Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бюст Леніна, які хацелі ўрачыста адкрыць да 7 лістапада ў Глыбокім, стаіць неадрэстаўраваны


Пляны па ўсталяваньні помніка Леніну да 100-х угодкаў Кастрычніцкага перавароту агучыў пару месяцаў таму старшыня Глыбоцкага райвыканкаму Алег Морхат.

Выступаючы па мясцовым радыё, ён заявіў, што «гісторыю трэба цаніць», і ў райцэнтры мусіць быць ня толькі вуліца імя Леніна, але і помнік. А калі не помнік, то хаця б бюст правадыра. І, паколькі на новы скульптурны твор няма грошай, то хаця б стары, — але ў нейкім людным месцы.

Адпаведны аб’ект знайшоўся каля школы № 3, дзе тыповы бюст Леніна стаяў яшчэ з савецкіх часоў. Зьявілася ідэя перанесьці яго са школьнага двара на скрыжаваньне вуліцы Леніна з Інтэрнацыянальнай у невялічкі сквэр.

Мясцовы журналіст і актывіст Кастусь Шыталь напісаў да старшыні райвыканкаму адкрыты ліст:

«Няхай Алег Морхат не зьдзіўляецца, калі ўсталяваньне помніка Леніну выкліча публічны пратэст грамадзкасьці. Людзі, чые дзяды і прадзеды пацярпелі ад камуністычнага рэжыму, могуць успрыняць гэты ўчынак як асабістую абразу. Не зьдзіўляйцеся, калі ўбачыце, што падчас урачыстага адкрыцьця помніка, акрамя заплянаваных прамоваў, хтосьці з жыхароў Глыбокага скажа або пракрычыць пра тое зло, якое зрабіла нашым продкам камуністычная ўлада».

Прапановаў наконт пераўсталяваньня помніка Леніну больш не гучала. Вялікі бюст так і стаіць за кратамі на школьным двары. А на пляцоўцы, якая меркавалася пад яго, пасярод клюмбы тырчыць ліхтар.

На гэтае месца ўлады Глыбокага хацелі пераўсталяваць помнік Леніну да 7 лістапада 2017
На гэтае месца ўлады Глыбокага хацелі пераўсталяваць помнік Леніну да 7 лістапада 2017

Кастусь Шыталь ня мае ілюзій, што менавіта ягоны выступ паўплываў на пляны раённай адміністрацыі:

Кастусь Шыталь
Кастусь Шыталь

«Канешне, зварот ён прачытаў. Наколькі я ведаю, яму кладуць на стол усё, што пішуць у сеціве пра Глыбокае. Ці мог на яго паўплываць мой зварот, — не ведаю. Органы ўлады працуюць вельмі не празрыста. У нас няма самакіраваньня, мясцовую ўладу не выбіраюць, і ўлада ня мае ніякай справаздачнасьці перад грамадзкасьцю».

На месцы помніка Леніну ў Глыбокім цяпер Алея славутых землякоў
На месцы помніка Леніну ў Глыбокім цяпер Алея славутых землякоў

Глыбокае жыве «бязь Леніна» з 2012-га году: ранейшы помнік зьнесьлі, калі цэнтральную плошчу рэканструявалі да Дня пісьменства. Цяпер на гэтым месцы створана Алея славутых землякоў. Замест Леніна ўсталяваныя бюсты фальклярыста і мастака Язэпа Драздовіча, заснавальніка беларускага тэатру Ігната Буйніцкага, прэм’ер-міністра БНР Вацлава Ластоўскага ды іншых знакамітых ураджэнцаў краю.

Такі помнік Леніну раней стаяў у Глыбокім
Такі помнік Леніну раней стаяў у Глыбокім

У 2014-м годзе былі спробы сабраць сродкі на рэстаўрацыю старога помніка Леніну. Раённая газэта «Весьнік Глыбоччыны» надрукавала нумар адпаведнага рахунка. Алег Морхат адным зь першых пералічыў на яго мільён недэнамінаваных рублёў. Тады ж зьявілася думка, каб усталяваць абноўленага Леніна непадалёк ад малочна-кансэрвавага заводу. Аднак ані адрэстаўраваная скульптура, ані бюст у вызначаным месцы так і не зьявіліся.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG