Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што трэба ведаць аб новым пакеце санкцыяў ЗША супраць Расеі


Палітычная карыкатура аўтарства Аляксея Кустоўскага

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў «Акт аб супрацьдзеяньні супраціўнікам Амэрыкі пры дапамозе санкцыяў». Ён уносіць зьмены ў санкцыі супраць Ірану, Паўночнай Карэі і Расеі.

У суправаджальнай заяве Трамп раскрытыкаваў закон і адзначыў, што падпісвае яго «ў мэтах нацыянальнага адзінства».

Што цяпер зьменіцца для Расеі?

Прэзыдэнт ЗША ня зможа наўпрост адмяняць санкцыі

Прэзыдэнт ЗША цяпер ня зможа адмяніць санкцыі — якія раней ўводзіліся асобнымі ўказамі экс-прэзыдэнта Барака Абамы — аднаасобным рашэньнем, а павінен будзе прасіць адабрэньня Кангрэсу.

Яму спатрэбіцца падаць інфармацыю з падставамi для вываду з-пад санкцыяў (напрыклад, выкананьне Менскіх пагадненьняў) і пацьвердзіць, што гэта адбываецца ў інтарэсах ЗША.

У Кангрэсу ёсьць 30 дзён, каб зрэагаваць.

За што накладзеныя санкцыі

У дакумэнце згадваецца анэксія Крыму і ўдзел Расеі ў канфлікце на ўсходзе Украіны, перадача зброі Сырыі і «дзеяньні для падрыву кібэрбясьпекі».

Санкцыі накладаюцца за дзеяньні, зьвязаныя з:

  • кібэрбясьпекай;
  • нафтавымі праектамі;
  • карупцыяй;
  • парушэньнем правоў чалавека;
  • спробамі пазьбегнуць санкцыяў;
  • фінансавымі інстытутамі;
  • узаемадзеяньнем з расейскай абароннай сфэрай альбо выведкай;
  • экспартнымі трубаправодамі;
  • прыватызацыяй дзяржаўных актываў чыноўнікамі;
  • пастаўкамі зброі ў Сырыю.

На каго могуць накладацца санкцыі

Пад санкцыямі гэтым разам могуць аказацца кампаніі, зьвязаныя з расейскімі нафтаздабыўнымі праектамі, будаўніцтвам нафта- і газаправодаў, а таксама арганізацыі, якія ўзаемадзейнічаюць з сфэрай абароны Расіі, Галоўным выведным упраўленьнем і ФСБ.

Акрамя таго, пад санкцыі паводле новага закону могуць трапіць людзі, якія бралі ўдзел у «сур’ёзных парушэньнях правоў чалавека на любой тэрыторыі, сілком акупаванай або падкантрольнай ураду Расейскай Фэдэрацыі», а таксама людзі і арганізацыі, якія ўдзельнічалі ў нядобрасумленнай прыватызацыі і карупцыйных схемах.

У дачыненьні да Сырыі пад санкцыі трапляюць асобы, якія спрыяюць ўраду гэтай краіны ствараць або набываць хімічную, біялягічную або ядзерную зброю, альбо «дэстабілізуюць» аб’ёмы і колькасьць відаў звычайных узбраеньняў, балістычных або крылатых ракетаў.

У адпаведнасьці з патрабаваньнямі дакумэнту, санкцыяўныя сьпісы будзе фармаваць — як і раней — аддзел па кантролі замежных актываў (The Office of Foreign Assets Control), структура Мінфіну ЗША, якая адказвае за выкананьне заканадаўства ў галіне санкцыяў.

Што могуць ўключаць у сябе санкцыі

  • адмову надаваць банкаўскія паслугі;
  • адмову надаваць банкаўскія паслугі пры экспарце тавараў або паслугі для асобы пад санкцыямі;
  • адмову ў экспарце тавараў і паслугаў асобе пад санкцыямі;
  • адмову надаваць крэдыты на сумы звыш 10 мільёнаў даляраў (на год), акрамя выпадкаў, калі гэтыя грошы прызначаныя для «дзейнасьці дзеля палягчэньня пакутаў людзей»;
  • выкарыстаньне права голасу ў міжнародных фінансавых арганізацыях для супрацьдзеяньня выдачы крэдытаў асобам пад санкцыямі;
  • адмову ў закупцы тавараў або паслуг у людзей пад санкцыямі з боку ЗША;
  • забарону выкупляць доўг або долю ў арганізацыях, якія трапілі пад санкцыі;
  • адмову праводзіць апэрацыі зь нерухомасьцю;
  • блякаваньне актываў;
  • адмову ў візе альбо выдварэньне з тэрыторыі ЗША.

Выключэньні

Санкцыі не распаўсюджваюцца ў выпадках, калі гэта можа закрануць дзеяньні амэрыканскага касьмічнага агенцтва (NASA) а таксама касьмічныя запускі для амэрыканскіх кампаніяў, набыцьцё кампанэнтаў падраднікамі і субпадраднікамі Пэнтагону.

Гэта невыпадкова: «Роскосмос» і NASA шчыльна супрацоўнічаюць у касьмічнай сфэры вакол Міжнароднай касьмічнай станцыі, а, напрыклад, Афганістан выкарыстоўвае грошы ЗША для абслугоўваньня раней набытых у Расеі верталётаў Мі-17.

Як рэагуе Расія

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін назваў прыняцьце новага пакету санкцыяў «хамствам» і заявіў, што «Расеі давядзецца адказваць».

Прэм’ер-міністар Дзьмітрый Мядзьведзеў напісаў, што «надзеі на паляпшэньне нашых адносінаў з новай амэрыканскай адміністрацыяй — канец».

У адказ на яшчэ не падпісаны пакет санкцыяў Крэмль ужо запатрабаваў ад ЗША скараціць колькасьць работнікаў амбасады і консульскіх службаў у Расеі на 755 чалавек і забараніў амэрыканскім дыпляматам карыстацца дачай у Сярэбраным Бары ў Маскве, а таксама складам у Чартанаве.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG