Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дзецюкі»: Суд над камунізмам можна правесьці ў Менску


Ці павінна песьня адлюстроўваць гістарычную праўду? Хто сапраўдныя беларускія героі? Пра гэта ў праскім офісе Свабоды гутарым з «панкамі, натхнёнымі Каліноўскім», удзельнікамі гарадзенскага гурту «Дзецюкі» Алесем Дзянісавым і Паўлам Трубліным.

Прапануем фрагмэнт дыскусіі.

Аляксей Знаткевіч: Нашая сустрэча адбываецца 7 лістапада, у дзень стагодзьдзя кастрычніцкага перавароту. На вашую думку, што павінна адбывацца ў Беларусі ў гэты дзень?

Алесь Дзянісаў: У Беларусі ў гэты дзень нічога не павінна адбывацца. Казаць, што не было гэтага перавароту, мы ня маем права. Гэта — частка гісторыі, мы павінны гэта вывучыць і падумаць, чаму ў той час большасьць беларусаў ці нічога не рабіла, ці пайшла за бальшавікамі. Бо няшмат людзей падтрымалі слуцкіх паўстанцаў, ня шмат людзей падтрымалі Балаховіча. Гэта былі альтэрнатыўныя шляхі. А ўсё ж гісторыя пачала разьвівацца вось так.

Знаткевіч: Вы апяваеце балахоўцаў. А чаму з вашага пункту гледжаньня большасьць беларусаў пайшлі за бальшавікамі, а не балахоўцамі?

Дзянісаў: Цяжка сказаць. Каб зразумець, трэба знаходзіцца ў тым часе, зараз толькі можам разважаць.

Ганна Соўсь: Калісьці вашы канцэрты забаранялі чыноўнікі, паколькі, на іх думку, «Дзецюкі» у сваёй творчасьці ставяць знак роўнасьці паміж нацызмам і камунізмам. Нацызм быў асуджаны на Нюрнбэрскім трыбунале, што да камунізму, ці бальшавізму, якая ваша ацэнка?

Такая форма камунізму як бальшавізм, які быў на нашых землях, была жахлівая.

Алесь Дзянісаў: Сама ідэя камунізму прадугледжвае іншыя рэчы. Гэта даволі сымпатычная ідэалёгія, якая, калі даходзіла да практыкі ў розных краінах, пачынаючы ад Паўночнай Карэі, набывала жахлівыя формы. Сама па сабе яна мае быць Такая форма камунізму як бальшавізм, які быў на нашых землях, была жахлівая. Пад сьцягамі роўнасьці і свабоды расейская імпэрыя ператварылася ў бальшавіцкую імпэрыю. Калі казаць пра тое, што прынесла гэтая ідэалёгія, можна назваць яе савецкім ці бальшавіцкім камунізмам, то тады мы павінны паставіць знак роўнасьці. Можна правесьці трыбунал не ў Нюрнбэргу, можна правесьці дзе хочаце, можна правесьці ў Менску. Але найперш павінна адбыцца тое, што адбылося ў той жа Нямеччыне, калі большасьць людзей зразумелі, што яны былі падманутыя, што яны, можа быць, не хацелі, але ўдзельнічалі, нічога не казалі супраць, удзельнічалі ва ўсім гэтым жаху, які прынёс нацызм. Калі гэта адбудзецца ў мазгах, у разуменьні беларусаў, і возьмем шырэй усю постсавецкую прастору, то гэта павінна адбыцца, найперш у масавай сьвядомасьці. Але ў сёньняшніх умовах гэта немагчыма, улады чапляюцца за ўсё гэта.

Аляксей Знаткевіч: Ці важная гістарычная праўда для вашых песьняў? Ці вы арыентуецеся найперш на рэальныя падзеі, ці для вас важней нейкі міт Беларусі 20-х гадоў, гераізацыя? Ці песьня не абавязкова павінна адлюстроўваць гістарычную праўду?

У Беларусі, на жаль, гэта асацыяцыі з трактарамі і Лукашэнкам.

Павал Трублін: Усё ж песьня — гэта творчы працэс, зразумела, што туды ўплятаюцца ня толькі факты, але і вобразы. Другая рэч, што Беларусі на сёньняшні дзень вельмі не хапае арыенціраў на гістарычных дзеячаў. Зразумела, што ў часы Расейскай імпэрыі і СССР увесь гэты культурны пласт, інфармацыя пра гістарычных дзеячаў і падзеі зьнішчалася, усіх спрабавалі зрабіць роўнымі. Калі была Расейская імпэрыя, быў вельмі вялікі ўплыў з боку Расеі, за савецкім часам былі рэпрэсіі, зьнішчаўся ўвесь культурны слой. Альтэрнатыва была непатрэбная. І таму вельмі важна, каб гэтыя людзі, гэтыя героі паўсталі, каб беларусам было на каго раўняцца. Якую краіну не вазьмі, адразу адчуваеш культурныя асаблівасьці. У Беларусі, на жаль, гэта асацыяцыі з трактарамі і Лукашэнкам. Гэта вельмі нядобра.

Алесь Дзянісаў: Давайце скажам шчыра, большасьць людзей ня любіць і не дае рады мысьліць крытычна. Але калі мы будзем ствараць іншую Беларусь, трэба каб гэтыя міты не былі дубаломнымі, не было так, што проста чорнае стала белым, а белае — чорным. Да нашых некаторых герояў таксама ёсьць пытаньні, і пра гэта таксама трэба казаць. Так, быў чалавек, які рабіў для Беларусі, для ідэі, лічыў, што робіць для народу, але да яго ёсьць пытаньні, бо ўсе людзі могуць рабіць памылкі.

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

  • 16x9 Image

    Аляксей Знаткевіч

    Нарадзіўся ў вёсцы Дашкаўка Магілёўскага раёну. Скончыў Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўнівэрсытэт і Ўнівэрсытэт Паўночнай Караліны ў Чэпэл-Гіле (ЗША). Быў рэпарцёрам і рэдактарам інфармацыйнага агенцтва «БелаПАН», а таксама карэспандэнтам у Беларусі Інтэрнэт-часопісу «Transitions Online». Літаратурныя тэксты і пераклады з ангельскай і чэскай моваў друкаваліся ў часопісе Arche.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG