Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кабякоў абяцаў разьняволіць бізнэс. Пачаўся Тыдзень прадпрымальніцтва ў Беларусі


У Менску распачаў працу VII Міжнародны форум прадпрымальніцтва. Імпрэза ладзіцца групай кампаній Bel.biz у рамках Сусьветнага тыдня прадпрымальніцтва, які падтрымалі больш за 170 краінаў, у тым ліку Беларусь.

Тэма сёлетняга форуму — «Сінэргія. Стартапы і карпарацыі». Арганізатары хочуць прадэманстраваць, як агульнымі намаганьнямі дасягнуць нашмат больш, чым паасобку. Калектыўныя намаганьні, якія прывялі да міжнароднага прарыву ў канкрэтных галінах эканомікі, будуць праілюстраваныя прыкладамі Фінляндыі, Ізраілю, краінаў Балтыі.

Урад абяцае разьняволіць дзелавую ініцыятыву

У вітальным слове прэм’ер-міністар Беларусі Андрэй Кабякоў адзначыў, што форум закліканы перадусім фармаваць культуру прадпрымальніцтва.

Андрэй Кабякоў (архіўнае фота)
Андрэй Кабякоў (архіўнае фота)

«Беларусь вельмі зацікаўленая ў разьвіцьці малога і сярэдняга бізнэсу, — сказаў ён. — У галіне ўжо сёньня занятая траціна працаздольнага насельніцтва краіны, і гэтая лічба павінна расьці».

Старшыня Савету міністраў нагадаў, што набліжаецца да лягічнага завяршэньня падрыхтоўка комплексу захадаў да максымальнага разьняволеньня дзелавой ініцыятывы. Падрыхтаваны праект зь 10 нарматыўна-прававых актаў, 8 ужо падпісаныя Аляксандрам Лукашэнкам, два яшчэ на разглядзе.

У адпаведнасьці з новымі нормамі, скарачаецца аб’ём абавязковых патрабаваньняў і тэхнічных стандартаў, спрашчаецца доступ да фінансавых рэсурсаў.

Кіраўнік ураду Беларусі таксама паабяцаў далейшы адкрыты дыялёг бізнэсу і дзяржавы і выказаў спадзяваньне, што станоўчыя пераўтварэньні годна ацэняць замежныя інвэстары.

Старшыня праўленьня Банку разьвіцьця Беларусі Сяргей Румас падтрымаў спадзяваньні Андрэя Кабякова. Ягоная ўстанова выступае суарганізатарам форуму, які, паводле чыноўніка і банкіра Румаса, мае спрыяць разуменьню важнасьці стварэньня дзелавога асяродку ў краіне.

Права і рызыка прадпрымальніцкай дзейнасьці

Сяргей Румас (архіўнае фота)
Сяргей Румас (архіўнае фота)

​«Беларусь ідзе правільным шляхам, даючы кожнаму права на магчымасьць і рызыку прадпрымальніцкай дзейнасьці, — адзначыў Сяргей Румас. — Ніхто ня мае права ставіць бар’еры чалавеку на ягоным шляху».

Паводле Румаса, банк і ягоныя партнэры прыступаюць да фінансаваньня лізінгу бізнэс-структураў, што мусіць істотна аблегчыць першыя крокі на гэтым шляху.

Часовы Павераны ў справах ЗША ў Беларусі Робэрт Райлі назваў форум адным з самых улюбёных мерапрыемстваў году.

Робэрт Райлі (архіўнае фота)
Робэрт Райлі (архіўнае фота)

«Гэта цудоўны досьвед таго, як падвысіць узровень прадпрымальніцтва і прасунуць яго наперад, — сказаў дыплямат. — Бізнэс — ня выбар, ён мусіць быць у абавязковым парадку. Ці вы карыстаецеся выгодамі, ці застаяцеся на ўзбочыне цывілізацыі».

Галоўную ідэю форуму Робэрт Райлі бачыць у тым, каб падхапіць і ўвасобіць на практыцы лепшыя бізнэс-практыкі ў сьвеце. Гэта, сярод іншага, будзе спрыяць эканамічнай бясьпецы.

Стартап-нацыя

Амбасадар Вялікай Брытаніі ў Беларусі Фіёна Гіб нагадала, што першы Тыдзень прадпрымальніцтва адбыўся акурат 10 гадоў таму ў Аб’яднаным Каралеўстве, стаўшы за прамінулыя гады сапраўдным лякаматывам эканамічнага росту па ўсім сьвеце.

Фіёна Гіб (архіўнае фота)
Фіёна Гіб (архіўнае фота)

«Брытанія — нацыя прадпрымальнікаў, — канстатавала яна. — Дзякуючы прыватнай ініцыятыве, дзясяткі адкрыцьцяў у літаральным сэнсе перавярнулі сьвет. Сёньня гэтую эстафэту падхопліваюць стартапы. І цяпер гаворка, ні многа ні мала, пра фармаваньне стартап-нацыі. Менавіта такія формы калектыўнай дзейнасьці даюць найбольшую колькасьць новых ідэяў і, як вынік, працоўных месцаў».

Фіёна Гіб адзначыла, што Беларусь сваімі напрацоўкамі ў сфэры ІТ-тэхналёгіяў вядомая далёка па-за межамі сваёй краіны. Гэтым застаецца толькі слушна распарадзіцца.

Заснавальніца і кіраўніца Bel.biz Тацяна Марыніч падкрэсьліла, што за сем гадоў правядзеньня Тыдня прадпрымальніцтва ў Беларусі напрацаваны вялізны досьвед, які нарэшце мусіць увасобіцца ў рэальныя вынікі. Але дзеля гэтага патрэбнае разуменьне неабходнасьці кардынальных пераўтварэньняў на ўсіх узроўнях.

XS
SM
MD
LG