Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Футбольны клюб БАТЭ прыняў рашэньне падаць пазоў на заўзятара Аляксандра Вянгерскага, які выбег на поле падчас матчу Лігі Эўропы ў верасьні. За гэта БАТЭ быў аштрафаваны Зьвязам эўрапейскіх футбольных асацыяцый на 5000 эўра, і цяпер клюб хоча спагнаць гэтыя грошы зь Вянгерскага.

У сваёй заяве БАТЭ піша, што «хоча такім чынам нагадаць усім заўзятарам аб недапушчальнасьці падобных паводзінаў на стадыёне і паказаць, што ў клюбу ёсьць прававыя мэханізмы, каб адрасна пакараць парушальнікаў грамадзкага парадку». Гэта той выпадак, калі «прававыя мэханізмы» ёсьць, а сораму — няма.

Гэта той выпадак, калі «прававыя мэханізмы» ёсьць, а сораму — няма.

Аляксандар Вянгерскі прабег з бел-чырвона-белым сьцягам праз футбольнае пад аплядысмэнты заўзятараў падчас паўзы, не замінаючы гульні. Яго скруцілі сьцюарды і перадалі міліцыі. Аляксандар кажа, што сьцюарды білі яго. Ён патлумачыў свой учынак жаданьнем папулярызаваць нацыянальную сымболіку, але суд даў яму 10 сутак арышту.

Галоўны трэнэр футбольнай зборнай Ігар Крывушэнка назваў гэтае пакараньне празьмерным. Але сам футбольны клюб вырашыў дадаць да арышту яшчэ і штраф 5 000 эўра. І тут ня той выпадак, калі клюб перажывае фінансавыя цяжкасьці і мае праблемы з выплатамі. БАТЭ фанабэрыста падкрэсьлівае, што ўвесь штраф, спагнаны ў выпадку станоўчага рашэньня суда, пойдзе на дабрачыннасьць.

Жывучы ў Беларусі, немагчыма ня бачыць, як людзі намагаюцца ўшанаваць бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня».

Жывучы ў Беларусі, немагчыма ня бачыць, як людзі намагаюцца ўшанаваць бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня». Пасьля таго, як нацыянальныя сымбалі замянілі на амаль савецкую сымболіку, за сьцяг хапалі і арыштоўвалі. Чуеце, прадстаўнікі БАТЭ? За шанаваньне гістарычнай сымболікі, што па праву зьяўлялася дзяржаўнай, вось ужо 22 гады арыштоўваюць, зьбіваюць, штрафуюць людзей!

Можна па-рознаму ставіцца да гэтага ўчынку Аляксандра Вянгерскага. Можна вітаць яго ці не падтрымліваць, але дабіваць яго штрафам пасьля зьбіцьця і 10 сутак арышту — гэта непрыстойна і нізка.

Не дабіваць Аляксандра Вянгерскага непад’ёмнымі для яго сумамі.

Таму каб не згубілі моц усе нацыянальна скіраваныя ініцыятывы БАТЭ, каб і найдалей можна было падтрымліваць адну з улюбёных камандаў, я магу параіць толькі адно: спыніць пазоў у суд. Не дабіваць Аляксандра Вянгерскага непад’ёмнымі для яго сумамі.

У любым разе грошы заплаціць грамадзкасьць. Але я думаю, што многія людзі аддадуць гэтыя грошы Аляксандру замест таго, каб купляць білеты на будучыя гульні БАТЭ.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG