Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп: расейска-амэрыканская заява па Сырыі ўратуе «калясальную колькасьць жыцьцяў»


Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін і прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп у сумеснай заяве па Сырыі дамовіліся працягваць сумесныя намаганьні ў барацьбе з тэрарыстычнай групоўкай «Ісламская дзяржава» да таго часу, пакуль яна ня будзе пераможаная.

Пра гэта сказана ў сумеснай заяве прэзыдэнтаў Расеі і ЗША, разьмешчаным на сайце Крамля. Яна было ўзгодненая ў кулюарах саміту краін — удзельніц Азіяцка-Ціхаакіянскага супрацоўніцтва ў Віетнаме.

У тэксьце гаворыцца, што абодва лідэры пацьвердзілі сваю прыхільнасьць да незалежнасьці і тэрытарыяльнай цэласнасьці Сырыі. Пуцін і Трамп заявілі, што канфлікт у Сырыі ня мае ваеннага рашэньня. Канчатковае палітычнае ўрэгуляваньне канфлікту павінна быць знойдзена ў рамках Жэнэўскага працэсу ў адпаведнасьці з рэзалюцыяй Рады бясьпекі ААН, адзначаецца ў заяве.

Трамп высока ацаніў сумесную заяву па Сырыі. Па словах амэрыканскага прэзыдэнта, яна " уратуе калясальную колькасьць жыцьцяў«. Па словах расейскага прэзыдэнта, дакумэнт зьяўляецца «неверагодна важным».

Дакумэнт абмяркоўваўся на хаду па дарозе на цырымонію фатаграфаваньня. Напярэдадні ў пятніцу доўгія чаканьні магчымай сустрэчы скончыліся дэманстрацыяй фатаграфіі поціску рукі двух прэзыдэнтаў.

На прэс-канфэрэнцыі, якая адбылася ў суботу, Пуцін назваў пасьпяховай кароткую сустрэчу з Трампам, але адзначыў, што тое, што не адбылася асабістая сустрэча, «гаворыць пра тое, што стасункі паміж Расеяй і ЗША пакуль ня выйшлі са стану крызісу». Дональд Трамп, са свайго боку, сказаў, што Пуціна вельмі абражаюць, калі ўвесь час выказваюць супраць Расеі абвінавачваньні ва ўмяшаньні ў амэрыканскі выбарчы працэс, і што расьсьледаваньне гэтага меркаванага ўплыву вельмі шкодзіць нармалізацыі адносінаў паміж дзьвюма краінамі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG