Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Радуні адзначаць старадаўні шлях, якім праходзілі Ягайла і Барбара Радзівіл


Ледавіковыя валуны і касьцёл у Радуні

У старажытным мястэчку Радунь на тэрыторыі цяперашняга Воранаўскага раёну адзначаць памятным знакам маршрут, якім на каранацыю ў Кракаў выправіўся зь Вільні вялікі князь літоўскі Ягайла.

Пазьней гэтым шляхам, названым у гонар «першапраходца» Ягелонскім, карысталіся і іншыя тутэйшыя і эўрапейскія манархі. Таксама дасьледчыкі не выключаюць, што менавіта гэтай дарогай дабіраўся ў Кракаў і беларускі першадрукар Францішак Скарына.

Вільня — Кракаў: шлях да каранаваньня

У эўрапейскіх дыпляматычных дакумэнтах афіцыйнае азначэньне «літоўскага (польскага) каралеўскага тракту» зьявілася ў канцы XIV стагодзьдзя. Нягледзячы на тое, што значная частка маршруту пралягала праз сучасныя беларускія землі, іх насельнікі пра гэты гістарычны пэрыяд практычна нічога ня ведаюць.

Стэнд зь вялікімі князямі ВКЛ у краязнаўчым музэі Радуні
Стэнд зь вялікімі князямі ВКЛ у краязнаўчым музэі Радуні

Ідэя мэмарыялізацыі для свайго часу, безь перабольшаньня, стратэгічнага тракту належыць настаўніку з Радуні, арганізатару і дырэктару школьнага гісторыка-краязнаўчага музэю і музэю ледавіковых валуноў Івану Фясенку.

Іван Фясенка ў школьным краязнаўчым музэі
Іван Фясенка ў школьным краязнаўчым музэі

«Радунь мае глыбокую і цікавую гісторыю, — апавядае Свабодзе спадар Фясенка. — У тым ліку праз наша мястэчка праходзіў старадаўні каралеўскі тракт, які злучаў сталіцы дзьвюх буйных дзяржаў — Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага. Паводле пісьмовых крыніцаў віленскага таварыства князёў і баяраў, намі, у прыватнасьці, высьветлена: у 1385 годзе вялікі князь літоўскі Ягайла ехаў гэтым шляхам на каранаваньне ў Кракаў, а праз два гады вяртаўся ў Вільню ўжо як польскі кароль Уладзіслаў ІІ».

Экспанаты радунскага музэю, прысьвечаныя ВКЛ
Экспанаты радунскага музэю, прысьвечаныя ВКЛ

Паводле згаданых хронік, улетку 1415 году Ўладзіслаў ІІ гэтым жа шляхам ехаў праз Камянец, Кобрынь, Ваўкавыск, Радунь у Трокі — сёньняшні літоўскі Тракай. А ў 1449-м вялікі князь літоўскі і кароль польскі Казімір IV Ягайлавіч праз Радунь, Васілішкі, Эйшышкі рушыў з Кракава ў Вільню.

Экспанаты радунскага музэю, прысьвечаныя ВКЛ
Экспанаты радунскага музэю, прысьвечаныя ВКЛ

У 1517 годзе гэты каралеўскі тракт згадваў вядомы нямецкі падарожнік, дыплямат, барон Гербэрштэйн. У прыватнасьці, ён даў найбольш поўны сьпіс усіх прыпынкаў. Згодна зь пералікам, па тагачаснай беларускай тэрыторыі пасьля Берасьця, Камянца, Ваўкавыску дарога шла праз Пескі, Масты, Шчучын, Васілішкі, Радунь, Эйшышкі, Руднікі, Вільню. Прычым маршрут праз Радунь самы працяглы — 5 міляў супраць 4 нават у Вільні.

«У часы вялікага князя літоўскага і караля польскага Жыгімонта І Старога шлях атрымаў назву Каралеўскага тракту, — працягвае Іван Фясенка. — Дарэчы, гэты манарх неаднаразова наведваў Радунскі замак. Напрыклад, ёсьць зьвесткі, што ўлетку 1535 году разам зь ім зь Вільні прыехала ягоная жонка, вялікая княгіня літоўская і каралева польская Бона Сфорца, а таксама іх сын Жыгімонт ІІ Аўгуст. Менавіта ў Радуні Жыгімонт І атрымаў грамату ад вялікага гетмана ВКЛ Юрыя Радзівіла, у якой паведамлялася аб перамозе княскіх войскаў і ўзяцьці Гомля».

Замкавыя валы ля цяперашнай вёскі Гарадзішча
Замкавыя валы ля цяперашнай вёскі Гарадзішча

У кастрычніку 1536 году гэтым жа шляхам Жыгімонт І Стары чарговы раз прыехаў у Радунскі замак, дзе ў прысутнасьці сьведкаў была падпісана дамова аб шлюбе Барбары Радзівіл і Станіслава Гаштольда.

Цяпер пра сярэднявечны замак на ўскрайку вёскі Гарадзішча нагадваюць толькі высокія земляныя валы.

Тэрыторыя замку абсталяваная пад вясковы стадыён
Тэрыторыя замку абсталяваная пад вясковы стадыён

Княства — Карона: вярнуць гістарычную памяць

Маршрут тракту, адноўлены польскімі дасьледчыкамі
Маршрут тракту, адноўлены польскімі дасьледчыкамі

Каралеўскі тракт стаўся сьведкам шматлікіх гістарычных падзеяў, аднак ужо ў канцы XVI стагодзьдзя паступова адыходзіць на задні плян — зьяўляюцца новыя, больш зручныя дарогі да Вільні. Тым ня менш, на перакананьне Івана Фясенкі, дзьве сотні гадоў на службе грамадзтву заслужылі таго, каб годна нагадаць пра шлях нашчадкам.

«У краязнаўцаў, у тым ліку і ў мяне, узьнікла лягічная патрэба ўшанаваць старажытны каралеўскі тракт памятным знакам, — гаворыць суразмоўца. — Як я ўжо казаў, па ім у свой час праяжджалі найвядомейшыя палітычныя, вайсковыя дзеячы ВКЛ, Польскай Кароны, іншых дзяржаў. У 1551 годзе праз мястэчка Радунь вялікі князь літоўскі і кароль польскі Жыгімонт ІІ Аўгуст правозіў труну з парэшткамі памерлай жонкі каралевы Барбары. Яна, яшчэ раз акцэнтую, наўпрост зьвязаная з Радунскім замкам».

Як кажа Іван Фясенка, памятны знак Віленскаму шляху ў Радуні будзе ўсталяваны побач з музэем ледавіковых валуноў, недалёка ад мясцовага касьцёла. Цяпер пра абрысы старадаўняй дарогі нічога не нагадвае, але, згодна з дасьледаваньнямі, праходзіла яна менавіта тут.

Месца, дзе зьявіцца памятны знак
Месца, дзе зьявіцца памятны знак

Што ўяўляў сабой каралеўскі шлях № 1? Была гэта брукаванка ці проста ўтрамбаваная глеба? І ці існавала адмысловая «дарожная служба», якая займалася падтрыманьнем «інфраструктуры» у адпаведным стане?

Побач з трактам — музэй ледавіковых валуноў
Побач з трактам — музэй ледавіковых валуноў

«Па тым часе быў аналяг аўтабана, — кажа Іван Іванавіч. — Каралеўскі тракт — значыць, дзяржаўнай важнасьці, тым больш пралягаў паміж дзьвюма сталіцамі. Наколькі вядома, ахоўваўся ён падразьдзяленьнямі татараў. За тэхнічным станам дарогі таксама пастаянна наглядалі. У навакольлі Радуні жылі борці, выхадцы з пямёнаў на прускіх землях. Яны служылі ў артылерыі ВКЛ, таксама ў іх абавязак уваходзіла будаўніцтва і рамонт, пракладка гаці і г.д. Бо было не каменнае пакрыцьцё, а шырокая ўтрамбаваная дарога са сьцёкавымі адводамі. Выкарыстоўвалая яна і ў іншых мэтах — адбываўся і гандаль, і пошту перавозілі, і войскі перасоўваліся. Рэшткі засталіся ў раёне Місевічаў, кілямэтраў 25 ад Радуні. Пазьней туды падклалі камянёў, забрукавалі».

Радунь — Эйшышкі: злучыць памежжа

На тэрыторыі сучаснай Польшчы, празь якую пралягаў значны адрэзак гістарычнага тракту, асобныя ўчасткі ўжо вернутыя ў турыстычны абарот. Як згадвае суразмоўца, 10 гадоў таму ў Радунь наведаліся ўдзельнікі роварнага прабегу, якія паставілі за мэту прайсьці шляхам колішніх манархаў.

Знак у гонар роварнага прабегу па каралеўскім тракце
Знак у гонар роварнага прабегу па каралеўскім тракце

«У 2006 годзе студэнты і выкладчыкі Кракаўскага ўнівэрсыэтэту, наведаўшы Люблін, Берасьце, Масты, Шчучын, спыніліся ў нас. Дарогай да іх далучыліся навучэнцы і пэдагогі берасьцейскіх ВНУ. Дык цікава: пакуль ехалі дарогамі Бересьцейшыны і Гарадзеншчыны, у каго не запытвалі, ніхто пра тракт ня ведаў. І толькі ў нашым музэі я ім паказаў на мапах маршрут, які пачынаўся зь Вільні і скіроўваўся ў бок Польшчы. Дарэчы, былі і іншыя ваенныя, гандлёвыя шляхі, якія бралі пачатак у сталіцы княства. Усьцешыла, што ў нашых заходніх суседзяў ужо ладзіцца шмат экскурсій. І, паколькі побач цікавыя мясьціны, турысты ахвотна іх наведваюць».

Музэйная шыльда з гербам Радуні
Музэйная шыльда з гербам Радуні

Нарэшце першы крок мяркуецца зрабіць і ў Беларусі. Як расказаў Іван Фясенка, на памятным знаку, прымацаваным на адным з валуноў, будзе выбіты наступны надпіс:

«Старадаўні Каралеўскі (Ягелонскі) тракт, вядомы ў ВКЛ і Польшчы з 1386 году. Злучаў Кракаў і Вільню. У 1551 годзе па гэтым тракце празь мястэчка Радунь Жыгімонт ІІ Аўгуст, кароль польскі і вялікі князь літоўскі, правозіў труну з парэшткамі памерлай жонкі — каралевы Барбары».

Іван Фясенка з мапай ягелонскага шляху
Іван Фясенка з мапай ягелонскага шляху

«Дагэтуль на тэрыторыі Беларусі тракт ня быў абазначаны. Таму будзем першымі. Таксама маем ідэю дамовіцца зь літоўскімі сябрамі, каб яны са свайго боку праводзілі турыстычныя групы зь Вільні да Эйшышак, мы іх „падхоплівалі“ ня мяжы, знаёмілі зь гісторыяй Радуншчыны, суправаджалі да Васілішак і далей да Шчучына. Такім чынам, шлях можна аднавіць у поўным аб’ёме — ад Вільні да Кракава. Культурна-гістарычны маршрут, які злучыць нашы братнія народы — беларускі, літоўскі, польскі. Бо калі палякі ад 2009 году ўжо праводзяць экскурсіі на ўчастках ад Кракава да Любліна і да мяжы зь Беларусьсю, то беларускі і літоўскі кавалкі пакуль не задзейнічаныя. Таму хочам разьвіваць турызм, выкарыстоўваючы рэсурс каралеўскіх шляхоў».

Парэшткі радунскага замка, дзе гасьцявалі каралеўскія асобы
Парэшткі радунскага замка, дзе гасьцявалі каралеўскія асобы

Як удакладняе спадар Фясенка, праз тэрыторыю Воранаўшчыны праходзіў яшчэ адзін знакавы каралеўскі тракт. Маршрут пачынаўся зь Вільні і пралягаў праз Салечнікі (цяпер літоўскі Шальчынінкай), Беняконі, Жырмуны, Ліду, Наваградак. Далей ён збочваў на Берасьцейшчыну і ўжо адтуль — на Кіеў і Падольле.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG