшын, дэпартаваны ў Азэрбайджан

У сьнежні 2016 году ў Менску быў затрыманы вядомы блогер Аляксандар Лапшын. Беларускія ўлады заявілі, што затрымалі Лапшына на запыт Інтэрполу, зроблены Азэрбайджанам. Раней улады гэтай краіны завялі на Лапшына крымінальную справу і абвясьцілі яго ў міжнародны вышук пасьля таго, як блогер бязь іхнага дазволу наведаў Нагорны Карабах — тэрыторыю пад кантролем мясцовых армянскіх уладаў, якую Азэрбайджан лічыць сваёй.

Аляксандар Лапшын марна спрабаваў аспрэчыць рашэньне Генпракуратуры Беларусі аб ягонай выдачы Азэрбайджану і ў лютым быў экстрадаваны зь Менску ў Баку. Пры гэтым улады Беларусі праігнаравалі просьбу МЗС Ізраілю аб нявыдачы блогера Азэрбайджану. Пазьней Лапшын расказваў, што ў азэрбайджанскай турме яму пагражалі сьмерцю.

Толькі 12 жніўня Аляксандар Лапшын быў памілаваны прэзыдэнтам Азэрбайджану Ільхамам Аліевым і вярнуўся ў Ізраіль.

У кастрычніку блогер паведаміў, што падаў скаргу на Беларусь у Камітэт правоў чалавека ААН.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG