Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці можна быць дыктатарам у сям’і і наракаць на тое, што жывеш пры дыктатуры?

Пытаньне нарадзілася з падзеяў, якія, здавалася б, да Беларусі дачыненьня ня маюць. А да палітыкі тым болей. Бо дзе беларуская палітыка — а дзе парадкі ў маскоўскіх школах. І тым ня менш...

У Маскве (а я тут жыву) у кожнага вучня ёсьць картка, якой ён разьлічваецца ў школьным буфэце. Бацькі праз адмысловую праграму могуць забараніць аплочваць гэтай карткай пэўныя тавары, напрыклад, цукеркі, колу ці марозіва. І вось навіна — больш за 20 тысяч бацькоў такой магчымасьцю скарысталіся. Так, амаль літаральна — хоча дзіця купіць сьнікерс на перапынку паміж алгебрай і фізыкай, а яму ў адказ: «транзакцыя адхіленая, падзякуй бацькам за іхны клопат».

На шчасьце, мой сын пазбаўлены падставы выказваць тую падзяку. Таму ня дзіўна, што я зьдзівіўся. Ня дзіўна, што маё зьдзіўленьне выклікала дыскусію ў Facebook. Дзіўна, што сярод тых, хто абараняў бацькоў у іх праве жорсткага кантролю, апынуліся беларусы з пасьлядоўнымі (быццам бы) дэмакратычнымі поглядамі, людзі, якія нават цешацца гульнямі ў выдуманую ідэальную дзяржаву Вяйшнорыю — абы толькі дыстанцыявацца ад дзяржавы рэальнай, якая не адпавядае іх уяўленьням пра свабоду.

Дык да пытаньня пасьлядоўнасьці — дзе яна? Крытыкі беларускай дыктатуры, гэтыя людзі, маючы ўладу ў сваёй невялічкай краіне — сям’і, самі становяцца дыктатарамі і будуюць сусьвет сваіх дзяцей на забаронах і загадах. Кажаце — адна справа — забароны Лукашэнкі, а іншая — бацькоўскія забароны на колу? Не скажыце...

Сучасныя тэхналёгіі спакушаюць новымі магчымасьцямі татальнага кантролю ня толькі дзяржаву, але й бацькоў. Пры жаданьні, я магу з дакладнасьцю да хвіліны ведаць, калі мой сын увайшоў у школу і выйшаў зь яе. У ягоным электронным дзёньніку (папяровага ўжо няма) адразу бачна, калі ён адсутнічаў на ўроку. Нядаўна адна маскоўская фірма прапанавала бацькам паслугу з назвай «Лепш мы, чым ФСБ» — усяго за 3,5 даляры ў месяц яна будзе сачыць за паводзінамі дзяцей у сацыяльных сетках і дакладаць вам.

Дзякуй ім — яны падкрэсьлілі гэтую паралель: вы, хто хоча кантраляваць кожны крок свайго дзіцяці, — ФСБ (КДБ) для іх. Тая ж роля, тая ж прырода.

Дыктатура, атрымоўваючы новыя мэтады кантролю за грамадзянамі, актыўна імі карыстаецца. Мы, атрымоўваючы новым мэтады бацькоўскага кантролю і карыстаючыся імі бяз роздуму, прыпадабняемся да дзяржавы.

У абодвух выпадках у якасьці аргумэнтаў будуць гучаць словы пра клопат і парадак. У першым выпадку тыя бацькі абурацца, у другім — самі іх паўтораць. Хай сабе гэта й падасца аргумэнтам дзіўным, але як кожны грамадзянін павінен мець права выйсьці на мітынг, так і кожнае дзіця павінна мець права зьбегчы з урокаў у кіно, купіць колы ці пагойсаць па дахах. Мо ён гэтым правам і не скарыстаецца, але мець павінен.

Вы адмаўляеце дыктатуры ў праве вызначаць за вас межы вашае свабоды. Не зьдзіўляйцеся, калі вам адмовяць у тым самым, і ў вашых дзяцей зьявіцца свая ўласная Вяйшнорыя.

Ёсьць, здаецца, рэчы, больш шкодныя, чым кока-кола. І татальны кантроль — сярод іх.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG