Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Крамлі заяўляюць, што Трамп і Пуцін, верагодна, сустрэнуцца ў Віетнаме


Прэзыдэнты Расеі і ЗША на саміце ў Гамбургу. Ліпень 2017 году.

Двое лідэраў могуць правесьці сустрэчу паміж пасяджэньнямі форуму Азіяцка-Ціхаакіянскага эканамічнага супрацоўніцтва.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, верагодна, сустрэнуцца на гэтым тыдні падчас эканамічнага саміту ў Віетнаме, заявілі ў сераду ў Крамлі, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Як заявіў памочнік прэзыдэнта Пуціна ў зьнешнепалітычных справах Юрый Ушакоў, двум лідэрам «ёсьць што абмеркаваць» і расейскі бок да гэтага гатовы.

Паводле Ўшакова, Пуцін і Трамп сустрэнуцца паміж пасяджэньнямі штогадовага форуму Азіяцка-Ціхаакіянскага эканамічнага супрацоўніцтва, які стартуе ў пятніцу ў віетнамскім горадзе Дананг.

Ён дадаў, што ў нейкі момант двое лідэраў могуць правесьці больш «грунтоўную» асабістую сустрэчу, аднак канкрэтныя парамэтры такой сустрэчы пакуль не ўзгодненыя.

Раней на гэтым тыдні прэс-сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў заявіў расейскаму інфармацыйнаму агенцтву «РИА Новости», што, калі Пуцін і Трамп сапраўды сустрэнуцца, вялікая верагоднасьць, што яны будуць абмяркоўваць сытуацыю ў Паўночнай Карэі.

Пры гэтым Пяскоў адзначыў, што супрацоўніцтва паміж ЗША і Расеяй у паўночнакарэйскім пытаньні няма.

Цяпер Трамп знаходзіцца ў Кітаі зь першым афіцыйным візытам. Незадоўга да прыбыцьця ў Пэкін прэзыдэнт выступіў перад Нацыянальнай асамблеяй Паўднёвай Карэі, заклікаўшы лідэра КНДР Кім Чэн Ына адмовіцца ад ядзернай зброі дзеля шанцу ўступіць на «лепшы шлях».

Трамп перасьцярог Пхэньян: «Ня трэба нас недаацэньваць і адчуваць. Мы будзем абараняць нашу агульную бясьпеку, наш агульны росквіт і нашу сьвятую свабоду».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG