Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Толькі ў 1956 годзе мой бацька атрымаў дакумэнты аб рэабілітацыі майго дзеда Абрама Дракахруста. У іх было пазначана — памёр у лягеры. Насамрэч ні да якога лягера дзед не даехаў. Арыштаваны 17 чэрвеня 1937 году як «вораг народу» ён быў расстраляны ў той жа год у чорную ноч 30 кастрычніка разам з дзясяткамі беларускіх пісьменьнікаў, партыйных работнікаў і афіцэраў.

Абрам Дракахруст
Абрам Дракахруст

18-гадовага хлопца з Херсоншчыны падняла і закруціла віхура рэвалюцыі. Пасьля лютаўскай рэвалюцыі — у чырвонай гвардыі ў Адэсе, кастрычніцкая рэвалюцыя, падпольная праца ў Адэсе, Чырвоная армія, Паўднёвы і Паўднёва-Заходні фронты грамадзянскай вайны.

Ці ведаў мой дзед, да чаго прывядзе справа, у якую верыў, за якую ваяваў?

Ці ведаў мой дзед, да чаго прывядзе справа, у якую верыў, за якую ваяваў? Цяпер не спытаеш. Для юнака, як па кніжках вывучыў грамату і пачаў працаваць у 10 гадоў, напэўна, ранейшы лад выглядаў не такім ужо і шчасьлівым, а будучы «новы сьвет» — царствам справядлівасьці і роўнасьці.

А хто падчас якой рэвалюцыі дакладна ведае, да чаго яна прывядзе?

Пасьля грамадзянскай — розныя вайсковыя пасады, вайскова-палітычная акадэмія імя Талмачова, у 1932-1937 гадах — начальнік палітаддзелу 5-й мэханізаванай брыгады Чырвоная арміі. Дыслякавалася брыгада ў Барысаве, гэта была адна з першых бранетанкавых савецкіх частак, камандзірам аднаго з батальёнаў брыгады быў Міхаіл Катукоў, пасьля вайны — маршал бранетанкавых войскаў СССР.

Складзіся лёс інакш, і Катукоў мог бы атрымаць чэкісцкую кулю ў патыліцу, як атрымаў дзед.

Складзіся лёс інакш, і Катукоў мог бы атрымаць чэкісцкую кулю ў патыліцу, як атрымаў дзед і большая частка камандзіраў той мэхбрыгады. Пашанцавала.

У тыя часы людзей забівалі і адпраўлялі ў Гулаг нават проста ні за што, па разнарадцы на «ворагаў народу». Абрам Дракахруст праходзіў па адмысловай справе «антыпартыйнай армейскай беларуска-талмачоўскай групоўкі». У Беларускай вайсковай акрузе служыла шмат афіцэраў, якія сканчалі вайскова-палітычную акадэмію ў Маскве. У 1928 годзе яны, навучэнцы акадэміі, у межах унутрыпартыйнай дыскусіі падпісалі плятформу з крытыкай асобных момантаў у палітыцы кіраўніцтва Чырвонай Арміі.

Ніякай рэальнай апазыцыяй тая плятформа не была, падпісанты пазьней і каяліся, самае зьяўленьне плятформы праз 11 гадоў пасьля рэвалюцыі было ўжо далёкім рэхам тых часоў, калі ў партыі яшчэ былі магчымыя спрэчкі прынамсі ў межах камуністычнай дактрыны.

Захоўваў партрэты «ворагаў народу».

Ну а ў 1930-я прыйшлі іншыя часы. І праз 9 гадоў прыгадалі. Там ужо ўсё ішло ў справу. Як распавядаў мне бацька, пры ператрусе перад арыштам дзеда сьледчыя знайшлі ў кватэры стос старых газэтаў, як у кожным доме ў тыя часы. А там трыбуна Маўзалея, а на ёй побач са Сталіным — ужо расстраляныя партыйныя і вайсковыя дзеячы: «Захоўваў партрэты «ворагаў народу». Можа дастаткова было б і гэтага, ну а ўжо калі была цэлая «антыпартыйная групоўка», то пра што казаць?

Жах сытуацыі палягаў у тым, што большасьць расстраляных 30 кастрычніка 1937 году, у тым ліку і мой дзед, і многія іншыя — расстраляныя, закатаваныя — былі насамрэч шчырымі камуністамі. Такім быў пераважна і цьвет беларускай літаратуры, зьнішчаны менавіта тады. Верылі.

Не змалола б сыстэма іх, сваіх, хто ведае, якой бы яна была. Але іншай яна нідзе не была — ні ва Ўсходняй Эўропе, ні ў Кітаі, ні на Кубе.

Касьцямі такіх, як вы, мы будзем угнойваць нашыя сацыялістычныя палі.

Паўсюль — і сваіх. Слой за слоем. Калі маю бабулю Рахіль пасьля арышту мужа выключалі з партыі, сакратар райкаму сказаў. «Касьцямі такіх, як вы, мы будзем угнойваць нашыя сацыялістычныя палі».

Празь некалі дзён, калі бабуля была ўжо ў барысаўскай турме НКВД, яна выпадкова убачыла там за кратамі і таго сакратара і крыкнула яму: «Дык чыімі касьцямі...?».

Сакратара расстралялі, бабуля атрымала 8 гадоў Карлагу як «член семьи изменника родины».

Зразумела, гэтая мясарубка нішчыла ўсіх: і сваіх, і несваіх, і апанэнтаў, і адэптаў, а ў большасьці — звычайны просты люд. Вялікі тэрор па вялікім рахунку не выбіраў і не разьбіраў.

Згубіўся, не знайшлі — ня ведаю.

Дарэчы, другі мой дзед — Мікалай Барысаў, таксама ваяваў у грамадзянскую, але на другім баку, у Сібіры ў Калчака. Чырвоны палон, уцёкі з палону ў Кітай, вяртаньне ў СССР, ціхае жыцьцё школьным настаўнікам фізыкі ў глухой правінцыі на Волзе. Згубіўся, не знайшлі — ня ведаю.

«Чырвонага» дзеда Абрама расстралялі, «белы» дзед Мікалай дажыў да глыбокай старасьці.

Гісторыя імпэрыі, гісторыя ілюзіі ў гісторыі адной сям’і.

Барані Бог, каб падобная віхура ізноў закружыла зямлю, дзе знайшоў сваю сьмерць Абрам Дракахруст.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG